The Insider: ГРУ раней атруціла газам «Навічок» балгарскага бізнесоўца


Емельян Гебрэў. Фота - theins.ru

The Insider і Bellingcat паведамляюць, што трэці (разам з Пятровым і Башыравым) удзельнік замаху ў Солсбэры, які хаваецца пад імем Сяргей Фядотаў, быў звязаны з іншым атручваннем з ужываннем рэчываў з класу«Навічок». Гаворка ідзе пра замах на балгарскага прадпрымальніка Емяльяна Гебрэва ў красавіку 2015 года.

Сваё агентурнае імя Фядотаў, як і Чапіга з Мішкіным, атрымаў у 2010 годзе і ў наступныя 8 гадоў актыўна падарожнічаў па Еўропе і Сярэдняй Азіі, часцяком загадзя з’яўляючыся ў месцах, дзе адбываліся важныя палітычныя падзеі. Як атрымалася высветліць The Insider і Bellingcat, Фядотаў таксама наведваў Балгарыю роўна ў тыя дні, калі там быў атручаны мясцовы прадпрымальнік Емяльян Гебрэў. Прычым – як устанавіла экспертыза – ён быў атручаны рэчывам класа «Навічок».

24 красавіка 2014 года Фядотаў прыляцеў з Масквы ў курортны балгарскі горад Бургас. У яго быў зваротны квіток на 30 красавіка, але ўжо ўвечары 28-га ён апынуўся ў Стамбуле, дзе тэрмінова купіў квіток у Маскву. Раней у гэты дзень прадпрымальнік Емяльян Гебрэў быў шпіталізаваны, пасля таго як страціў прытомнасць на прыёме, які ён ладзіў у Сафіі. Прыкладна ў той жа час дрэнна сябе адчулі сын Гебрэва і адзін з топ-менеджараў ягонай кампаніі. Усіх траіх шпіталізавалі з сімптомамі цяжкага атручвання. Лабараторыя Хельсінскага ўніверсітэту, якая спецыялізуецца на хімічнай зброі, змагла ўсталяваць сляды, якія сведчылі пра тое, што прадпрымальніка спрабавалі забіць нервова-паралітычным рэчывам класу «Навічок».

Праз месяц Гебрэў выйшаў з комы, яму стала лепш. Пазней ён распавёў Bellingcat і The Insider, што ў траўні яго стан зноў рэзка пагоршыўся і ён зноў трапіў у шпіталь. Так супала, што ў траўні Фядотаў вяртаўся ў Балгарыю і зноў паляцеў не зваротным рэйсам, які быў ужо замоўлены, а зрабіўшы крук праз Сербію.

На пытанне , чаму ён мог прадстаўляць цікавасць для ГРУ, Гебрэў адказаў, што бачыць толькі два магчымыя матывы: па-першае, ягоная кампанія пастаўляла зброю ва Украіну, а па-другое, Расея магла прэтэндаваць на збройны завод, які знаходзіўся пад кантролем ягонай кампаніі.

Трэці атрутнік Скрыпаляў заставаўся некаторы час у Вялікай Брытаніі

ІІ, belsat.eu, паводле theins.ru

Глядзі таксама
Каментары