Таццяна Чуліцкая: «Вейшнорыю прыдумалі каб яна адцягвала ўвагу ад рэальнасці»


Чым адрозніваецца вобраз вучэнняў «Захад-2017», які нам паказваюць у беларускім і расейскіх дзяржаўных СМІ ад таго, што будзе адбывацца насамрэч на палігонах. У «Прасвеце» Таццяна Чуліцкая – палітолаг, выкладчыца Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту.

Чым тое, што мы даведваемся з афіцыйных крыніцаў і СМІ адрозніваецца ад таго, што схавана ад журналістаў і грамадскасці.

Вельмі добрае пытанне. Трэба мець на ўвазе, што цяпер 21 стагоддзе, інфармацыйныя войны і палітычная камунікацыя больш важнейшыя, чым тое, што адбываецца насамрэч. Гэта мы бачылі і ў выпадку Крыму, і апошніх палітычных канфліктаў, якія адбываюцца. Што ёсць насамрэч, што адбываецца на вайсковых вучэннях, мы не ведаем і ніхто не ведае. Гэта інфармацыя, якую мы атрымліваем, яна з розных крыніцаў. І калі мы параўнаем афіцыйныя беларускія СМІ альбо неафіцыйныя беларускія СМІ і расейскія СМІ, мы атрымаем зусім розныя карцінкі таго, што ёсць вучэнні «Захад-2017». Трэба мець на ўвазе, што вучэнні і іх інтэрпрэтацыя дае падставу для таго, каб пасля прымаць нейкія палітычныя рашэнні. І гэта мы вельмі добра бачылі ў выпадку Крыму, калі адбывалася істэрыя. Яна потым стала падставай да такіх рашэнняў, якія прывялі да такой сітуацыі ўва Украіне, якую мы маем цяпер. Пра асвятленне медыйнае і тое, што адбываецца насамрэч, я б казала так: што адбываецца насамрэч, нікому не вядома, а медыйныя войны вельмі цікавяць, за імі трэба сачыць і быць вельмі пільнымі.

Выхопліваць адрозненні…

Так, выхопліваць адрозненні і, можа я б яшчэ казала, каб не давяраць зашмат. Я б хацела яшчэ сказаць пра феномен Вейшнорыі, які мы маем. Што гэта была за інфармацыя, навошта яна з’явілася, чаму…

Што Вы маеце на ўвазе?

Сітуацыю, калі ўвогуле злілі частку сцэнара вучэнняў. Навошта гэта зрабілі? Цяпер што мы бачым у інтэрнэце? У інтэрнэце людзі ўжо распрацавалі сімволіку Вейшнорыі. Ужо ёсць пашпарты.

Відэа інтэрвʼю ў поўным выпуску праграмы

Давайце нагадаем гэты сцэнар. Што гэта за сцэнар? Сцэнар прадугледжвае тое, што суседнія з Беларуссю дзяржавы Лубенія і Вейсбарыя, то бок Паўночная Польшча і частка Літвы пачынаюць падтрымліваць пратэсты, якія адбываюцца на частцы тэрыторыі Беларусі, каб аддзяліць кавалак краіны, то бок Вейшнорыю. А калі пратэсты не атрымліваюцца, уводзяць туды войскі.

Так.

Мне цалкам нагадвае гэта сцэнар у Крыме і на Данбасе. Што хочуць сказаць аўтары сцэнару з Вейшнорыяй тым, хто будзе яго бескрытычна ўспрымаць?

Як мы разумеем, гэта, вядома, усё наша інтэрпрэтацыя. Але мне падаецца, што ўсё гэта было зроблена для таго, каб сам гэты сцэнар, менавіта яго распаўсюджанню ў СМІ, каб людзі звярталі менш увагі на тое, што насамрэч адбываецца. То бок, якія войскі прыходзяць у Беларусь, якія там дыслакацыі рэдыслакацыі адбываюцца, а каб людзі займаліся міфічнай Вейшнорыяй, рабілі сімволікі і неяк інтэрпрэтавалі, што адбываецца, у тэрмінах гульні. І праз гэта, мне насамрэч падаецца, адцягваецца ўвага ад сапраўдных, вельмі важных рэчаў, якія адбываецца.

Якія вельмі важныя рэчы, на вашую думку?

На маю думку гэта тое, куды ідзе дыслакацыя, як яна ідзе, хто куды прыязджае, якія войскі, калі іх будуць выводзіць – гэтае пытанне вельмі актуальнае. То бок, ад таго, як насамрэч праходзяць вучэнні.

Вы працуеце на штодзень у Вільні, бо там знаходзіцца сядзіба ЕГУ, які там змушаны працаваць, трэба сказаць праўду, бо яго выгналі з Беларусі. Літва вельмі асцярожна, калі не сказаць «нервова» глядзіць на гэтыя вучэнні. Чаго баяцца літоўцы?

З сацыялагічнага пункту гледжання я не магу сказаць, чаго яны баяцца, але іх непакоіць Беларусь, як суседка. І тут ёсць некалькі нагодаў, праз што гэта адбываецца. Калі гэта вучэнні «Захад», як вайсковыя вучэнні, гэта вельмі нервова для іх, як і для Польшчы і Літвы. Бо гэта проста на мяжы, для Вільні гэта 40 кіламетраў ад мяжы. Таму гэта вельмі актуальна і балюча. Мы разумеем, што блок як бы ўсходні і блок НАТО і сапраўды, калі раптам штосьці здарыцца небяспечнага, то і Літва і Польшча будуць першымі краінамі, якія будуць прымаць гэтыя ўдары. Хацелася б думаць, што такога не будзе. Праз такую памежную сітуацыю гэта вельмі важна для Літвы. Другая вельмі важная нагода, што Літва вельмі занепакоеная будаўніцтвам АЭС, якая амаль на мяжы.

Беларусь жа прапаноўвала суседзям, Літве, Латвіі, Польшчы купляць электрычнасць. Здаецца, добры бізнес, танная электрычнасць, не трэба ў сябе будаваць. Чаму занепакоеныя гэтым?

Для Вільні гэта 40 кіламетраў ад і гэта зона адсялення. Калі раптам нешта здарыцца на АЭС…

Дык што, уся Вільня будзе пакрытае грыбам гэтым (у выпадку аварыі)?

Гэтым грыбам і гэта будзе зонай адсялення, тое, што мы бачылі ў Чарнобылі. І Вільня, як сталіца, трапляе проста пад зону адсялення. Вядома, гэта вельмі непакоіць літоўцаў. Па-другое, вядома гэта прагматычны падыход, пра тое, пра што вы кажаце, вельмі тыповая гульня для Лукашэнкі, які заўсёды неяк прагматычна спрабуе падштурхнуць сваіх суседзяў да таго сцэнару, які яму выгодны. Напрыклад, набываць гэтую «танную», як ён кажа, энергію. Насамрэч, калі мы пабачым экспертныя адзнакі, гэта энергія не будзе такой таннай. І яшчэ невядома, якой яна будзе. Тут ёсць шмат пытанняў. Цяпер прынцыповая пазіцыя Літвы, літоўскіх грамадзянаў і палітыкаў не набываць гэтую энергію з беларускай АЭС. Яны таксама падштурхоўваюць да гэтага рашэння сваіх суседзяў, у прыватнасці Польшчу.

Так, і суседзі салідарныя з Літвой. Нарэшце нядаўна атрымалі згоду Польшчы.

Дзякуй за размову. Запрашаю паглядзець сюжэт, у якім тлумачыцца тое, як суседзі Беларусі рыхтуюцца да самага кепскага варыянту развіцця падзеяў.

 

Размаўляў Сяргей Пеляса

Стужка навінаў