Таццяну Севярынец асудзілі незаконна – такое рашэнне прыняў Камітэт па правах чалавека


Міжнародныя праваабаронцы падтрымалі Таццяну Севярынец. Камітэт па правах чалавека лічыць, што беларуская дзяржава парушыла правы спадарыні Таццяны на свабоду слова і мірныя сходы.

Яшчэ 7 гадоў таму віцебскую актывістку асудзілі на 700 тысяч рублёў (недэнамінаваных) за малітоўную сустрэчу ў падтрыманне палітвязняў, якую суд палічыў«несанкцыянаваным групавым публічным выяўленнем грамадска-палітычных поглядаў».
Першапачаткова Таццяна Севярынец спрабавала абскардзіць такое рашэнне ў вышэйшых судовых інстанцыях Беларусі – Віцебскі абласны і Вярхоўны суды, – аднак тыя пакінулі прысуд у сіле.
Пасля гэтага актывістка вырашыла абараніць свае правы за межамі краіны і звярнулася ў міжнародны праваабарончы орган.
Сябры Камітэту аднагалосна прызналі, што Рэспубліка Беларусь парушыла правы Таццяны Севярынец, прапісаныя ў артыкулах 19 (2) (Свабода слова) і 21 (Права на мірныя сходы) Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Камітэт вынес рашэнне, якім прызнаў, што ў 2011 годзе Рэспубліка Беларусь не выканала свае абавязкі па абароне правоў грамадзянаў на свабоду мірных сходаў і свабоду выражэння думак.

Для мяне незразумела, што яшчэ неабходна зрабіць, каб змяніць заканадаўства і перастаць выстаўляць нашу краіну на міжнародным узроўні як краіну-парушальніцу правоў грамадзянаў, – задаецца пытаннем праваабаронца Павел Левінаў. – Бо літаральна ў гэтым месяцы Таццяну Севярынец зноў асудзілі за ўдзел у масавым мерапрыемстве – цяпер за абарону Курапатаў.

Згодна з міжнароднымі нормамі, цяпер цягам шасці месяцаў беларускія ўлады абавязаны паведаміць у Камітэт аб прынятых мерах па аднаўленні правоў Таццяны Севярынец.

Віктар Старавойтаў, «Белсат»

Стужка навінаў