Таямніца Палесся, якую ведаў магутны каталіцкі ордэн

Сёння ў Юравічах кіпіць праца: з сутарэнняў колішняга езуіцкага кляштара выносіцца зямля з жалеззем, дрэвам і косткамі, якія былі нанесеныя нібыта дзеля таго, каб схаваць падземны ход ці то да Мазыра (за 20 км), ці то аж да Кіева (за 100 км), а на лясістым пагорку праз сетку прасейваецца зямля, каб высветліць, калі паўстаў і калі быў знішчаны тутэйшы старажытны горад.

У сутарэннях былога калегіуму. Кадр з фільму «Палеская святыня»

Юравічы – вёска з унікальнай гісторыяй

Без перабольшання, унікальным месцам Юравічы робяць тры аб’екты:

  • першая стаянка чалавека на тэрыторыі Беларусі (узрост 26 тыс. гадоў);
  • старажытнае гарадзішча на месцы гораду, які існаваў да ХІ ст.;
  • і кляштар і калегіум езуітаў, дзе зберагаўся абраз Маці Божай Юравіцкай. Значэнне гэтага абразу можна параўнаць са значэннем абразу Маці Божай Вастрабрамскай у Вільні. Гэтыя два абразы былі абаронцамі Вялікага Княства Літоўскага, адзін – поўначы, а другі – поўдня дзяржавы

Адзін з цудаў Маці Божай Юравіцкай здарыўся восенню 1673 года. У той час каронны гетман Ян Сабескі рыхтаваўся да бітвы пад Хоцінам. Ён меўся павесці войскі Рэчы Паспалітай у бой супраць туркаў. У касцёлах і цэрквах па ўсёй краіне маліліся аб перамозе. Маліліся вернікі і ў Юравічах. Напярэдадні бітвы 11 лістапада неба над капліцаю пакрылася вогненнымі стрэламі. Ян Сабескі перамог. Калі ён даведаўся пра цуд у Юравічах, то на знак удзячнасці ўзяў мястэчках пад уласную апеку.

Бітва пад Хоцінам 1673 года, у якой войскі Рэчы Паспалітай перамаглі і ваяроў Асманскай імперыі. У гэты ж час неба ў Юравічах пакрылася вогненнымі стрэламі. Малюнак Філіпа Какошы. Кадр з фільму «Палеская святыня»

Юравічы вабяць гісторыкаў і археолагаў, якія шукаюць адказаў на розныя пытанні. Адно з іх такое: чаму магутны каталіцкі ордэн выбраў менавіта Юравічы як месца для такой знакамітай святыні? Ці можа існаваць сувязь паміж тураўскім горадам ХІ ст. і ордэнам езуітаў, заснаваным іспанцам Ігнасьё Лаёлам у XVI ст.?

Археолаг Алег Іоў мяркуе, што можа.

Будынкі калегіуму і касцёлу, 2020 год. Кадр з фільму «Палеская святыня»

Легенда пра заснаванне Юравіцкага кляштару

Езуіты старанна выбіралі месцы для сваіх інстытуцыяў. Напрыклад, калі Мікалай Радзівіл Сіротка запрасіў езуітаў у Нясвіж, тыя адмовілі. Сваё рашэнне яны патлумачылі малымі памерамі Нясвіжу. Чаму ж у выпадку Юравічаў малы памер мястэчка не зрабіўся перашкодаю?

Ёсць легендарнае тлумачэнне. У 1673 годзе Марцін Тыраўскі разам з абразам Маці Божай падарожнічаў з пропаведзямі па Падоллі, Валыні ды Падляшшы. Калі ён прыбыў у Юравічы, то ягоныя коні сталі як скамянелыя і не хацелі везці далей. А ноччу, ува сне, да Марціна явілася Маці Божая і папрасіла пакінуць яе ў Юравічах. Так Марцін і зрабіў.

1673 год, ваколіцы Юравічаў. Кадр з фільму «Палеская святыня»

Алег Іоў лічыць, што езуіты маглі атабарыцца ў Юравічах з нашмат цікавейшай прычыны.

Юравічы раней былі Туравым?

Езуіты былі аднымі з найбольш адукаваных людзей свайго часу. Таму яны маглі ведаць пра гісторыю Юравічаў тое, што толькі належыць адкрыць сучасным гісторыкам.

Гарадзішча на месцы сучаснага Турава не старэйшае за ХІ ст. Але першая летапісная згадка Турава датуецца 980 г. Чаму на месцы Турава няма знаходак таго часу?

Пры гэтым старажытны горад на месцы Юравічаў быў разбураны на пачатку ХІ ст. Загінулае места ўражвае памерамі: умацаваная частка займала больш за 7,5 га. У той час толькі адзін горад на тэрыторыі Беларусі быў большым – Полацк. Полацк быў сталіцаю Полацкага княства, дзяржавы крывічоў. Ягонае гарадзішча займае каля 11 га. Усе іншыя беларускія гарадзішчы не большыя за 2 га.

Адсутнасць матэрыялу Х ст. на тэрыторыі сучаснага Турава і наяўнасць велізарнага гораду Х–ХІ ст. у Юравічах дазваляе высунуць гіпотэзу, што летапісны Тураў, сталіца Тураўскага княства, быў на месцы Юравічаў.

Гіпотэза цікавая, але пры чым тут каталікі-езуіты

Студэнты прасейваюць зямлю з раскопу на гарадзішчы. Кадр з фільму «Палеская святыня»

Што маглі ведаць езуіты пра Юравічы

Калі сталіца Тураўскага княства сапраўды была на месцы Юравічаў, то гэта азначае, што тут мог быць цэнтр Тураўскай епархіі. Першай епархіяй на беларускіх землях была Полацкая (992 г.). Тураўская епархія была другая (1005 г.).

Ці мела значэнне для каталікоў Тураўская епархія Кіеўскай метраполіі Візантыйскай царквы? Магчыма, не мела. А што, калі ў Тураве была першая рымская епархія?

У 1013 годзе ў Тураў да князя Святаполка прыбыў епіскап Рэйнбэрг (Reinberg? Reinbern?) у якасці духоўніка князевай жонкі, дачкі Баляслава І Храбрага, першага караля Польшчы. Магчыма, Рэйнбэрг заснаваў першую рымскую епархію на тэрыторыі Беларусі.

Бітва паміж ваярамі Святаполка Тураўскага і Яраслава Мудрага. Малюнак Філіпа Какошы. Кадр з фільму «Палеская святыня»

Ці маглі езуіты мець нейкія дакументы, што пралівалі святло на гісторыю Тураўскага княства? Адказу пакуль няма. Застаецца працягваць штогадовыя археалагічныя даследаванні.

У выпадку з Юравіцкім кляштарам археалагічныя даследаванні спалучаюцца з аднаўленнем храму пад кіраўніцтвам гісторыка Яўгена Малікава, якое распачалося 15 гадоў таму.

Юравіцкі кляштар ў 2006 годзе. Здымак HK-47 / commons.wikimedia.org
Юравіцкі кляштар ў 2020 годзе. Кадр з фільму «Палеская святыня»
Апошнія прамяні сонца. Кадр з фільму «Палеская святыня»
Рака Прыпяць ля Юравічаў. Кадр з фільму «Палеская святыня»

Пра ўсё гэта – у фільме Марыі Булавінскай «Палеская святыня» (відэа ў пачатку артыкула).

Hавiны