Тэнісіст Максім Мірны завершыў кар'еру


Самы вядомы і самы тытулаваны беларускі тэнісіст Максім Мірны завершыў спартыўную кар’еру. Пра гэта паведаміў сам тэнісіст у адкрытым лісце, што апублікаваны на сайце Беларускай федэрацыі тэнісу.

«Я хачу паведаміць сёння, я прыняў рашэнне аб тым, што 2018 год быў маім апошнім сезонам у прафесійнай карʼеры. Гэта было цяжкае для мяне рашэнне, улічваючы, што тэніс зʼяўляецца маім жыццём з самага ранняга дзяцінства. Я шчаслівы, што мне ўдалося так доўга атрымліваць асалоду ад гэтай гульні! Выступаючы на ​​асабістых турнірах або гуляючы за краіну я заўсёды ставіўся да сваёй прафесіі з высокай ступенню гонару і павагі, заўсёды працаваў з поўнай аддачай, і таму выходжу з гульні без якога-небудзь шкадавання і толькі на пазітыве! Мне ўдалося дасягнуць на шмат больш, чым тое, пра што малыш з Менску мог марыць, узяўшы ў руку ракетку», – адзначае Максім Мірны.

Максіму Мірнаму 41 год. Ён Алімпійскі чэмпіён 2012 у змешаным парным разрадзе (у пары з Вікторыяй Азаранкай), 10 разоў перамагаў на турнірах Вялікага шлему (цыкл з чатырох штогадовых найбольш прэстыжных турніраў у тэнісе) ў парным разрадзе і міксце, двойчы перамагаў на Выніковым турніры ATP у парным разрадзе і 53 разы перамагаў на шараговых турнірах ATP (адзін з іх быў у адзіночным разрадзе). Пэўны час зʼяўляўся першай ракеткай свету ў парным разрадзе. Выступаў за зборную Беларусі ў Кубке Дэвісу.

Акрамя спорту Максім Мірны займаецца бізнесам. Ён валодае інвестыцыйна-будаўнічай кампаніяй «Мірный шлях», спартова-аздараўляльным цэнтрам і шэрагам кавярняў.

У 2003-2004 гг. быў нацыянальным паслом добрай волі ААН па ВІЧ/СНІД у Беларусі.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў