Таямнічы візіт: з якімі прапановамі Сечын прыязджаў да Лукашэнкі?


У Менску 18 лютага адбыліся перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Ігара Сечына – кіраўніка найбуйнейшай расейскай нафтавай кампаніі «Раснафта». Пра вынікі сустрэчы афіцыйна нічога не паведамлялася. Belsat.eu вырашыў разабрацца, з якімі прапановамі прыязджала ў Беларусь адна з самых уплывовых фігураў у расейскай уладзе.

Візіт Сечына ў Менск можна назваць нечаканым – прынамсі для СМІ. Раніцай у аўторак прэс-служба кіраўніка дзяржавы паведаміла, што Лукашэнка 19-20 лютага будзе знаходзіцца ў Егіпце з афіцыйным візітам. У 10:54 тэлеграм-канал «Пул Первого», які, імаверна, звязаны з прэс-службай Лукашэнкі, выклаў здымкі з Егіпту – атрымліваецца, прэзідэнцкі пул журналістаў ужо прыляцеў у Каір.

Ні СМІ, ні афіцыйна прэс-служба, ні «Пул Первого» (канал нярэдка першым дае інсайдэрскую інфармацыю пра запланаваныя нарады і сустрэчы кіраўніка дзяржавы) нічога не паведамлялі пра візіт Сечына да самага пачатку перамоваў з Лукашэнкам. Таму можна выказаць здагадку: імаверна, загадзя ў парадку дня гэтай сустрэчы не было і пра візіт Сечына бакі дамовіліся ў апошні момант. З іншага боку, старшыня Нацбанку Павел Калаур 12 лютага казаў журналістам, што на наступным тыдні (то бок, ужо на цяперашнім) будуць працягнутыя перамовы з пастаўшчыкамі нафты – не выключана, што візіт Сечына Калаур як раз і меў на ўвазе.

Сечын і Лукашэнка ў Менску. Крыніца: president.gov.by

Пра вынікі саміх перамоваў нічога не паведамлялася. Прэс-служба кіраўніка дзяржавы абмежавалася некалькімі цытатамі з пачатку сустрэчы. У прыватнасці, Лукашэнка заявіў, што хоча абмеркаваць сітуацыю з пастаўкамі нафты ў Беларусі і выказаў спадзеў, што Сечын яму «падкажа нешта».

«Хацелася б поўнай яснасці», – дадаў ён. Сечын у сваю чаргу заявіў, што настроены на канструктыўныя перамовы.

Прэс-рэліз «Раснафты» быў яшчэ менш інфарматыўны: там проста адзначалася, што «бакі абмяняліся думкамі аб развіцці далейшай супрацы ў галіне энергетыкі».

Скрыншот з відэа president.gov.by

Цікавы момант: на кадрах сустрэчы добра бачна, што Сечын прыйшоў да Лукашэнкі з партфелем. Адтуль на стол перад сабою паплечнік Пуціна выклаў прэзентацыйны буклет «Раснафты» і нейкі дакумент, які трымаў пад рукою, размаўляючы з Лукашэнкам. Што ў ім было – невядома.

Скрыншот з відэа president.gov.by

Сечын прывёз «рашэнне Пуціна»?

Галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венедыктаў у эфіры праграмы «Особое мнение» заявіў, што перад візітам у Менск Ігар Сечын сустракаўся з Уладзімірам Пуціным і пасля гэтага павёз Лукашэнку «рашэнне Пуціна» па беларуска-расейскіх стасунках.

«І мы сёння-заўтра даведаемся, якое рашэнне Пуціна ў адносінах да Беларусі і да нафтавага пытання», – падкрэсліў ён.

Ігар Сечын. Крыніца: Mikhail Klimentyev / TASS / Forum

Палітолаг Андрэй Казакевіч скептычна ставіцца да версіі Венедыктава.

«Я ўсё ж больш схільны да версіі, што візіт Сечына – гэта не спецыяльнае пасланне Пуціна, а менавіта візіт кіраўніка найбуйнейшай расейскай нафтавай кампаніі. Я думаю, што гэта спроба Менску дамагчыся паразумення наконт паставак нафты ўжо на ўзроўні асобных кампаніяў», – адзначыў эксперт у інтэрв’ю belsat.eu.

Улічваючы «асаблівыя стасункі» Сечына і Пуціна (Сечын – сябар і паплечнік Пуціна яшчэ з піцерскіх часоў), Казакевіч не выключае, што кіраўнік «Раснафты» мог прывезці Лукашэнку «нейкую дадатковую інфармацыю», аднак наўрад ці гэта была асноўная мэта ягонага візіту. «Асноўнае пытанне – гэта пытанне коштаў», – падкрэсліў палітолаг.

Сечын і Пуцін падчас сустрэчы 11 лютага. Крыніца: kremlin.ru

Адзначым, што пра сустрэчу Сечына з Пуціным напярэдадні перамоваў у Менску (аб чым казаў Венедыктаў) нічога не паведамляла ні прэс-служба Крамля, ні прэса. Калі верыць расейскім СМІ, апошняя афіцыйная сустрэча Пуціна і Сечына адбылася 11 лютага і беларускае пытанне там не абмяркоўвалася.

Венесуэльскі след?

Кіраўнік Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі ў каментары belsat.eu падкрэсліў, што візіт Сечына варта разглядаць у кантэксце складаных перамоваў Менску і Масквы наконт паставак нафты. Прычым у вырашэнні канфлікту зацікаўлены не толькі Менск: «Раснафта», якая летась паставіла ў Беларусь 8,8 млн тон сыравіны, таксама хацела б аднавіць экспарт.

«Таму спадар Сечын мог прывезці новыя прапановы Лукашэнку. Але, мяркую, адначасова ён прывёз даволі жорсткі персанальны мэсідж ад Пуціна – папярэджанне Лукашэнку аб наступствах магчымага абмежавання транзіту расейскай нафты ў Еўропу», – кажа палітолаг. Нагадаем, 14 лютага Лукашэнка заявіў: «Калі з Расеі не будзе пастаўлена нафты ў патрэбных аб’ёмах, мы пачнем адбор з транзітнай трубы».

Hавiны
Лукашэнка распавёў, дзе збіраецца знайсці замену расейскай нафце
2020.02.14 15:58

Разам з тым Сівіцкі мяркуе, што напярэдадні візіту Сечына ў міжнароднай палітыцы адбыліся падзеі, якія могуць паспрыяць таму, што Расея пойдзе на пэўныя саступкі па нафтавым пытанні. Гаворка ідзе пра тое, што ЗША ўводзяць санкцыі супраць швейцарскага трэйдэра «Раснафты» Rosneft Trading, які гандлюе венесуэльскай нафтай. Менавіта Rosneft Trading з’яўляецца асноўным пастаўшчыком нафты на тры НПЗ «Раснафты» у Нямеччыне (акрамя венесуэльскай кампанія гандлюе таксама нафтай з Курдыстану). Forbes у 2019 годзе ацэньваў абʼём гадавых гандлёвых аперацыяў Rosneft Trading у 25 млн тон нафты – гэта прыкладна 10 % ад усіх абʼемаў «Раснафты».

Ілюстратыўнае фота. Сцягі ЗША на дыпламатычных машынах.
Фота: Vario Images/Forum

Сівіцкі адзначае, што цяпер партнёры Rosneft Trading будуць вымушаныя адмовіцца ад стасункаў з гэтай кампаніяй, каб не трапіць пад амерыканскія санкцыі.

«Таму я не выключаю, што спадар Сечын мог прапанаваць пастаўкі венесуэльскай нафты ў Беларусь на больш спрыяльных умоваў. Але я спадзяюся, што беларускі бок не прыме гэтую прапанову, бо гэта аўтаматычна падставіць Беларусь пад амерыканскія санкцыі», – кажа палітолаг.

Інтарэсы Сечына ў Беларусі

«Раснафта» мае ў Беларусі 36 АЗС, пяць нафтабазаў, а таксама валодае 21 % акцыяў Мазырскага НПЗ (42 % акцыяў Мазырскага НПЗ належаць расейскай кампаніі «Славнефть», якая з’ўляецца сумесным прадпрыемствам «Газпрамнафты» і «Раснафты»). Пасля візіту Сечына ў сеціве з’явілася версія пра тое, што «Раснафта» нібыта хоча цалкам прыватызаваць Мазырскі НПЗ і менавіта гэтая прапанова абмяркоўвалася з Лукашэнкам. У прыватнасці, такую думку выказаў экс-лідар АГП Анатоль Лябедзька на сваёй афіцыйнай старонцы ў Facebook.

Мазырскі НПЗ.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters

Экспертка ў нафтагазавай галіне Таццяна Манёнак лічыць варыянт з продажам Мазырскага НПЗ «Раснафце» малаверагодным.

«Ідэя цалкам выкупіць Мазырскі НПЗ будзе вельмі дорага каштаваць «Раснафце». У «Раснафты» сапраўды вялікія геапалітычныя амбіцыі, яны маюць праекты па ўсім свеце. Сечын раней ужо спрабаваў атрымаць кантроль над Мазырскім НПЗ, але беларускі бок выставіў такія ўмовы, што было відавочна: Лукашэнка не хоча нічога прадаваць. Не думаю, што Лукашэнка пагадзіцца і сёння. Навошта прыватызаваць заводы, дзе вялікія грошы ўкладзеныя ў мадэрнізацыю, у заводы, якія, як кажуць спецыялісты, будуць хутка адпавядаць еўрапейскаму ўзроўню? Тым больш што падатковы манеўр усё роўна ніхто не скасуе – кошты на нафту будуць усё роўна сусветныя», – адзначае яна.

На думку Манёнак, больш верагодна, што размова магла ісці пра нейкія іншыя праекты «Раснафты». Экспертка кажа, што Сечын неаднаразова дэманстраваў зацікаўленасць у Беларусі: напрыклад, калісьці ішла гаворка пра інвеставанне ў «Горадня Азот», а яшчэ пра тое, што «Раснафта» хоча стаць манапольным пастаўшчыком нафты ў Беларусь. Манёнак таксама нагадала, што ў 2013 годзе Сечын праз свае інтарэсы на Мазырскім НПЗ дамогся аднаўлення паставак нафты ў Беларусь, хаця тады ў расейскім урадзе пагражалі Менску іх скарачэннем на фоне чарговага крызісу ў двухбаковых стасунках.

Hавiны
Пяскоў: У Лукашэнкі эмоцыі бяруць верх
2020.02.17 13:39

Што тычацца цяперашніх перамоваў наконт паставак нафты, то Манёнак прызнае: беларускі бок аказаўся ў крытычнай сітуацыі праз жорсткую пазіцыю Масквы. У гэтым сэнсе асаблівае значэнне набывае менавіта наўпроставыя перамовы з найбуйнейшай расейскай кампаніяй. На думку эксперткі, «Раснафта» можа выступіць у якасці «завадатара»:

«Калі «Раснафта» пагадзіцца на пэўныя зніжкі, то з іх возьмуць прыклад і іншыя расейскія кампаніі».

Манёнак адзначае: дагэтуль не зразумела, хто наагул быў ініцыятарам сустрэчы – Масква ці Менск. З рэплікаў Лукашэнкі ў яе склалася ўражанне, што ініцыятарам як раз быў беларускі бок, а зусім не Крэмль.

Чытайце па тэме:

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў