Таямніца магілы афіцэра Шаўля


Не так даўно на беразе Нёмну ў Горадні знайшлі дзіўны камень з ледзьве бачнымі надпісамі гатычным шрыфтам. Яго вывернулі з-пад зямлі будаўнікі, якія пракладалі камунікацыі. Адзіным ключыкам да таямніцы каменя спачатку была лічба «1915»…

За апошнія дні прагучала ўжо некалькі версіяў: памятны камень ад будаўнікоў мосту, кавалак нейкага нямецкага мемарыялу ці наўпрост надмагілле. Але што яно робіць на беразе Нёмну, калі ў гэтым месцы нікога афіцыйна не хавалі, а старыя каталіцкія, праваслаўныя і вайсковыя могілкі месцяцца на адлегласці?

Туману дадала яшчэ гісторыя з іржавым нямецкім шаломам, які нібыта ляжаў побач з каменем, але пасля быў некім скрадзены. Сапраўды, шалом паводле абрысаў нагадвае аналагі з часу Першай сусветнай, але калі «1915» – гэта год, то такія шаломы з’явіліся толькі ў 1916-ым. Такім чынам, артэфакт, найхутчэй, трапіў сюды выпадкова.

Надмагілле з гатычным надпісам. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Руплівыя беларусы маглі расцягнуць надмагіллі…»

Паводле старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча, камень – стоадсоткавае надмагілле. Падыходзіць і па мове напісання, і па стылі выканання, а ў дадатак яшчэ добра чытэльны надпіс «афіцэр» ды прозвішча – «Шаўль».

«Немцы свае могілкі сталі ўладкоўваць капітальна яшчэ падчас вайны, і каменныя надмагіллі рабілі, асабліва афіцэрам, і памятныя стэлы ставілі, – тлумачыць Астаповіч, – Чаму камень далёка ад могілак? Цалкам маглі руплівыя беларусы камяні для гаспадарчых патрэбаў расцягнуць. Габрэйскія надмагіллі, прыкладам, ва ўсю на падмуркі сваіх дамоў пускалі!»

Земляныя працы побач з Нёманам, у выніку якіх і быў знойдзены камень. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Але чаму камень апынуўся менавіта тут – на беразе Нёмна? Дакладна вядома, што ў часы І Сусветнай на месцы сучасных вайсковых могілак на вуліцы Белуша быў нямецкі комплекс пахаванняў. Пасярэдзіне нават стаяла характэрная пірамідка з дзікага каменю. Комплекс прастаяў да 1970-х, пакуль савецкая ўлада не зараўняла бульдозерамі нямецкія магілы, каб расчысціць месца мемарыялу Чырвонай арміі.

Надмагілле ля ўваходу ў рэстаран

Мы знайшлі ўнікальнае архіўнае фота вайсковых могілак з 1960-х, на якім выразна бачная не толькі нямецкая пірамідка, але і камяні ля яе падножжа – вельмі падобныя да таго, які апынуўся ля Нёмна! Такім чынам, яго маглі або вывезці будаўнікі разам з грунтам у 1970-х, або – прыцягнуць мясцовыя «гаспадарлівыя» жыхары.

Рэстаран “Веранда”, колішняя Аляксандраўская рамесная вучэльняФота – Васіль Малчанаў/Белсат
Вялізная магільная пліта побач з уваходам у рэстаран. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Варта таксама адзначыць, што зробленае надмагілле, найхутчэй, было зусім блізка – у колішняй Аляксандраўскай рамеснай вучэльні, дзе працавалі з каменем. Сёння ў будынку вучэльні рэстаран «Веранда», але каля ўваходу можна ўбачыць… масіўную надмагільную пліту з надпісам па-нямецку! Яе знайшлі падчас будаўнічых працаў пару год таму: верагодна, немцы яе замовілі, але з нейкай прычыны пліта так і засталася на тэрыторыі вучэльні.

Надмагіллі нямецкіх вайскоўцаў, якія ўжо стаяць каля лютэранскай кірхі. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Дзе месца надмагіллю нямецкага афіцэра?

Лагічнае пытанне: што рабіць з надмагіллем? На беразе Нёмна ў лепшым выпадку яно пераўтворыцца ў «сядушку» для рыбакоў, а вакол з’явіцца цэлы слой з бітага шкла і недапалкаў

Паводле Астаповіча, вяртаць надмагілле на вайсковыя могілкі бессэнсоўна, калі невядомае дакладнае месца пахавання. Тым больш, усяго адзін камень там надвор’я не зробіць. Было б больш – тады варта было б казаць пра стварэнне мемарыяльнага кутка.

Пастар Уладзімір Татарнікаў. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Калі камень не забраць, у лепшым разе ён стане сядушкай для рыбакоў…Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Іншы варыянт – перавезці камень да лютэранскай кірхі, якая за больш як 100 год існавання паспела стаць цэнтрам прыцягнення для нямецкай грамады Горадні. Тым больш, побач з кірхай ужо ёсць некалькі знойдзеных уратаваных надмагілляў Першай Сусветнай. Мы звярнуліся да пастара Уладзіміра Татарнікава і ён падтрымаў ідэю – просіць адно дапамагчы тэхнічна з перавозкай.

Задавальняе такая перспектыва і адмыслоўцаў ад аховы спадчыны:

«А гэта нармальны варыянт, – пагаджаецца Астаповіч, – Я памятую, калі ставілі ў 2016-м памятны крыж па Першай Сусветнай у Выганошчах, то побач з адным бункерам знайшлі кімсьці прыцягнутую пліту з нямецкага пахавання. Бліжэйшыя вайсковыя могілкі ў тых краях у Целеханах, мабыць, адтуль і пліта. І мы ўмантавалі яе ў падножжа крыжа!»

Будзем спадзявацца, што наступны наш матэрыял на тэму будзе прысвечаны ўжо вяртанню пліты на яе законнае месца – да сценаў кірхі.

Алесь Кіркевіч, фота Васіль Малчанаў, belsat.eu

Стужка навінаў