Тэатр пачынаецца з кліка. Як беларускі «Свабодны тэатр» застаецца з гледачамі падчас пандэміі?


Цяпер тэатр толькі ў онлайне, але жадання тварыць і граць – не спыніць, не стрымаць. Таму новы спектакль «Школа для дурняў» узялі ды перанеслі ў Zoom. Пра тое, што ўсё магчыма, паразмаўлялі з рэжысёрам, акторкай і каардынатаркай спектаклю.

Да спектакля пачалі рыхтавацца яшчэ год таму, але спачатку паставілі «Сабак Еўропы» па Альгерду Бахарэвічу. 15 сакавіка павінна была быць першая рэпетыцыя «Школы для дурняў», але на ёй «Свабодны тэатр» вырашыў сысці ў самаізаляцыю і рабіць спектакль онлайн.

«Мы падумалі, што тэкст ідэальна пасуе для гэтага. У галоўнага героя падваенне асобы. Увесь тэкст скача з аднаго месца дзеяння ў іншае, таму акенцы «Зуму» ідэальна адлюстроўваюць сутнасць. У нас таксама былі ідэі, як гэта рэалізаваць [спектакль. – Belsat.eu] у памяшканні, але мне здаецца, што Zoom нават лепш пасуе», – кажа рэжысёр спектаклю Павел Гародніцкі. Дарэчы, гэта яго другая рэжысёрская спроба.

Скрын з запісу спектакля “Благополучие”. Крыніца: архіў «Свабоднага тэатру»

Рэпетыцыі доўжыліся два месяцы і адбываліся ў онлайне.

«Яны сталі даўжэйшыя. Цяжэй данесці сваю ідэю праз Zoom. Не можаш растлумачыць нейкія фізічныя штукі. Ты б падышоў да актора і пераставіў нагу, руку, як трэба. З тэхнічнымі нюансамі шмат часу патрацілі. Як рэжысёр, вучышся цярплівасці, калі трэба займацца тэхнічнымі справамі».

Калі для актора рэпетыцыя займала дзве гадзіны, то ў Паўла на гэта сыходзіла дзевяць, бо трэба было прапрацаваць кожную сцэну, а калі кожны актор у асобным акенцы, то ўзнікаюць свае цяжкасці.

Крыніца: архіў «Свабоднага тэатру»

«Вельмі карпатлівая праца. Важна было максімальна трапляць, каб была ілюзія таго, што гэта рэальна адзін пакой і людзі рэальна адзін з адным размаўляюць. Мы ставілі маркі – у кватэрах актораў яны паўсюль. За тую марку не заходзь, а іншая паказвае, дзе твой партнёр. Да таго ж, у іх не статычныя камеры. Сцэны ў розных пакоях – трэба хутка перабегчы на кухню, паставіць яе на іншае месца. Перад спектаклямі мы збіраемся на некалькі гадзін і спраўджваем яшчэ раз гэтыя маркі і пераходы».

Андрэй Уразаў. Крыніца: архіў «Свабоднага тэатру»

Падчас спектакляў рэжысёрка трансляцыі Святлана Сугака кантралюе акенцы і голас уладаркі «Зуму» падказвае акторам, што трэба выправіць.

«Мне падаецца, што мы класна прынялі гэты выклік. Можна сядзець і чакаць, калі ўсё вернецца, як было, але яно не вернецца. Рабі тое, што можаш. Мы заўжды гатовыя да ўсялякіх пераменаў, мы не чакаем камфортных умоваў. Гэта з намі ўсе 15 год. Гэтым онлайн спектаклем мы адчынілі дзверы, якія ніхто не бачыў. Калі б усё было, як было, то мы б і не спрабавалі рабіць спектакль онлайн», – кажа Святлана.

Святлана Сугака. Крыніца: архіў «Свабоднага тэатру»

Шлях да «Зуму»

На мінулых выходных былі апошнія стрымы спектакляў і, хутчэй за ўсё, да восені новых не будзе. Святлана кажа, што людзі ўжо перанасычаныя і прагляды зменшыліся ў дзясяткі разоў. Пачалося лета.

«Бывала, што мозг кіпеў, я не разумела, як гэта зрабіць. Я звярталася па дапамогу да нашых беларускіх і амерыканскіх сяброў айцішнікаў. Каб прыйсці да простага рашэння, пералапацілі шмат варыянтаў. Выглядае вельмі цяжка, мільярд экранаў, але цяпер гэта вельмі проста. Я ведаю, як усё працуе, у тым ліку дзякуючы гэтаму перыяду пошукаў».

Акторка Станіслава Шаблінская. Крыніца: архіў «Свабоднага тэатру»

Да «Зуму» спрабавалі варыянты рабіць спектакль праз Facebook, Skype і нават адмысловую платформу, якую стварыў праграміст, сябар тэатру. З-за зручнасці абралі ўсё ж такі Zoom.

«Света робіць усю гэтую прыгожую карціну і складае ўсе нашыя акенцы ў адно. Калі кагосьці выкідае, нашая Света падключаецца і вельмі спакойным голасам кажа: «Выключаемся, уключаемся». Што самае цікавае, гледачы [гэтага] нават не заўважаюць. У нас ёсць падрыхтаваны запіс. Сам тэкст дазваляе такія вольнасці, таму што гісторыя пра хлопчыка з падваеннем асобы. Такія выключэнні ці нечаканыя ўключэнні вельмі ў яго характары», – кажа акторка Марына Юрэвіч.

Марына Юрэвіч. Крыніца: архіў «Свабоднага тэатру»

Новая форма – новыя адкрыцці

Тым не менш, гледачоў усё адно не хапае, іх не адчуваюць акторы, не бачаць, ці правільны рытм у спектакля. Актор застаецца сам-насам з сабой. І тут плюс: акторы па-новаму адкрыліся, раскрылі ў сябе іншыя колеры.

Марына Юрэвіч. Крыніца: архіў «Свабоднага тэатру»

«Гэта кіношныя тэхнічныя рашэнні. У тэатры ты не можаш дазволіць зрабіць такія штукі. Напрыклад, калі камера кладзецца на падлогу і гэта пункт гледжання гледача. Кожны актор дома кладзе камеру на падлогу і зазірае ў яе. Атрымліваецца, што глядач ляжыць на падлозе і над ім схіліліся акторы. У тэатры немагчыма так размясціць гледачоў. Ты ўжо становішся не толькі тэатральным рэжысёрам, але і кінарэжысёрам. Думаю, што мы ў будучыні нейкія сродкі будзем выкарыстоўваць», – кажа рэжысёр спектаклю Павел.

Ён лічыць, што онлайн спектаклі маюць будучыню.

«Калі з’явіцца магчымасць граць у жывую, канешне, большасць пяройдзе туды, але ўсё роўна гэты фармат застанецца. Я думаю, што тут яшчэ пытанне тэхналагічнае. Павінна з’явіцца нейкая спецыфічная платформа, дзе будзе функцыянальны інструментарый менавіта для тэатру».

Настасся Карабліна. Крыніца: архіў «Свабоднага тэатру»

Сцэнар далейшых дзеянняў

«Мы прыязджалі на хатку [будынак тэатру. – Belsat.eu] адзін па адным, калі трэба было ўзяць нейкі рэквізіт ці касцюм. Нават сустракаліся пару разоў. Мне падаецца, што самым складаным перыядам будзе вяртацца да звычайнага жыцця. Гэтая сацыяльная дыстанцыя і маскі ўжо настолькі ўнутры сядзяць. Я нават не ведаю, як без іх можна будзе давяраць чалавеку (смяецца)», – кажа акторка Марына Юрэвіч.

Стварэнне онлайн спектакляў спыняць не будуць, але наступны праект будуць рыхтаваць у офлайне.

«Мы тры месяцы сядзелі, будзем паціху вылазіць і сустракацца для рэпетыцыяў. З гледачамі мы, на жаль, да верасня ў офлайне не сустрэнемся. Як будзе ў верасні, не ведаю – пабачым. Канешне, нам хочацца вярнуцца да гэтай камунікацыі, да гэтага абмену энергіямі. Пакуль мы разумеем, што не можам сабе гэтага дазволіць. Гэта рызыкі невядома навошта. Здароўе нашых гледачоў і актораў для нас першаснае», – кажа Святлана.

Настасся Карабліна. Крыніца: архіў «Свабоднага тэатру»

Дзе глядзець спектаклі?

Спектаклі праходзяць кожны чацвер а 20:00, апошні запланаваны на 9 ліпеня. Знайсці google-форму для рэгістрацыі на трансляцыю можна за дзень да спектаклю ў Facebook ці УКантакце. Спектакль бясплатны, але можна ахвяраваць грошы.

Апроч гэтага цяпер з акторамі можна сустрэцца на іх YouTube канале і паслухаць казкі ў рамках праекту «Казка на ноч». Так ці інакш калісьці «Свабодны тэатр» сустрэнецца са сваімі гледачамі і ў офлайне.

ДЗ Belsat.eu

Стужка навінаў