Тапелец – тапельца. Як Крэмль ратуе Венесуэлу


Прэзідэнт Венесуэлы Нікаляс Мадура на фоне спробы ўнесці змены ў канстытуцыю краіны і шматгадовага палітычнага крызісу, які прывёў да сутыкненняў ды ахвяраў сярод мірнага насельніцтва, шукае ратавання ў падтрыманні суседзяў.

«Я думаю, што нам не стае рэгіянальнага дыялогу, і я хацеў бы запрапанаваць Баліварыянскаму альянсу для народаў нашай Амерыкі ды магутным лідарам гэтых краінаў пачаць дыялог павагі да Венесуэлы. З урадамі Мексікі, Калумбіі, Перу, Аргентыны…», – зазначыў Мадура.

Улады Перу назвалі рэжым у Венесуэле «дыктатарскім»

Аргентынскі прэзідэнт Маўрысьё Макры і ўвогуле заявіў, што не разумее, як Мадура можа спаць з улікам колькасці смерцяў на ягоных руках.

А вось паміж Масквой і Каракасам пануе поўнае паразуменне. Крэмль ледзь не адзіны, хто падтрымлівае рэферэндум Мадура пра стварэнне

Канстытуцыйнай асамблеі, якая адбірае ўсе паўнамоцтвы ў апазіцыйнага парламенту. Падтрыманне не толькі на словах, але і на справе. Дзяржаўная кампанія «Роснефть» цягам трох апошніх гадоў авансам выплаціла $ 6 млрд., дзяржаўнай нафтавай кампаніі Венесуэлы (PDVSA), пры тым, што агульная сума даўгоў «Роснефті» пераваліла за $ 62 млрд.

Інфармацыя пра падтрыманне «Роснефтью» венесуэльскай кампаніі «PDVSA» прыйшла амаль адначасова з звесткамі пра падзенне чыстага прыбытку расейскага нафтагіганта на адну пятую, не зважаючы на тое, што здабыча нафты кампаніяй вырасла за апошнія паўгоддзе на 12 %. Да таго ж прадпрыемства працяглы час выдаткоўвае ўдвая больш грошай, чымся зарабляе.

Венесуэльская эканоміка балансуе ў пераддэфолтавым стане

Інвеставаць у банкрутаў – сумнеўны занятак. Да таго ж абедзве сталіцы застаюцца пад санкцыямі з боку ЗША. Ствараецца ўражанне, што адзін тапелец спрабуе ратаваць іншага.

Але пра якія б фінансавыя рызыкі не вялося, для Крамля нашмат важней дапамагчы ўтрымацца Мадура пры ўладзе. Бо ў выпадку перамогі ў краіне празаходняй апазіцыі Масква страціць чарговага саюзніка ў Лацінскай Амерыцы. А «Роснефть» і зусім можа быць выціснутая з краіны амерыканскаю кампаніяй «Exxon Mobil», якую ў свой час выгнаў з Венесуэлы вялікі сябар Расеі, ужо нябожчык, прэзідэнт Уга Чавэс.

Ігар Кулей/Белсат, фота – Andres Martinez Casares/Reuters

Стужка навінаў