Тэлевізары ў абмен на крэдыт: Беларусь змяніла правілы ўвозу транзітных тавараў з Калінінграду


Гісторыя затрымання «беларускімі мытнымі піратамі» вялікай партыі калінінградскай электроннай тэхнікі атрымала працяг. Паводле новай пастановы Саўміна №366 ад 29 красавіка, урад Беларусі ўдасканаліў парадак увозу транзітных тавараў з Калінінградскай вобласці на тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюзу.

Гэтае рашэнне цяжка не звязаць з выказваннямі расейскага прэм’ер-міністра. Напрыканцы сакавіка Дзмітрый Мядзведзеў папярэдзіў, што праблема канфіскаваных тэлевізараў будзе вырашацца на палітычным і заканадаўчым узроўні, увязаўшы кампенсацыю страт калінінградскіх вытворцаў з фінансавай дапамогай Беларусі.

У выніку Расея ў чарговы раз падставіла плячо бліжэйшаму хаўрусніку. 30 красавіка абяцаныя $ 110 мільёнаў «у мэтах далейшага ўмацавання дружалюбных адносін паміж дзвюма дзяржавамі» паступілі на рахунак беларускага Міністэрства фінансаў.

Аднак пытанне з калінінградскім «кітайскім кантрафактам» дагэтуль не вырашана.

Новая пастанова – перастрахоўка для беларускіх мытнікаў, мяркуе прэс-сакратар Калінінградскай гандлёва-прамысловай палаты Дзяніс Калатоўкін:

«Беларусь заканадаўча падстрахоўвае сябе ад сітуацыі, якая ўзнікла ў студзені 2014 года. Цяпер, калі ў беларускіх мытнікаў будуць сумневы пра паходжанне тавараў, яны будуць афармляць іх на Расею. Гэта азначае, што краіны дамовіліся на будучыню, бо пэўна, што беларускія ўлады зацікаўленыя ў канструктыўным дыялогу. Пытанне папярэдняй канфіскацыі яшчэ не вырашана. Нашыя вытворцы дагэтуль ходзяць па судах. Ёсць нейкія пазітыўныя зрухі, але пакуль ніякіх рашэнняў не прынята».

У снежні летась на беларускай мяжы былі затрыманыя 29 грузавых аўтамабіляў з тэхнікай з Калінінграду. Нягледзячы на пратэсты расейцаў, па рашэнні суда ўвесь тавар сканфіскавалі на карысць Беларусі і выставілі на продаж у беларускіх крамах. Сума страт калінінградскіх бізнесменаў склала каля $ 4 мільёнаў.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў