Таллін абвінаваціў Расею ў анексіі 5 % эстонскай тэрыторыі


Спікер парламента Эстоніі, сябра Кансерватыўнай народнай партыі (EKRE) Хэн Пылуаас заявіў, што Расея анексавала прыблізна 5 % тэрыторыі Эстоніі. Пра гэта паведамляе DW.

«Анексія эстонскіх тэрыторыяў нічым не адрозніваецца ад акупацыі і анексіі Крыма», – напісаў Хэн Пылуаас у сетцы Facebook, дадаўшы, што «Эстонія не мае тэрытарыяльных прэтэнзіяў да Расеі», але хоча, каб вярнуліся «нашыя» тэрыторыі.

Абурэнне спікера эстонскага парламента выклікала інтэрвʼю дырэктарам Другога еўрапейскага дэпартамента МЗС РФ Сяргеем Бяляевым, апублікаванае на сайце «РИА Новости». У гэтым інтэрвʼю Бяляеў некалькі разоў назваў «нядзейным» Тартускі мірны дагавор 1920 года.

«Непрызнанне Тартускай мірнай дамовы, па сутнасці, азначае непрызнанне Эстонскай Рэспублікі. Гэта сведчанне аб нараджэнні нашай краіны і адна з найважнейшых асноваў нашай дзяржаўнасці», – напісаў Хэн Пылуаас.

Згодна з Тартускай мірнай дамовай 1920 года, падпісанаму РСФСР і незалежнай Эстоніяй, да Эстоніі адыходзіла частка тэрыторыяў, якія цяпер уваходзяць у склад Расеі. Гэта часткі Кінгісепскага і Сланцаўскага раёнаў Ленінградскай вобласці, а таксама Пячорскі край.

У 1940 году Эстонія была анексаваная СССР. У 1944 годзе Вярхоўны Савет СССР перадаў частку тэрыторыяў Эстонскай ССР у склад РСФСР. У 1957 годзе Вярхоўны Савет СССР зноў адкарэктаваў мяжы РСФСР і ЭССР – цяпер на аснове невялікага ўзаемнага абмену тэрыторыямі.

Праз спрэчкі вакол канчатковых межаў дзвюх краінаў да гэтага часу не падпісаная расейска-эстонская памежная дамова.

«У 2005 годзе ўжо падпісваўся пакет дамоваў аб мяжы, і подпіс Расеі пад гэтымі дамовамі прыйшлося адклікаць менавіта праз тое, што эстонскі парламент унёс у тэкст закона аб ратыфікацыі шэраг палітычных фармулёвак, што спасылаюцца на Тартускую мірную дамову, якая не дзейнічае і якая прадугледжвае фактычна тэрытарыяльныя прэтэнзіі да РФ », – заявіў у нядаўнім інтэрвʼю прадстаўнік МЗС РФ Сяргей Бяляеў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў