Тэгеран прызнаўся, што не можа расшыфраваць чорныя скрыні збітага «Боінга»

Іран не мае тэхнічных магчымасцяў, каб расшыфраваць інфармацыю з чорных скрыняў збітага пад Тэгеранам пасажырскага «Боінга» «Міжнародных авіялініяў Украіны». Пра гэта заявіў у інтэрв’ю NBC міністр замежных справаў краіны Махамад Джавад Зарыф.

Першапачаткова ўлады Ірану пагадзіліся на міжнароднае расследаванне прычынаў і акалічнасцяў трагедыі з украінскім самалётам. Але пазней адмовіліся перадаць скрыні іншай краіне. Пры гэтым у Іране няма неабходнага праграмнага забеспячэння, каб мець расшыфраваць інфармацыю. Па словах міністра замежных справаў Ірану Махамада Зарыфа, Іран звярнуўся за дапамогай да ЗША. Але Вашынгтон адмовіўся дапамагаць.

Пасажырскі самалёт рэйсу PS752 украінскай авіякампаніі МАУ разбіўся ў небе над Тэгеранам 8 студзеня. Поўную адказнасць за катастрофу ўзяў на сябе Корпус вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі. Аператар сістэмы супрацьпаветранай абароны прыняў няправільнае рашэнне і выпусціў ракету, якая знішчыла самалёт.

На борце самалёта было 176 чалавек: 167 пасажыраў і 9 чальцоў экіпажу. Усе яны загінулі, паведамляе кіраўнік МЗС Украіны Вадзім Прыстайка. Сярод пасажыраў было 11 украінцаў (2 пасажыры і 9 чальцоў экіпажу), 63 грамадзяніна Канады, 82 – Ірану, 10 – Швецыі, 4 – Афганістану, 3 – Нямеччыны, 3 – Вялікай Брытаніі.

Іранскія вайскоўцы прызналіся, што ненаўмысна збілі украінскі «Боінг»

СК belsat.eu

Hавiны