Татава дачка, дачка воіна. У Менску прэзентавалі фільм беларускай рэжысёркі пра Данбас


У Менску пры падтрымцы амбасады Украіны ў Беларусі адбыўся закрыты паказ дакументальнага фільму «Тато». Гэта гісторыя адной кіеўскай сям’і, дзе муж і бацька пайшоў на фронт добраахвотнікам і загінуў пад Дэбальцава. Дачка шукала ягоная цела два доўгіх гады.

Стужку паказалі ў кінатэатры «Silver Screen» у гандлёвым цэнтры «Arena-city». Паглядзелі яе запрошаныя ўкраінскай амбасадай журналісты і прадстаўнікі грамадскай супольнасці.

На пачатку імпрэзы амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім прапанаваў прысутным ушанаваць хвілінай маўчання загінулых на Майдане шэсць гадоў таму падчас расстрэлу пратэстоўцаў.

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.
Фота: belsat.eu

«У апошні час у некаторых людзей з’яўляюцца сумневы, сціраюцца ўспаміны. Кожная пературбацыя ў нашай уладзе спараджае непаразуменні ў стаўленні да герояў… Але мы павінны разумець, што адбылося тады і трымаць у памяці той гераізм, які праявілі людзі на Майдане і як яны надалей працягвалі і працягваюць абараняць незалежнасць Украіны. Нават нягледзячы на правакацыі, як тая, што адбылася сёння ў раёне Залатога – правакацыйны, подлы наступ з боку расейскіх наймітаў», – сказаў Кізім.

Hавiны
Баевікі атакавалі пазіцыі ўкраінскай арміі на Данбасе. Зяленскі: Гэта спроба сарваць мірны працэс
2020.02.18 11:41

Украінская рэжысёрка Ларыса Арцюгіна ў суаўтарстве з беларускай Мартай-Дарыяй Клінавай у сваім фільме распавядаюць пра юную кіеўлянку Вольгу Самоленка і яе стасункі з татам. Відэа з сямейнага свята перамяжаецца з кадрамі баёў на Данбасе. Бацька Вольгі Уладзімір працаваў сістэмным адміністратарам, быў на Майдане, а калі пачаліся баявыя дзеянні на ўсходзе Украіны, накіраваўся добраахвотнікам на фронт у складзе батальёну «Данбас».

Як распавяла Марта-Дарыя, яе суаўтарка-украінка не можа прыехаць у Беларусь праз імаверныя праблемы з уладамі.

Марта-Дарыя Клінава. Фота са старонкі Facebook

«У мяне не было нейкай першапачатковай канцэпцыі, задумы – ідэя рабіць фільм прыйшла спантанна. Справа ў тым, што Ларыса з першы дзён вайны ездзіла ў АТО як валанцёрка і шмат здымала. І яна мела пару інтэрв’ю з Самоленкам. Потым пачалі з’яўляцца новыя матэрыялы, нешта адбывалася і ўрэшце ў нас атрымаўся фільм, дзе сутыкаюцца два сусветы: Лоры, якая была на фронце і мой – я была не настолькі ў кантэксце», – сказала рэжысёрка.

Клінавай было цікава распавесці, як маладая дзяўчына перажывае траўму. Чалавечага, гуманістычнага ў фільме насамрэч шмат.

Пабрацімы і валанцёры прыгадваюць вясёлага, шчырага і адважнага байца з пазыўным «Ваван». А Вольга Самоленка называе сябе «татавай дачкой» і прыгадвае Уладзіміра з іншага боку – як лепшага сябра па дзіцячых гульнях і суразмоўцу, якому заўжды магла давяраць.

Ён загінуў у лютым 2015 году ў раёне села Логвінава, калі ішлі найбольш зацятыя баі за раён Дэбальцава. Пры спробе заняць Логвінава, група патрапіла ў засаду: баевікі падманулі іх, прыляпіўшы сабе на форму жоўты скотч – адметны знак украінскіх байцоў. Частка групы была расстраляная – целы абгарэлі настолькі, што іх не ўдалося ідэнтыфікаваць. Уладзіміра Самоленку пахавалі ў Днепрапятроўску як часова неапазнанага абаронцу Украіны.

Кадр з фільму «Тато»

Жонка Самоленкі была не ў стане дзейнічаць, але дачка набралася мужнасці, каб адшукаць бацьку з дапамогай аналізу ДНК. Парэшткі ідэнтыфікавалі з трэцяй спробы. Летам 2017-га яго ўрачыста пахавалі ў Кіеве.

Паводле Марты-Дарыі Клінавай, яна пакуль не плануе ўдзельнічаць з фільмам «Тато» у кінафестывалях. Стужку ўжо прэзентавалі ў шэрагу ўкраінскіх гарадоў і цяпер аўтаркі спадзяюцца на супрацу з тэлеканаламі.

Hавiны
Як жылі паэты ў БССР да 1937-га? Глядзіце нязвыклы фільм «Белсату»
2018.08.01 08:08

Акрамя таго, Клінава працуе над новым праектам: дакументальным фільмам пра падлеткаў з мястэчка Шчасце на Луганншчыне, якое пацярпела ад моцных абстрэлаў.

На пытанне belsat.eu, ці не збіраецца рэжысёрка даследаваць тэму ўдзелу беларускіх грамадзянаў у вайне на Данбасе, яна адказала:

«Шчыра кажучы, я яшчэ не думала пра гэта, але калі я з кімсьці з іх пазнаёмлюся – такое цалкам магчыма. У грамадства ёсць цікаўнасць да гэтай тэмы».

КА belsat.eu

Стужка навінаў