Тэатральны пікнік пад дажджом. Распачаўся соты сезон Купалаўскага тэатру


Сёння, 21 верасня, менская багема сабралася ў ваколіцах Тэатру імя Янкі Купалы, каб у вялікай кампаніі гасцей адсвяткаваць адкрыццё сотага сезону.

«Тэатральны Пікнік» ператварыў Аляксандраўскі сквер у імправізаваную сцэну з дэкарацыямі, акторамі і гледачамі. Нягледзячы на тое, што надвор’е зусім не адпавядае пікніку, шмат людзей прыйшлі, каб дакрануцца да высокага.

Сквер напоўнілі рознымі дэкарацыямі з вядомых спектакляў Купалаўскага, найстарэйшы менскі фантан запоўнілі вялікімі зялёнымі шарамі, а па цэнтры, побач з тэатрам, разгарнулася сцэна, дзе дзеці чыталі вершы. Сярод гасцей былі як простыя мінакі, так і сапраўдныя аматары тэатральнага мастацтва.

– Часам хаджу ў тэатр, раз на месяц. Купалаўскі – мой любімы. А любімы спектакль – «Не мой» Алеся Адамовіча, – кажа наведніца Валянціна.

Наведвальніца Валянціна.
Фота: НГ / Belsat.eu

Людзі саграваліся гарачай гарбатай, а побач шпацыравалі персанажы ў касцюмах XIX стагоддзя, што выступаюць у якасці «жывых дэкарацыяў». Гэта студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтва (БДУКМ), якія з радасцю ўзялі ўдзел у імпрэзе.

Аніматары ў Аляксандраўскім скверы.
Фота: НГ / Belsat.eu

– Людзі падыходзяць, фатаграфуюцца, пытаюцца, што будзе адбывацца далей. Нягледзячы на сённяшняе надворʼе, ва ўсіх вельмі добры настрой, – кажа аніматар Максім.

Рэквізіт Купалаўскага тэатру.
Фота: НГ / Belsat.eu

У наведнікаў была ўнікальная магчымасць прагуляцца па тэатральным закуліссі, але дзеля гэтага трэба было загадзя зарэгістравацца онлайн на бясплатную экскурсію. Гасцям паказалі некалькі сцэнаў тэатру, грымёрную ды гардэробную актораў і распавялі розныя цікавосткі. Напрыклад, часамі некаторыя акторы моляцца перад выхадам на сцэну.

 

Экскурсію праводзіла беларускамоўная супрацоўніца тэатру Наталля Жарнак, якая сярод іншага распавяла і пра адметнасці сотага тэатральнага сезону.

Наталля Жарнак.
Фота: НГ / Belsat.eu

– Будзе шмат імпрэзаў, якія, можа, трошкі выходзяць за фармат спектакляў – напрыклад, такія, як сёння. Будзем праводзіць экскурсіі, розныя майстар-класы. Сёлета адбудуцца прэмʼеры спектаклю «Кароль Лір» ды «Першы, – кажа Наталля.

Дэкарацыі да спектаклю Андруся Горвата «Радзіва «Прудок».
Фота: НГ / Belsat.eu

Галоўнай падзеяй свята стане спектакль Андруся Горвата «Радзіва «Прудок», які будзе ісці ў наўпроставай трансляцыі а 19:00 у скверы. А 21:00 пачнецца вялікі канцэрт, дзе зайграюць сучасныя музыкі: «ili-ili», Ягор Забелаў, Святлана Бень ды гурт «Кассіопея». Прыходзьце, уваход вольны!

ВР, фота НГ Belsat.eu

Стужка навінаў