Мытны камітэт Беларусі не ведае, чый Крым – украінскі ці расейскі


Гарбата «London Tea Club», якую пастаўляюць у Гарадскі цэнтр трансфузіялогіі пры больніцы № 6. Фота – «Еўрарадыё»

Дзяржаўны мытны камітэт не здолеў адказаць на гэтае пытанне «Еўрарадыё» цягам пяці хвілінаў.

Журналісты задалі гэткае пытанне пасля таго, як стала вядома, што донараў крыві ў менскай клінічнай больніцы № 6 частуюць гарбатай, якую вырабляюць у Севастопалі.

Аказалася, гарбату з анексаванай Расеяй паўвыспы ў Беларусь імпартуе менская кампанія «ЭкаЧайПартнёр», якая ўжо больш за 15 гадоў займаецца пастаўкамі ў нашую краіну кавы, гарбаты і спецыяў.

Крым, які Расея захапіла пяць гадоў таму, Беларусь да сёння не прызнае часткаю Расеі. Украіна пагражае санкцыямі за супрацу з паўвыспаю. Аднак, як беларускія тавары можна прадаюцца на падкантрольных Расеі тэрыторыях Данецкай і Луганскай вобласцяў, гэтак і ў Беларусі можна набыць віно і харчовую соду з Крыму. Як так атрымліваецца, што ў Беларусі прадаюць тавары з непрызнанай тэрыторыі?

«Улік імпарту і экспарту ў разрэзе адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак краін-партнёраў не прадугледжаны», – адказалі ў Мытным камітэце.

Каб даведацца, часткай якой краіны – Расеі ці Украіны – лічаць Крым у Мытным камітэце, рэпартэры пазванілі туды па тэлефоне, але не здолелі атрымаць адказ, нават задаючы гэтае пытанне цягам пяці хвілін.

ДД; фота анонсу – Pavel Rebrov/Reuters/Forum

Стужка навінаў