Татам дазволілі «пераступіць парог» радзільні. Мінаховы здароўя зацвердзіла адпаведны рэгламент


Зіма. Тата з біноклем стаіць пад радзільняй, а ягоная жонка паказвае праз вакно пятага паверху кулёк з чырвоным тварам. Хутка ўсё будзе па-іншаму.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі вырашыла «лібералізаваць» правілы наведвання радзільняў і акушэрскіх аддзяленняў і зацвердзіла адпаведны Рэгламент (на жаль, тэкст рэгламенту міністэрства не апублікавала).

Дакумент быў распрацаваны паводле рэкамендацыяў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

Пра ініцыятыву зрабіць радзільні больш прыязнымі для людзей стала вядома яшчэ ў лютым 2018 года. Падчас кангрэсу «МАМА PRO» у Берасці пра гэта паведаміла галоўны акушэр-гінеколаг Міністэрства аховы здароўя Юлія Савочкіна. Чыноўніца заявіла, што міністэрства вырашыла дазволіць татам і «іншым родным» бесперашкодна прыходзіць ва «усе радзільні, радзільныя аддзяленні і акушэрска-гінекалагічныя аддзяленні краіны».

З прэс-рэлізу Мінаховы здароўя вынікае, што на падставе рэгламенту будуць распрацаваныя індывідуальныя правілы наведвання радзільных дамоў або акушэрскіх аддзяленняў «з улікам іх асаблівасцяў».

Міністэрства абяцае, што трапіць у радзільню зможа цвярозая асоба без прыкметаў інфекцыйных захворванняў: падвышанай тэмпературы, праяў рэспіратарнай інфекцыі, дыярэі і г. д. Падчас санітана-эпідэміялагічных захадаў у радзільню можна будзе зайсці толькі ў сродках «індывідуальнай абароны»: маскі, капялюшыкі, халаты, бахілы.

Раней наведванне парадзіх было дазволенае толькі ў гэтак званых платных палатах.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары