Тэгеран: Іранцы не паедуць у Мекку


Міністэрства культуры Ірану заяўляе, што сёлета паломнікі з Ірану не возьмуць удзел у хаджы.

Міністр культуры Ірану заявіў пра перашкоды, якія чыніць Саудаўская Аравія для іранцаў, каб тыя не змаглі наведаць Мекку ды наваколле.

«На жаль, іранскія паломнікі не могуць адправіцца ў хадж сёлета», – цытуе словы Алі Джанаці «The Wall Stree Journal».

Іранская арганізацыя Хаджу і пілігрымак абвінаваціла Саудаўскую Аравію ў сабатажы паломніцтва.

«Нягледзячы на ўсе намаганні Ісламскай рэспублікі, саудаўцы праігнаравалі абсалютнае права іранцаў здзейсніць абрад», – гаворыцца ў заяве.

Штогадовае паломніцтва адбываецца ў заходняй частцы саудаўскага гораду, найсвяцейшага ў ісламе.

Час правядзення Хаджу вызначаецца паводле ісламскага месяцавага календара. Ён трывае пяць дзён, з 8 да 12 дня зуль-хіджы,  апошняга месяца ісламскага года. Днём Хаджу лічыцца 9-ты, паводле Грыгарыянскага календара сёлета ён прыпадае на 10 верасня.

Іранцы на Хаджы ў 2015-м

Летась лідар Ірану аятала Алі Хамэнэі ўсклаў на ўлады Саудаўскай Аравіі адказнасць за цісканіну на Хаджы ў 2015 годзе, абвінаваціўшы іх у некарэктных дзеяннях і неарганізаванасці. У той цісканіне загінулі не менш за 2426 чалавек. Іранскі бок сцвярджае, што ахвярамі трагедыі сталі 464 паломнікі з Ірану.

Сёлета дыпламатычныя стасункі з Іранам разарвала большасць арабскіх краінаў рэгіёну пасля пагромаў амбасады Саудаўскай Аравіі ў Тэгеране ды генконсульства каралеўства ў Машгадзе. Раз’юшаны натоўп учыніў атакі на дыпламатычныя пункты пасля выканання саудаўскімі ўладамі смяротнага прысуду ў дачыненні шыіцкага прапаведніка Німра ан-Німра.

Гісторыя паўтараецца

У дачыненнях мусульманскіх краінаў такое ўжо здаралася: калі Сірыя перарывала дыпламатычная стасункі з Іранам у 1988–1991 гадах, іранцы ў Мекку не ездзілі.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў