Тэракт у Іраку: загінула больш за 50 чалавек


Выбух адбыўся ў іракскім горадзе аль-Хіля каля кантрольна-прапускнога пункту, дзе сабралася акурат некалькі дзясяткаў аўтамабіляў.

Больш за 50 чалавек загінулі ад выбуху аўтамабільнай цыстэрны, начыненай выбухоўкай, у КПП на ўездзе ў горад аль-Хіля, што ў 100 км на поўдзень ад Багдаду, паведамляюць прадстаўнікі іракскіх уладаў.

Паводле некаторых звестак, 39 з загінулых былі мірнымі жыхарамі, астатнія ахвяры – паліцыянты. Дзясяткі чалавек атрымалі раненні.

Як кажуць прадстаўнікі афіцыйнага Багдаду, цягам апошняга месяца падобныя напады пачасціліся, у выніку нападаў экстрэмістаў-самагубцаў загінула больш за 100 чалавек.

Самыя апошнія атакі выконвалі баевікі экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава». Адказнасць за гэты тэракт таксама ўзяла гэтая групоўка, падае іракскі тэлеканал «Alsumaria».

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў