Тэлеканал АНТ прыпыніў супрацу з гімнасткай Меліцінай Станютай. Яна выступала супраць затрыманняў у краіне

Вядомая спартоўка вяла рубрыку ў праграме «Наше утро» па панядзелках. Аднак да восені супраца з ёй прыпыненая.

Гімнастка Меліціна Станюта вяла па панядзелках рубрыку ў праграме «Наше утро» на тэлеканале АНТ. Там яна паказвала, як размяцца перад працоўным тыднем. Аднак да восені супраца з ёй прыпыненая. Прычым, як паведаміла ў сваім «Instagram» Станюта, даведалася яна аб гэтым выпадкова.

«Сябры, тыя, хто займаўся са мной кожны панядзелак у праграме «Наше утро» і не пабачыў рубрыку ўжо ў гэты панядзелак – рубрыка не будзе выходзіць мінімум да верасня. Прычынаў не ведаю. Сама даведалася выпадкова. Працягвайце займацца і заставайцеся здаровымі і прыгожымі», – напісала Станюта.

Гімнастка паведаміла аб прыпыненні супрацы з АНТ у сваім Instagram. Скрыншот

Раней яна напісала крытычны пост, у якім негатыўна адгукалася аб затрыманнях чаргі да крамы Symbal.by.

«У дэмакратычных краінах, калі грамадзянін не парушае закон – ён пад аховай! А што гэта было ўчора?! Стаіш у чарзе ў краму – сядзіш у аўтазаку! Дзе падзеўся закон, які нас ахоўвае?!»

https://www.instagram.com/p/CB0PMq8FGvK/

Меліціна Станюта – гімнастка, праўнучка акторкі Стафаніі Станюты, шматразовая прызёрка чэмпіянатаў Еўропы і свету. У 2016 годзе яна абвясціла аб завяршэнні спартовай кар’еры.

Станюта – не адзіная супрацоўніца дзяржаўнага тэлеканалу, з якой спынілі супрацу пасля крытычных выказванняў у бок дзеянняў уладаў. Гэта адбылося з тэлевядоўцам СТБ Арцёмам Марціновічам, тэлевядоўцам АНТ Дзмітрыем Врангелем і тэлевядоўцам БТ Дзянісам Дудзінскім.

КТ belsat.eu

Hавiны