Тэрарыст з Ніцы ўзяў цяжкавік у арэнду ды адмыслова манеўраваў у натоўпе, каб забіць больш людзей


Цяжкавік, на якім тэрарыст увечары 14-га ліпеня заехаў у натоўп у Ніцы, быў узяты ў арэнду некалькі дзён таму.

Пра гэта паведамляе «Le Figaro» са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Грузавы аўтамабіль, паводле выдання, быў арандаваны на поўдні Францыі, недалёка ад Ніцы. Пра канкрэтнае паселішча ды імя таго, хто арандаваў аўтамабіль, не паведамляецца.

Акрамя таго, выданню стала вядома, што цяжкавік, пасля таго, як урэзаўся ў натоўп, здзейсніў шэраг манеўраў, якія сведчаць аб тым, што кіроўца спрабаваў дамагчыся максімальнага ліку ахвяр.

Увечары 14-га ліпеня цяжкавік праехаў каля 2 км у натоўпе, які сабраўся святкаваць Дзень узяцця Бастыліі на Англійскай набярэжнай у Ніцы. Загінулі, паводле звестак на раніцу 15 ліпеня, 84 чалавекі.

Кіроўца грузавіка быў застрэлены паліцыяй. Паводле неафіцыйных дадзеных, тэрарыст адкрыў па паліцыянтах стральбу, пасля чаго быў знішчаны. У аўтамабілі, паводле папярэдняй інфармацыі, былі знойдзеныя дакументы на імя 31-гадовага выхадца з Тунісу, які пражываў у Ніцы. Гэты чалавек, як паведамляецца, трапляў у поле зроку паліцыі за правапарушэнні.

Глядзіце яшчэ >>> Салідарныя з Францыяй. Кіраўнікі краінаў выказаліся пасля тэракту 

МЯ, паводле meduza.io

Стужка навінаў