Тэлефонная размова з участковым скончылася для віцябляніна вялікім штрафам


Віцебскага таксіста Алега Стральца аштрафавалі на 612 рублёў за абразу мясцовага ўчастковага праз тэлефон. Для доказу віны хапіла адных сведчанняў міліцыянта.

Справа разглядалася ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску адразу двума суддзямі: спачатку за яе ўзяўся Ілля Белавус, а калі ён сышоў у адпачынак, яе працягнуў Сяргей Будрэвіч. У выніку віцябляніна аштрафавалі паводле артыкулу 23.5 КаАП РБ («Абраза службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў») на 24 базавыя велічыні. Доказ віны грунтаваўся выключна на словах участковага інспектара – маёра міліцыі Сяргея Мечыслаўскага.

Перадгісторыя

Перадгісторыяй справы было здарэнне, якое адбылося 7 красавіка ў адным з двароў Віцебску. Таксіст Алег Стралец выйшаў са службовай машыны, каб пакурыць і паразмаўляць праз тэлефон, а вярнуўшыся, заўважыў, што нехта разбіў фару аўтамабіля. Мужчына выклікаў супрацоўнікаў міліцыі, якія агледзелі месца здарэння, аформілі дакументы і перадалі іх участковаму інспектару. Алегу Стральцу на рукі анічога не далі.

Алег Стралец

На наступны дзень спадар Алег звярнуўся ў Кастрычніцкі РАУС гораду Віцебску, але там патлумачылі, што справай займаецца мясцовы ўчастковы, афіцыйны ж адказ варта чакаць праз 10 дзён – поштаю.

Раніцай 17 красавіка пасля начной змены Алег Стралец лёг спаць, а калі прачнуўся, убачыў на сваім тэлефоне некалькі прапушчаных выклікаў:

«Я пазваніў на гэты нумар, і мне адразу ж адказалі, што з маёй справай ужо разабраліся. І калі я зразумеў, пра што ідзе гаворка, я папрасіў паперку, якую мне трэба мець для страхавой кампенсацыі, але мне адказалі, што паперку я атрымаю ў прыбіральні, а гэта дакумент. Мужчына размаўляў са мной груба. Я папрасіў яго назвацца і сказаць адрас, куды пад’ехаць», – тлумачыць сітуацыю «Белсату» Алег Стралец.

Віцяблянін прыехаў у пастарунак на Маскоўскім праспекце 84, каб паразмаўляць жыўцом з участковым інспектарам Сяргеем Мечыслаўскім, але і там, са словаў Алега, размовы не выйшла: «Супрацоўнік міліцыі быў адзеты ў цывільнае, дакументаў не паказаў. Ён працягнуў размаўляць са мной у грубай форме, а пасля таго, як я сказаў, што буду скардзіцца ягонаму кіраўніцтву, мне загадалі скласці рукі за спінай ды надзелі кайданкі. Затым узялі іншыя ды прычапілі імі да батарэі. На мае заўвагі мне прыгразілі табельнай зброяй».

Сляды ад кайданкоў на руках

Праз некаторы час мужчыну адвезлі ў Кастрычніцкі РАУС, дзе склалі пратакол паводле артыкулу 23.5 КаАП РБ («Абраза службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў»).

Падставай для складання пратаколу стаў рапарт, які склаў участковы інспектар маёр міліцыі Сяргей Мечыслаўскі. Паводле дакументу, у тэлефоннай размове Алег Стралец называў яго «петушарай» і «малалеткам», а таксама пагражаў, што «прыедзе і разбярэцца» чым наўмысна прынізіў годнасць і гонар міліцыянта.

«Ён сказаў, што разаб’е мне твар, таму я ўжо быў гатовы. Я надзеў на яго кайданкі выключна ў мэтах сваёй уласнай бяспекі. І прышпіліў яго да батарэі, бо ў нас няма камераў для затрымання. Я адшпіліў адну руку, але патлумачыў, што любое ягонае супрацьпраўнае дзеянне будзе расцэньвацца як прычына для ўжывання табельнай зброі», – патлумачыў на судзе свае дзеянні Сяргей Мечыслаўскі.

У першы ж дзень суда паседжанне перанеслі, бо пратакол адміністратыўнай справы адправілі на дапрацоўванне.

Hавiны
Міліцыянт збіў падлетка на ровары і патрабуе, каб ягоныя бацькі заплацілі за рамонт аўта
2019.05.27 09:52

У судзе Алег Стралец сцвярджаў, што нікога праз тэлефон не абражаў, затое яго абразілі падчас судовага разбору: «6 чысла, даючы тлумачэнні ў судзе, маёр міліцыі Мечыслаўскі назваў мяне «прыдуркаватым», бо я прыйшоў пасля тэлефоннай размовы да яго ў апорны пункт. 11 чэрвеня я напісаў на яго скаргу і даслаў ягонаму кіраўніцтву. Гэта заява аб адміністратыўным правапарушэнні, у якой я прашу разабрацца, бо мяне ў судзе прынародна абразілі».

Але суд скончыўся для Алега Стральца адмоўна: 10 чэрвеня суддзя Сяргей Будрэвіч прызнаў таксіста вінаватым у абразе міліцыянта і аштрафаваў яго на 24 базавыя велічыні (612 рублёў).

Прычым рашэнне было прынятае выключна грунтуючыся на словах участковага інспектара, бо аніякіх іншых доказаў абразы міліцыянта на судзе не было.

Hавiны
«Ад нас залежыць чалавека лёс»: міліцыя зняла дзіўны іміджавы ролік, затое па-беларуску
2019.05.10 17:57

«У гэтай справе няма сведак. Супрацоўнік міліцыі Мечыслаўскі гаворыць адно, а грамадзянін Стралец гаворыць іншае. Аўдыёзапісу няма, у рапарце напісаныя адны фразы, на судовым паседжанні гэтыя фразы міліцыянтам узмацняюцца, да іх дадаюцца нейкія іншыя абразлівыя словы. Але самае жудаснае, што суд не прызначыў лінгвістычнай экспертызы для таго, каб усталяваць, ці з’яўляюцца гэтыя фразы абразлівымі і наколькі яны зневажаюць гонар і годнасць маёра міліцыі, – каментуе «Белсату» рашэнне суда праваабаронца Павел Левінаў. – Гэта прэцэдэнт, пасля якога страшна званіць у любы дзяржаўны орган, бо потым могуць сказаць, што ты кагосьці там абразіў і без якіх-небудзь доказаў асудзіць».

  • Пастанова суда Кастрычніцкага раёну гораду Віцебску пакуль не набыла законнай моцы і можа быць абскарджаная. Алег Стралец гаворыць, што абавязкова падасць скаргу ў Віцебскі абласны суд.

Віктар Старавойтаў belsat.eu

Стужка навінаў