Тэст – шпіталь – каранцін – тэст – каранцін... Да пераможнага выніку!


Ад бяды кіем не абаронішся, а ў сувязі з эпідэміяй каронавіруса – і ад шпіталю. Belsat.eu паразмаўляў з менчукамі Філіпам і Валерыяй, якія ў стацыянары прайшлі тэсты на каронавірус і трапілі ў пастку. Яны падзяліліся ўражаннямі наконт уласнай сітуацыі ды гатовасці сістэмы аховы здароўя да магчымай эпідэміі.

Філіп – працуе ў кампаніі, якая займаецца рэкламай, Валерыя – прадпрымальніца-фрылансэрка. Год таму ў падобнай сітуацыі яны б лячыліся спрэем для горла і наўрад ці звярнуліся па дапамогу медыкаў. Нетыповая сёлетняя сітуацыя прывяла іх на абследаванне на каронавірус.

Як і калі вы патрапілі ў шпіталь?

Менскі скурвендыспансер. Фота герояў публікацыі

Пачалося з таго, што я пачуваўся дрэнна ў працы 12 сакавіка, – кажа Філіп. Адпрасіўся да хаты, дзе градуснік паказаў 37,2. Да панядзелка я паправіўся і вярнуўся на працу. Але ў панядзелак 16 сакавіка тэмпература да 37,5 паднялася ўжо ў маёй жонкі і то трымалася, то знікала на працягу 5 дзён. У пятніцу 20 сакавіка ў яе з’явіўся кашаль і адчуванне цяжкасці ў грудзях. Наступнага дня мы звярнуліся ў медцэнтр «ЛОДЭ», дзе нас выслухалі і параілі выклікаць «хуткую».

Доктарка з хуткай дапамогі спісала сімптомы і запыталася, дзе былі апошнім часам і з кім кантактавалі. Адказалі, што 16 лютага вярнуліся з Грузіі. Жонка – фрылансэрка, таму пераважна знаходзіцца дома, а ў мой звычайны маршрут «дом-спартовая зала-праца-дом». У працы ёсць людзі, якія прыязджалі з замежжа, хварэлі, але афіцыйна носьбітам віруса ніхто не з’яўляўся. Доктарка прапанавала памераць тэмпературу. У жонкі была 37,1, а ў мяне 37,6 (што мяне вельмі здзівіла, таму што я адчуваў сябе нармалёва). Гэтак мы трапілі ў сталічны Скурна-венералагічны дыспансер на вуліцы Прылукскай, частка якога была абсталяваная для пацыентаў з падазрэннем на каронавірус. У гэты дзень сюды завозілі кантактаў 2 узроўню і асобаў, якія прыехалі з замежжа і мелі сімптомы прастуды. Па словах медперсаналу, шосты паверх, куды нас паклалі, забіўся за дзень.

Як вас афармлялі ў прыёмнай?

У скурвендыспансеры. Фота герояў публікацыі

Дзверы нам адчыніла жанчына ў спецыяльным адзенні (дарэчы, гэтак выглядаў увесь медперсанал). Па аднаму праводзілі на рэгістрацыю (у кабінеце сядзеў доктар і медсястра). Нам памералі тэмпературу, перапісалі пашпартныя звесткі, яшчэ раз запыталіся пра нашае самаадчуванне і паездкі. Пасля занясення інфармацыі ў базу, медсястра завезла нас на 6 паверх. Там нас размеркавалі ў розныя палаты. Прыкладна праз гадзіну паклікалі ў агульны калідор, дзе зрабілі мазок з носа і горла (тэст) на каронавірус. Паведамілі, што на вынік будзем чакаць каля содняў, і калі вірус не выявіцца, нас адправяць да хаты.

Лекарка дэманструе тэст-камплект для праверкі на заражэнне каронавірусам.
Фота: Stanislav Krasilnikov / TASS / Forum

Чым адрознівалася вашае аддзяленне ад звычайнага?

Тут цяжка адказаць, таму што мы не частыя госці ў такіх установах. Палаты выглядалі як блок у інтэрнаце: у блоку дзве палаты (адна на 2 месцы, другая на 5), прыбіральня і душ. То бок санвузел не агульны на паверх, як у шматлікіх іншых шпіталях, а ў кожным блоку свой. Ежу нам прывозілі ў палату, у аднаразовых кантэйнерах і з аднаразовым посудам.

Ці давалі нейкія прафілактычныя лекі?

У дзень паступлення нам толькі мералі тэмпературу. У нядзелю нас аглядаў дзяжурны доктар. Валерыі выпісаў нейкія лекі ад кашлю. Мне нейкую таблетку прынеслі толькі ў апошні дзень, хаця трэба сказаць, што ў нядзелю і далей тэмпературы і праяваў прастуды ў мяне не было. То бок у суботу і нядзелю да вечара мы проста чакалі ў палатах. Хаця ў суседняй палаце ляжалі дастаткова хворыя людзі, у якіх была высокая тэмпература і моцны кашаль. Ім рабілі ўколы і давалі лекі. Туалет і душ у нас з імі быў агульны, што маральна напружвала.

Ці палаты неяк дэзынфекаваліся?

Фота герояў публікацыі

Па апрацоўванні палаты, як мне здаецца, усё добра. Раз на дзень да нас прыходзіла жанчына, якая мыла падлогу і апрацоўвала ўсю палату антысептычнымі сродкамі. Спецыяльнае адзенне меў ўвесь персанал. Але вось што дзіўна. Дактарам выдалі бескантактавыя прыборы, якія замяраюць тэмпературу (пірометры). І некаторыя з іх працавалі няправільна.

Таму нас папрасілі, каб мы напісалі знаёмым і тыя нам перадалі асабістыя тэрмометры. А калі ў каго не было такой магчымасці – у тамбуры на тумбе паклалі электрычны тэрмометр і антысептычныя ватныя дыскі. І пакінулі лісток.

Гэта ўсё выглядала прыкладна так: кожныя 3 гадзіны мы мералі тэмпературу сваім тэрмометрам, або тым, што ляжаў на тумбе ў агульным тамбуры, запісвалі паказанні на лісток, а ўвечары прыходзілі медсёстры і замяралі тэмпературу пірометрам самі. Я не ведаю, чаму так. Ці пірометры не зусім дакладныя, ці проста яны баяліся і такім чынам стараліся зменшыць кантакт з намі. Дарэчы, у палаце быў рукамыйнік і вадкае мыла, але не было антысептыкаў, таму разам з градуснікам мы атрымалі сродкі гігіены ад сяброў.

Фота герояў публікацыі

Як выглядаў рэжым у палатах у сувязі з каранцінам?

Мы не мелі права выходзіць з блоку на агульны калідор. 24 гадзіны на дзень меліся насіць маскі. Ежу забіралі ў агульным тамбуры, выходзілі туды памаднаму. Гэтак і тэмпературу мераць хадзілі па аднаму ў тамбур. Нельга было заходзіць у суседнюю палату блока. Па магчымасці мы павінны былі трымаць дыстанцыю ад суседзяў па палаце. Маскі нам давалі па дзве на дзень. Мне падаецца, што гэта вельмі мала. Асабліва для тых, хто моцна кашляе і чхае.

Сустрэцца з сябрамі і роднымі нельга. Але перадачы атрымліваць можна штодзень з 8 ранку да 8 вечара. Унізе дзяжурыў міліцыянт, які прымаў перадачы (але не правяраў, таму што нашая перадача была засталася заматаная ў харчовую плёнку). Перадачы прыносіў медперсанал.

Ці можна вам было мець зносіны паміж сабой? Куды можна было выходзіць?

З жонкай мы размаўлялі толькі праз інтэрнэт ці тэлефанавалі адзін аднаму. Выходзіць з блоку нельга.

Сярод медыкаў ёсць чуткі ці прызнакі панікі?

Фота герояў публікацыі

Панікі не адчувалася, але першыя два дні было ўражанне, што персанал нас асцерагаецца, таму мінімізавалі кантакты без патрэбы, а таксама рабілі ўсё максімальна хутка і на дыстанцыі. Хаця былі ў спецыяльнай вопратцы. Але на чацверты дзень ужо неяк звыкліся баяліся менш. З дактарамі, якія да нас заходзілі, такой праблемы не было. Што датычыць размоваў, то я не чуў ніякай інфармацыі, размаўлялі коратка і па справе.

Як было з вольнымі месцамі ў палатах?

Вольных месцаў у нашым боксе не было, у боксе жонкі – толькі адзін вольны ложак.

Hавiны
У свеце больш за 20 тысячаў ахвяраў каронавірусу
2020.03.26 07:49

На ваш погляд, нашыя шпіталі гатовыя маральна і фактычна да магчымай эпідэміі?

Выклікае пытанне, чаму сімптаматычна хворыя і бессімптомныя ляжаць разам, у некаторых палатах па 5 чалавек. У мяне была палата на дваіх. Дзе гарантыя, што я, напрыклад здаровы, а мой сусед, які толькі прыляцеў з Іспаніі і тэмпературыць, не мае каронавірусу? Падхапіць вірус можна лёгка ў лякарні, калі ты нават здаровы (масачны рэжым не ратуе на 100% ад хваробы). Тым не менш, медыкі – малайцы! Ветлівыя, добразычлівыя, на словах заўжды стараліся падтрымаць.

Тое, што ад іх залежала, рабілі добра і прафесійна. Але калі сітуацыя пагоршыцца, на адных лекарах далёка не паедзеш, трэба прымаць захады на больш высокім узроўні. Логіка з ізаляцыяй у шпіталях патэнцыйна хворых – правільная, але арганізацыя, як мне падаецца, кульгае.

Колькі вы праляжалі ў шпіталі? Чаму так доўга вам не казалі пра вынікі аналізаў?

Вынікі тэста – гэта ўвогуле жах. Мы яго чакалі 5 дзён. Спачатку нас «кармілі сняданкамі», што дакладна будзе заўтра. І так кожны дзень. Потым, праз усеагульную незадаволенасць мы «выбілі» нумар лабараторыі, якая апрацоўвае нашыя тэсты. І толькі там даведаліся, што мазкі тэстаў за наш дзень здачы (21-22 сакавіка) спраўдзяць на 5 дзень, бо мазкоў вельмі шмат, а ў першую чаргу апрацоўваюцца крытычныя выпадкі. У рэшце рэшт мы выпісаліся на 5 дзень, бо добра сябе адчувалі, а позна ўвечары пацвердзілася, што здаровыя.

Hавiны
Урад Беларусі загадаў адправіць на каранцін усіх, хто прыехаў з-за мяжы
2020.03.26 14:24

Як вам дазволілі выпісацца?

Мы баяліся завіснуць з патэнцыйна хворымі на доўгі тэрмін. Дзеля таго, каб «вызваліцца», нам было патрэбна напісаць распіску аб тым, што мы самавольна пакідаем шпіталь для самаізаляцыі ўдома, што ўся адказнасць падае на нашыя плечы. На наступны дзень трэба было выклікаць доктара з паліклінікі на дом, каб ён вырашыў, як нам далей быць. Нягледзячы на адмоўны тэст, мусім два тыдні адбыць на хатнім каранціне, бо тэарэтычна маглі кантактаваць з хворымі на каронавірус у шпіталі! Праз 2 тыдні нам трэба будзе зрабіць паўторны тэст, і далей сядзець пад замком да ягоных вынікаў.

  • Згодна са звесткамі Минздароўя, колькасць захварэлых на выкліканую каронавірусам хваробу COVID-19 у Беларусі павялічылася да 94, асобы і 32 з іх – вылекаліся. Тэст прайшлі агулам 24 тыс чалавек.

АД Belsat.eu

Стужка навінаў