Там, дзе спыніўся час. Вялікі фотарэпартаж з чарнобыльскай зоны


Фотакарэспандэнт Belsat.eu пабываў у зоне адсялення. Як выглядаюць гэтыя мясціны праз 32 гады пасля аварыі на ЧАЭС.

Людзі жылі на тэрыторыі вёскі Аравічы Хойніцкага раёну Гомельскай вобласці яшчэ з эпохі неаліту. Аб гэтым сведчаць знаходкі з археалагічных раскопкаў. Пасля аварыі на ЧАЭС у вёску без спецыяльнага дазволу трапіць можна толькі раз на год на Радаўніцу
Вёска Аравічы знаходзіцца на маляўнічым беразе багатай рыбаю ракі, усяго ў 25 км ад “гораду-прывіду” Прыпяці

Пасля чарнобыльскай трагедыі жыхароў вёскі Аравічы высялілі ў адзін дзень – 5 траўня 1986-га года. Людзям загадалі ўзяць з сабой толькі дакументы і каштоўнасці. Для жыхароў высяленне сталася шакуючай драмай. Некаторыя з іх не маглі вытрымаць ды сканчалі жыццё самагубствам ці хутка паміралі ад хваробаў сэрца
У 60-я гг. вёска налічвала каля тысячы жыхароў і мела сваю школу, дом культуры, кантору, краму, калгасы “Камунар” і “Перамога сацыялізму”
Каля барэльефа Леніна паказанні дазіметраў перавышалі дазволеную норму ў 6 разоў, а на могілках – у 8
Аравіцкіх школьнікаў вучылі ганарыцца роднымі мясцінамі і іх героямі. Напрыклад, не ўсе ведаюць, што пад Аравічамі на Прыпяці ў гады Другой сусветнай вайны пад кіраўніцтвам Сідара Каўпака была знішчаная фашысцкая флатылія з 14-ці караблёў. На гэтых пагорках пазней усталявалі помнік
Цяпер мясцовая Аравіцкая школа пераўтварылася ў нешта падобнае да радыеактыўнага музею, дзе час камуністычнай ідэалогіі выхавання моладзі назаўсёды спыніўся
Вера ў навуковы прагрэс, які разам з самаадданай працай у камуністычнай роўнасці прывядзе да поўнай перамогі сацыялізму істотна пахіснулася ў жыхароў вёскі Аравічы пасля наступстваў нядбайнасці на ЧАЭС
Выявы вялікіх правадыроў народаў у радыёактыўным распадзе у школе адселенай вёскі Аравічы
Некаторыя з былых жыхароў Аравічаў наведваюць на Радаўніцу сваю школу разам з дзецьмі, каб згадаць свае мінулае і нават знаходзяць свае сшыткі
Сцяг камуністычнай краіны кінуты падчас імклівай эвакуацыі
Хлопчык аднаго з жыхароў Аравічаў у закінутай школе
Рэшткі агітацыйнай веры ў перамогу пралетарыяту над капіталістамі

Ад выбухаў на ЧАЭС 26-га красавіка да экстранага высялення вёскі Аравічы мінула 9 дзён. Увесь гэты час мясцовыя жыхары і іх дзеці заставаліся ў вёсцы, пілі малако з забруджаных земляў ды ўдыхалі звышдозы радыяцыі
Да Чарнобыльскай катастрофы у Арэвічах і суседніх вёсках не было зарэгістравана ніводнага выпадку раку шчытападобнай залозы, а пасля – вялізную колькасць
Нягледзячы на афіцыйныя забароны і высокі радыяцыйны фон, зона штогод прыцягвае сталкераў, фатографаў, браканьераў і марадзёраў. Вандроўкі ў зоне небяспечныя і праз вялікую колькасць ваўкоў і іншых дзікіх жывёлінаў, якія у зоне адчуваюць сабе поўнымі гаспадарамі
Агітацыйныя плакаты з бацькам савецкага камунізму і героямі-юнакамі Чарнобыль пераутварыў у вобразы постапакаліптычнага мастацтва
Як іншыя адселеныя вёскі Хойніцкага, Брагінскага і Нараўлянскага раёнаў, вёска Аравічы ўваходзіць у склад Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, але большасць людзей называюць гэтае месца проста зонай адсялення
Савецкая моладзь дапамагае збіраць“багаты чарнобыльскі ўраджай” з “урадлівых” радыеактыўных аравіцкіх земляў
Радыяцыя з ЧАЭС атрымала перамогу над мясцовым калгасам “Перамога сацыялізму” літаральна за некалькі дзён, пазбавіўшы савецкіх калгаснікаў ад мараў аб землях, багатых ураджаем і шчаслівым жыцці у роднай вёсцы

Заставацца ў зоне гасцям рэкамендуюць не больш за некалькі гадзінаў, раяць не кранаць рэчаў і мыць рукі, каб змываць радыеактыўны пыл
Натхнённыя фільмам Таркоўскага “Сталкер” і аднайменнай камп’ютарнай гульнёй, усё больш людзей трапляюць у зону, каб адчуць сабе на нейкай містычнай тэрыторыі, што існуе паводле сваіх незвычайных законаў. У апошнія гады нават з’яўляюцца прапановы арганізаваць платныя эксурсіі ў зону, падобныя да тых, што робяць ва Украіне ў Чарнобыльскую зону
Маці-прырода паступова вяртае тэрыторыі

Працаўнікі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка кажуць, што многія з тых вяскоўцаў, якія атрымалі высокую дозу радыяцыі, непасрэдна пасля аварыі ці пражывалі доўга на забруджаных тэрыторыях і потым з’ехалі ў незабруджаныя, не змаглі адаптавацца і хутка памерлі. А вось сярод тых, хто застаўся жыць побач з запаведнікам, ёсць нават даўгажыхары
Хатняя расліна не здолела “ўз’яднацца” са светам дзікай прыроды
Хоць марадзёры ўжо і паспелі “папрацаваць” у выселеных хатах і каля іх, усё ж адчуваецца, што гаспадары не паспелі сабрацца і нешта ўзяць з сабой падчас адсялення
Мясцовы дом культуры паступова вяртаецца да прыроднай гармоніі, куды галоўны экалагічны варвар чалавек – вернецца яшчэ зусім не хутка
Савецкая рэклама Дзяржстраху выглядае ў мясцовым доме культуры троху гумарыстычна ў атачэнні разваленых гаспадарак, з якіх у адзін момант зніклі дарослыя, дзеці, хатняя скаціна і увесь транспарт

Праз вялізную колькасць выпаўшага на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка амерыцыя альфа-актыўнасць трансуранавых элементаў будзе расці ажно да 2056 г.
Таксама будзе павялічвацца актыўнасць трансуранавых ізатопаў плутонія -238, -239, -240, -241. Заражэнне гэтым рэчывам праз прадукты і паветра застанецца яшчэ надоўга вялікай небяспекаю для чалавека. Гэта значыць, што дзікія флора і фаўна паступова перамогуць і знішчаць рэшткі чалавечай цывілізацыі у зоне. Магчыма, што праз 40 гадоў наведвальнікі зоны адсялення нават не пабачаць слядоў маляўнічай палескай вёскі

Фота Вячаслава Радзіміча, belsat.eu

Стужка навінаў