«Талака» распачала збор сродкаў на кнігу прафесара Шведа «Рэквіем паўстанцам 1863 – 1864 гадоў»


Гарадзенскі доктар гістарычных навук, прафесар Вячаслаў Швед падрыхтаваў да выдання новую кнігу пра падзеі паўстання 1863 – 1864 гадоў. Кніга напісана на базе архіўных матэрыялаў ды мае навукова-папулярны характар. Сёння, у 154 гадавіну пачатку паўстання 1863 года, Talaka.by сумесна з Вячаславам Шведам распачынаюць кампанію па збору сродкаў на выданне кнігі.

350 старонак пра паўстанне – за тры гады

Прафесар Швед больш за 3 гады рыхтаваў гэтую кнігу, збіраючы архіўныя матэрыялы ды вычытваючы мемуары сведкаў тых падзей. Для аўтара было важным узгадаць людзей, якія стваралі тыя падзеі:

«Я стараўся паказаць удзельнікаў узброеных партызанскіх атрадаў паўстанцаў. Паказаць людзей, якія былі ў Гарадзенскай ваяводскай рэвалюцыйнай арганізацыі. Паказаць людзей, якія дапамагалі хлебам, вопраткай, грашыма. Паказаць гімназістаў, якія прымалі актыўны ўдзел у паўстанні, людзей у часы да паўстання, калі быў так званы час дэманстрацыяў, спеваў у касцёлах, ды нашэнне жалобнай вопраткі з патрыятычнай «чорнай біжутэрыяй».

 

Кніга ўтрымлівае каля 300 ілюстрацый, узятых з рознай літаратуры ды архіўных дакументаў. Аўтар прадставіў яшчэ і спісы ад А да Я тых, хто «ўдзельнічаў у спевах у касцёлах, хто выганяў тут губернатара з кашачай музыкай, прывязаўшы да карэты яго банкі-шклянкі, якія грымелі ды брынькалі».

Чытачоў чакае каля 350 старонак захапляльнай гісторыі падзей не толькі 1863 – 1864 гадоў, але і папярэдніх паўстанню падзей.

Каліноўскі – «Кароль Літвы»

У кнізе ёсць і два нарысы, прысвечаныя Канстанціну Каліноўскаму ды Віктару Стажынскаму. Пасля Каліноўскага не засталося амаль ніводнага дакументу і каб рэканструяваць яго погляды прафесар скарыстаўся ўспамінамі паплечнікаў Каліноўскага:

«Я праглядзеў кола ягоных сяброў, прыяцеляў, знаёмых. Іх выказванні, іх успаміны, іх дзённікі. Калі мы адных поглядаў, ды ад мяне не засталося аніякіх дакументаў, то лагічна сказаць, што ў мяне былі сябры з падобнымі поглядамі».

Рэканструяваў Вячаслаў Швед погляды Каліноўскага ў аповедзе «Кароль Літвы».



Другі ж нарыс прысвечаны антыподу Каліноўскага – Віктару Стажынскаму, прадстаўніку ліберальнай «Белай партыі». «На Гарадзеншчыне Стажынскі адыгрываў значную ролю ў паўстанні. Быў губернскім маршалкам, але сышоў з пасады падчас працэсу, калі чыноўнікі ў знак пратэсту пакідалі свае пасады».

Трэба напісаць кнігу пра Каліноўскага

Прафесар Швед зазначае, што па гісторыі паўстання 1863–1864 гадоў напісана шмат навуковых і навукова-папулярных кніг. Але падобнай літаратуры не бывае зашмат: «Белыя плямы ў гісторыі паўстання ёсць. У Расеі напісаны тысячы кніжак пра дзекабрыстаў і ўсё роўна пішуцца яшчэ! Таму і пра паўстанцаў 1863 году многа не будзе!».

Вячаслаў Швед лічыць вялікім упушчэннем беларускай гістарыяграфіі адсутнасць кнігі з поўнай біяграфіяй Канстанціна Каліноўскага:

«Трэба напісаць кнігу пра Каліноўскага, бо ягоная біяграфія напісаная Шалькевічам добрая, але яна не канчатковая, яна няпоўная! Ён праўда потым артыкуламі стараўся плямы закрыць. Але на сённяшні дзень няма такой кніжкі, няма! Вельмі добра калі такая выйдзе.

Хай будуць і міфы, хай будуць і аб’ектыўныя гісторыі падзей пра людзей. Усё гэта ў дадзены момант уплывае на нашу сённяшнюю і будучую гісторыю».

«Рэквіем…» выйдзе пры дапамозе Talaka.by

Вячаслаў Швед спрабаваў апублікаваць сваю кнігу ў недзяржаўных выдавецтвах, аднак ня склалася. Неўзабаве да прафесара звярнулася Вольга Сямашка, якая прапанавала сабраць грошы праз сайт Talaka.by: «Гэта будзе добрая даніна памяці тым людзям, якія ўпершыню сказалі па-беларуску, што патрэбна свае дзяржава, мова і вера».

Прафесар Швед не можа выкладаць удома. Цяпер ягоныя лецыі слухаюць студэнты Варшаўскага ўніверсітэту.

І сапраўды, кніга Вячаслава Шведа, як рэквіем, як жалоба па тым людзям. З другога ж боку, гэта ўплыў на сённяшняе грамадства. Зараз беларусы таксама павінны думаць пра незалежнасць сваёй краіны і быць удзячнымі тым людзям, якія стараліся прыблізіць народнае шчасце на вышыню сваіх магіл.


Вячаслаў Швед нарадзіўся 7 кастрычніка 1956 года ў Горадні, доктар гістарычных навук (2001), прафесар (2005). Выкладаў у Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы, працаваў прарэктарам у абласным інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, загадчыкам кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму, з сакавіка 2008-га па 1 красавікa 2013-га – загадчык гэтай кафедры.

Звольнены з пасады загадчыка кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму, а 1 красавіка 2013 года Рада ўніверсітэту не абрала яго на пасаду прафесара па конкурсе. Выступіў у медыях з адкрытым лістом, заявіўшы, што звальненне зʼяўляецца палітычным.

Звальненне Вячаслава Шведа асудзіў, між іншым, польскі кінарэжысёр Кшыштаф Занусі.

Цяпер Вячаслаў Швед выкладае ў Польшчы. Прафесар мае каля 300 навуковых прац. Сферы навуковых інтарэсаў: сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў першай палове XIX стагоддзя, грамадска-палітычнае развіццё зямель Беларусі ў 1772–1863 гадах, гісторыя Горадні і Гарадзеншчыны.

Мікола Дзямідаў, belsat.eu

Стужка навінаў