«Telegram» будзе выдаваць спецслужбам звесткі карыстальнікаў, якіх падазраюць у тэрарызме


На афіцыйным сайце папулярнага мэсэнджара змянілася палітыка канфідэнцыйнасці.

Згодна з новым пунктам, «Telegram» можа перадаць спецслужбам IP-адрас і нумар тэлефона.

Гэта будзе рабіцца ў выпадку атрымання судовага распараджэння, якое пацвярджае, што карыстальніка падазраюць у тэрарызме. У пункце 8.3 палітыкі канфідэнцыйнасці гаворыцца, што калі такое адбудзецца, то інфармацыя пра гэта будзе апублікаваная ў канале https://t.me/transparency ў справаздачы, што публікуецца кожныя паўгода.

На дадзены момант падобных сітуацыяў не было.

Юрыст Павел Чыкаў, кіраўнік Міжнароднай праваабарончай групы «Агора», якая абараняе «Telegram», мяркуе, што змены з’яўляюцца наступствам справы ФСБ супраць мэсэнджара, але гэта не вынік перамоваў з уладамі, бо «Telegram» даўно змагаецца з тэрарыстамі.

«Больш за тое, я б сказаў, што гэта правільны кірунак. Мы як прадстаўнікі «Telegram» ніколі не адмаўлялі права і нават абавязкі ўладаў змагацца з тэрарызмам, наадварот, прапаноўвалі менавіта такі цывілізаваны шлях – судовы запыт у абмен на раскрыццё. І нават не перапіскі, а толькі IP і тэлефона. Баланс інтарэсаў нацыянальнай бяспекі і недатыкальнасці прыватнага жыцця павінен быць знойдзены. «Telegram» прапануе свой варыянт. ФСБ не прапаноўвала нічога», – адзначыў Павел Чыкаў.

Больш за 4 месяцы «блакады»

Сёння раніцай стала вядома, што вэб-версія «Telegram» зноў запрацавала ў Расеі. Блакаванне мэсэнджара ў Расеі пачалося ў сярэдзіне красавіка пасля таго, як «Telegram» адмовіўся перадаць ФСБ ключы шыфравання ад перапіскі карыстальнікаў. Раскамнагляд заблакаваў мільёны IP-адрасоў не звязаных з мэсэнджарам старонніх сервісаў, спрабуючы абмежаваць доступ да «Telegram», але цалкам заблакаваць доступ не атрымалася.

НМ, belsat.eu, паводле «Код Дурава», фотаздымак Dado Ruvic/ Forum

Стужка навінаў