Пасля атак у Саудаўскай Аравіі рэзка выраслі кошты на нафту


Пасля атак на нафтавыя аб’екты ў Саудаўскай Аравіі рэзка выраслі кошты на нафту. Пра гэта паведамляе «Bloomberg».

Праз секунды пасля адкрыцця Лонданскай біржы ф’ючарсы на нафту маркі «Brent» выраслі адразу на $ 12. У выніку кошт барэлю перавысіў цану ў $ 71.

Цана нафты можа рэзка падскочыць – і вось чаму

ЗША рыхтуюцца да адказу

Амерыканская адміністрацыя абмяркоўвае магчымасць сурʼёзнага ваеннага адказу на атаку, паведамляе «The Washington Post».

Паводле выдання, прэзідэнт ЗША Доналд Трамп таксама ўжо сустрэўся з міністрам абароны. Разам з тым некаторыя ў амерыканскай адміністрацыі заклікаюць да стрыманасці.

Раней Трамп напісаў у «Тўітэры», што ЗША «знаходзяцца ў поўнай баявой гатовасці» і чакаюць меркаванняў Эр-Рыяда адносна таго, хто арганізаваў напад.

У выніку атакі беспілотнікаў з выбухоўкаю на радовішчы Хураіс і Абкаік, праведзенай увечары 14 верасня, здабыча нафты ў Саудаўскай Аравіі скарацілася на 5 мільёнаў барэляў у суткі. Гэта прыкладна 5 % усёй нафты, якая здабываецца ў свеце.

Эр-Рыяд ацэньвае, што ў выніку пажару на радовішчах нацыянальнай кампаніі «Aramco», здабыча нафты скароціцца ўдвая. Адказнасць за напад на сябе ўзяў еменскі рух хусітаў. Дзяржсакратар ЗША Майкл Пампэёў усклаў адказнасць за атакі на Іран.

МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары