«Там, дзе не паважаюць жыццё жывёліны, не будуць паважаць жыццё чалавека». Абаронцу жывёлінаў аштрафавалі за збор подпісаў


Абаронцу жывёлінаў Вольгу Маёраву аштрафавалі на 20 базавых велічыняў (490 рублёў). Яе абвінавачваюць па арт. 23.34 ч.3 КоАП РБ «Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». Рашэнне прыняла суддзя суда Цэнтральнага раёну Менску Вікторыя Шабуня.

На пачатку верасня актывістка збірала подпісы за прыняцце закона «Аб абароне жывёлінаў». Праз гадзіну пасля пачатку збору Вольгу затрымалі ды даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёну. Там на яе склалі пратакол, канфіскавалі ўсе сабраныя подпісы і памяткі пра петыцыі ў інтэрнэце.

Сабака Бай, з якім Вольга збірае подпісы. Фота – Валерыя Уласік/belsat.eu

Грамадзянская ініцыятыва «Мы з табой у адным доме», каардынатарам якой з’яўляецца Вольга Маёрава, актыўна спрабуе ўнесці кардынальныя папраўкі ў закон «Аб абыходжанні з жывёлінамі».

Першае, што патрабуюць абаронцы жывёлінаў, – прыняць новую рэдакцыю артыкула 137 ГК РБ. Сёння гэты артыкул трактуе хатніх жывёлінаў як маёмасць.

«Менавіта гэты пункт прыраўноўвае жывёлінаў у нашай краіне да біясмецця. І філасофія такая: біясмецце мы можам знішчыць, але не можам вылучыць грошы на стэрылізацыю. Таму дзяржаўных праграмаў па стэрылізацыі ў нас у прынцыпе не існуе», – тлумачыць Вольга.

Яшчэ адным важным крокам актывісты называюць далучэнне Беларусі да Еўрапейскай канвенцыі аб абароне хатніх жывёлінаў. У яе аснове – не знішчэнне, а рэгуляванне іх колькасці коштам стэрылізацыі і чыпаванне.

«У ёй агавораныя правілы адлову, выразна пазначаная адказнасць уладальнікаў гадаванцаў, прадугледжаныя штрафы за парушэнне правілаў абыходжання з жывёлінамі, – тлумачыць актывістка.

У сваім звароце да парламенту, актывісты просяць адмовіцца ад разгляду дапоўненага праекту закона «Аб абыходжанні з жывёлінамі», які Нацыянальны Сход вынес на абмеркаванне ў 2016 годзе. Замест гэтага яны прапануюць распрацаваць прынцыпова новы праект закону «Аб абароне жывёлінаў» з улікам меркавання абаронцаў жывёлінаў, досведу міжнароднай супольнасці ды заканадаўства развітых краінаў. А таксама перадаць распрацоўку закона з Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Вольга Маёрова ў судзе Цэнтральнага раёну Менску. Фота – Валерыя Уласік/belsat.eu

Вольга звяртае ўвагу на тое, што адкрытай статыстыкі па выдаткаванню сродкаў на абарону жывёлінаў не існуе.

«Сам міністр ЖКГ кажа на сустрэчы, што ён не валодае такой інфармацыяй. Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтву Дзмітрый Гурскі таксама не валодае. Мы заклікаем дзяржаву да супрацы. Гэта правядзенне семінараў, круглых сталоў для чыноўнікаў і абаронцаў жывёлінаў па вывучэнні замежнага досведу, сумесная распрацоўка сацыяльнай рэкламы на ТБ. Мы не прыходзім туды скандаліць, мы прыходзім прапанаваць канкрэтныя рэчы», – падкрэслівае Вольга.

Сваё затрыманне і штраф яна каментуе так:

«У нас ёсць досвед палітычных кампаніяў, мы можам гэта выкарыстоўваць, мы ведаем, як гэта арганізуецца. І, вядома, мы вельмі нязручныя грамадзяне. Аднак там, дзе не паважаюць жыццё жывёліны, не будуць паважаць жыццё чалавека».

Мaю прaвa
Вяскоўцы павесілі сабаку на плоце, а пасля кінуліся з граблямі на журналістаў
2018.09.19 19:05

Цяпер каардынатар грамадзянскай кампаніі «Мы з табою ў адным доме» думае прыпыніць збор подпісаў, бо не хоча падстаўляць валанцёраў.

«Людзі не звязаныя з палітыкай, для іх патрапіць у ізалятар часовага ўтрымання – гэта нешта неверагоднае», – дадала яна.

Чытайце па тэме:

Валерыя Уласік/ТП, belsat.eu

Стужка навінаў