Тэлевізар з дыяганаллю 42 цалі і нацысцкая сімволіка: дырэктарка школы судзіцца з гомельскім блогерам


На другім судовым паседжанні па справе «дырэктаркі школы супраць блогера» збіраліся паказаць тое самае скандальнае відэа, якое і прывяло бакі ў суд. Паседжанне цягнулася 4 гадзіны, але да відэаролікаў справа так і не дайшла. Суд паспеў толькі апытаць двух экспертаў і аднаго сведку.

Намеснік дырэктара музею Канстанцін Мішчанка і дырэктар музею Дзмітрый Чумакоў пацвердзілі, што форма, адлюстраваная на прэв’ю да відэароліка «Рука руку мые. Жудасныя рэаліі Беларусі. Дэкрэт №18 Як дамагчыся праўды?», мяркуючы па пятліцах, рунах і шаўронах, якія хоць і зарэтушаваныя, але нібыта ўсё адно чытаюцца, ССаўскія.

Адзін з экспертаў адзначыў, што не ведаць, што гэта за форма мог толькі чалавек з абмежаванымі разумовымі здольнасцямі, або чалавек, які не здолеў скончыць школу. Бо, на думку эксперта, гэтая форма часта дэманструецца ў савецкіх фільмах на ваенную тэматыку.

Цікава тое, што ў адказ на пытанне Арцёма Шапарава ці маюць эксперты гістарычную адукацыю дырэктар музею Ваеннай славы Дзмітрый Чумакоў адказаў, што па адукацыі ён настаўнік геаграфіі.

Суд разбіраўся таксама і ў матывах, паводле якіх Арцём Шапараў зрабіў свае відэаролікі, якія на думку Ніны Старажэнкі абразілі ейную дзелавую рэпутацыю.

Малады чалавек патлумачыў, што да яго звярнулася шматдзетная маці. Жанчына жадала распавесці на ягоным канале «Общество Гомель» пра складаную сітуацыю, якая здарылася з ёй: да яе дамоў прыйшла дырэктарка школы, дзе вучацца дзеці жанчыны і прыгразіла адабраць дзяцей. Нагодай для гэтага сталі надарваныя шпалеры, стары хворы сабака і паведамленне ад горгазу пра пазыку ды антысанітарны стан у кватэры.

Ніна Старажэнка

«Калі я ўвайшла ў кватэру – я ўбачыла, што сабака пароды аўчарка ляжаў і скуліў, – распавяла дырэктарка школы. – У кватэры ад яго стаяў рэзкі пах. Жанчына (Антаніна Шайнюк) патлумачыла, што ў сабакі анкалагічнае захворванне, якое лечаць медыкаментамі. Я парэкамендавала, што магчыма варта ўсыпіць сабаку, каб дзеці на гэтыя пакуты. Антаніна паабяцала падумаць пра гэта. Таксама я заўважыла, што дзеці, прыходзячы з вуліцы, не здымалі абутак і таму паўсюль быў пясок. Таксама я дала рэкамендацыю пераклеіць шпалеры. Гэта з майго боку былі выключна рэкамендацыі, а не загады».

Антаніна Шайнюк расцаніла словы дырэктаркі інакш. Яна распавяла, што з ейнага пункту гледжання была пэўная прычына, чаму дырэктарка асабіста наведала сям’ю жанчыны.

«Прычынай ейнага візіту стала тое, што я адмовілася здаваць грошы. У першым класе, куды хадзіла мая дачка, патрабавалі, каб бацькі зрабілі падарунак школе – 42-дзюймовы тэлевізар. Я адмовілася, бо нават у мяне няма такога тэлевізара. Пасля гэтага акурат і пачаліся заўвагі да маёй сям’і з боку школы. І дырэктарка, падчас свайго візіту, нават прыгадвала ў размове «ну што вам гэтыя 10 рублёў?»

На наступным паседжанні суд апытае класную кіраўніцу, якая збірала грошы на тэлевізар, а таксама супрацоўніцу горгазу, якая паведаміла дырэктарцы школы пра антысанітарны стан кватэры. »Белсат« будзе пільна сачыць за хадою гэтай справы.

МД, belsat.eu

Стужка навінаў