Тэракты ад Лукашэнкі і Год народнага адзінства. 149-ы дзень пратэстаў у Беларусі


4 студзеня, 149-ы дзень штодзённых паслявыбарных пратэстаў, падыходзіць да заканчэння ў Беларусі. Пры гэтым ён набыў шырокі розгалас у свеце.

Новыя злівы ад сілавікоў

Беларускі народны трыбунал апублікаваў аўдыязапіс нарады, якая прайшла 11 красавіка 2012 года імаверна ў кабінеце старшыні КДБ. Падчас гутаркі чалавек з голасам падобным на голас тагачаснага кіраўніка КДБ Вадзіма Зайцава абмяркоўвае з прадстаўнікамі спецназу «Альфа» аперацыі супраць апанентаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі за мяжой.

EUObserver адзначае, што напады спецслужбаў Лукашэнкі ў Нямеччыне не адбыліся, але аўдыязапіс, на якім абмяркоўваюцца атакі, «паказвае небяспеку, якую для дзяржаваў ЕЗ уяўляе рэжым-ізгой».

Як адзначае ў гутарцы імаверна Зайцаў, задачу арганізаваць палітычныя забойствы паставіў перад КДБ асабіста Лукашэнка і вылучыў на гэтыя патрэбы $ 1,5 млн. На нарадзе абмяркоўваецца выкарыстанне ядаў, выбуховых рэчываў, паломак аўтамабіля для дасягнення пастаўленых задачаў. У тым ліку абмяркоўваюцца і патэнцыйныя цэлі для забойстваў. У Нямеччыне цэлямі абвяшчаюцца Алег Алкаеў, Уладзімір Барадач і Вячаслаў Дудкін. У Расеі – журналіст Павел Шарамет. У тым ліку на запісы абмяркоўваецца спосаб забойства Шарамета – ставіцца задача яго падарваць. Нагадаем, Павел Шарамет быў забіты 20 ліпеня 2016 года ў цэнтры Кіева – у яго аўтамабілі спрацавала бомба. Цікава, што суаўтарка расследавання забойства Паўла Шарамета, журналістка праекту «Hromadske.tv» «Слідство.Інфо» Ганна Бабінец распавядала «Белсату», што, паводле непацверджанай інфармацыі, жанчына, якая закладала выбухоўку ў машыну Шарамета, магла прыехаць ва Украіну з Беларусі.

Паводле Нацпаліцыі Украіны, дакументы і аўдыязапісы, апошнія з якіх датаваныя 2012 годам, ужо перададзеныя следству і ўяўляюць цікавасць для пошуку замоўнікаў забойства.

Новыя рэпрэсіі ў Год адзінства

Беларускія ўлады на гэтыя звесткі традыцыйна ніяк не адрэагавалі. Між тым генеральны пракурор Андрэй Швед распавёў, што паведаміў Лукашэнку пра вынікі пераследу ўсіх удзельнікаў «масавых закалотаў» – менавіта так улады называюць мірныя пратэсты.

Аляксандр Лукашэнка і Андрэй Швед.
Фота: president.gov.by

На даручэнне Лукашэнкі Генеральная пракуратура таксама распрацавала прапановы для змянення заканадаўства. Адказнасць за парушэнне грамадскай бяспекі плануецца зрабіць больш жорсткаю.

Зрабіць гэта плануецца ў Год народнага адзінства, які абвесціў на 2021 год Лукашэнка.

Пратэсты працягваюцца

Акцыя пенсіянераў у Менску 4 студзеня.
Фота: TUT.by

Нягледзячы ні на што пратэсты ў Беларусі працягваюцца. Сёння, у панядзелак, прайшла ўжо традыцыйная акцыя пенсіянераў. З прычыны пераследу з боку сілавікоў удзельнікі Маршу мудрасці збіраліся шыфроўкамі і таемна.

Сваю акцыю яны зладзілі ў выглядзе акцыі салідарнасці каля станцыі метро «Усход» у Менску.

Праходзілі акцыі і ў іншых месцах ды іншых фарматах.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў