Тактычная параза. Стратэгічная перамога?

Алесь
Дзянісаў
Музыка, журналіст

Перадвыбарчая гонка пачынаецца. Гульцы вядомыя. Вядомыя і правілы. Сітуацыю вакол выбараў-2020 шмат хто называе ўнікальнай. У прынцыпе, кожныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі былі ўнікальнымі, але зараз своеасаблівасцяў і адрозненняў значна менш, чым агульных заканамернасцяў. Справа ў тым, што правілы для кагосьці існуюць, а хтосьці можа на іх напляваць. Ну, як заўсёды.

З 26 гадоў кіравання Аляксандра Рыгоравіча апошнія гадоў 10 можна назваць «святам уладнага застолля». Нарэшце ўсё пад кантролем, у кватэры за сталом сабраліся ўсе мілыя для сэрца госці, за вакном – цішыня і спакой. Час ад часу перашкаджаюць «мухі» у выглядзе незалежных СМІ ды блогераў. Але ад іх можна адмахнуцца, ці нарэшце прыхлопнуць. З суседніх кватэраў паступаюць заявы аб незапакоенасці сітуацыяй: маўляў, вы напіліся і бушуеце, перашкаджаеце спаць! Дацерпяць і гэтыя небаракі! Далей святкуем і п’ем! І калі раптам высвятляецца, што незапрошаных гасцей значна больш, чым запрошаных, і яны яшчэ і пачынаюць абурацца, то тады трэба ім паказаць, хто ў хаце гаспадар. На выхад, ахоўнікі!

Штабы Бабарыкі, Цапкалы і Ціханоўскай заявілі пра аб’яднанне

Мяне не пакідае адчуванне, што ў Беларусі існуе некалькі рэаліяў. Улада, напрыклад, жыве ў сваім намаляваным свеце ўжо вельмі даўно. Больш таго! Мне падаецца, што ільвіная доля прадстаўнікоў дзейснай улады шчыра ўпэўненыя ў тым, што большасць народу на іх баку. І яны сапраўды паверылі ў тое, што заўсёды дзейнічаюць у межах законнасці! Можа ў кагосьці з іх калісьці і былі сумневы, але потым ці гэтыя людзі выцяснялі свае сумневы з галоваў, ці гэтых людзей замянялі на тых, хто менш разважае і сумняецца. І вось цяпер перад намі сапраўдныя баявыя «драўляныя жаўнеры Урфіна Джуса», да якіх немагчыма дагрукацца. Вось чаму ўсе гэтыя звароты да дзяржаўных работнікаў мне бачацца вельмі наіўнымі. «Вінцікі» не рэфлексуюць, шаноўная Марыя Калеснікава! Вось чаму мяне страшэнна здзіўляе, калі час ад часу на вуліцах чуецца вокліч «Міліцыя з народам!» Міліцыя сапраўды шчыра верыць, што яна з народам! А вось толькі вы, даражэнькія рамантыкі, у яе вачах – не народ!

Ноч пад будынкам РУУС. Міліцыя: «Прыходзьце яшчэ!»

У іншым свеце жывуць і некаторыя прадстаўнікі старой апазіцыйнай гвардыі. Цэтлікі «прамаскоўскі» ці «гэбэшны» развешаны фактычна на ўсіх каго толькі можна. Можа гэта ўсё і праўда. Але ў чым вы бачыце выхад? Той жа байкот не падрыхтуеш фэйсбучнымі заявамі, якія амаль ніхто не чытае. І наагул, з трыбуны лёгка крычаць гульцам пра тое, што яны не туды бягуць і не так, як трэба, б’юць па мячу! Глядач заўсёды ведае як граць, але ж не ён зараз на полі…

Не адстае і «новая апазіцыя». Па трапнаму параўнанню спадара Фядуты дагэтуль яны сапраўды выглядалі «прадстаўнікамі свету эльфаў». «Светлыя і пухнатыя эльфы» прыходзяць да «драўляных дубаломаў» і кажуць: «Давайце гуляць па правілах!» Адразу неяк не сумняешся ў выніку гульні. Больш таго, пачынаеш турбавацца і клапаціцца пра здароўе «светлых і пухнатых»! У прынцыпе, так яно і адбылося. Нават самы баявы з партыі «светлых» – зусім не «пухнаты» Сяргей Ціханоўскі – бачна, што цалкам быў не падрыхтаваны да магчымай «чырвонай карткі».

Еўрадэпутат пра пратэсты ў Беларусі: Грамадства паказвае сілу грамадзянскай волі

Складаецца ўражанне, што для «новай апазіцыі» не існавала выбараў у 2006 годзе, выбараў у 2010 годзе… Чаму не вучым гісторыю? Улада заўсёды дзейнічала аднолькава жорстка! Пратэсты ў 2010 годзе, напрыклад, таксама былі цалкам мірныя! І чаму ўлада, якая разагнала шматтысячную Плошчу, не будзе сёння разганяць чэргі ў ЦВК ці мірныя заезды раварыстаў? Гэта ж значна лягчэй і спакайней! І бюджэт краіны паціху будзе папаўняцца за кошт штрафаў, і буяны паспеюць астыць да выбараў на «соднях». І канешне зразумела, што ніякіх рэферэндумаў па Канстытуцыі ці пераліку падпісных лістоў ніхто не дапусціць. Хопіць лятаць у аблоках!

Як бы не фанабэрыліся зараз прадстаўнікі штабоў Цапкалы і Бабарыкі, у цэлым можна канстатаваць, што «План В» не спрацоўвае. Але ці ёсць «План С»? Ужо значна больш рэалістычная і рэзкая ацэнка сітуацыі прагучала падчас прэс-канферэнцыі Валерыя Цапкалы. Але з большага, так мы і не пачулі канкрэтыкі па будучыні. Узбадзёрылі словы спадара Валерыя: «мы будзем зараз праводзіць кансультацыі з усімі палітычнымі сіламі, якія хочуць пераменаў у Рэспубліцы Беларусь», а таксама выказванне пра неабходнасць «сумеснай стратэгіі». Яна вельмі патрэбныя! Не важна якая будзе выбрана стратэгія: выбары ці байкот. Толькі аб’яднанне ўсіх прагрэсіўных сілаў, «старой» і «новай» апазіцыі, сацыялістаў і кансерватараў, будзе мець нейкі сэнс. Тады мы канкрэтна ўбачым якую ролю грае Сяргей Чэрачэнь, і ці гатовы на справе, а не на словах, рэабілітавацца спадар Дзмітрыеў.

«Уся падлога пада мной была ў крыві». У Беларусі 15 ліпеня былі затрыманыя больш за 30 чалавек

Відавочна, што калі будзе абраная стратэгія выбараў, то трэба абʼядноўвацца вакол аднаго кандыдата. Як не дзіўна, мне бачыцца такой абʼядноўваючай фігурай менавіта Святлана Ціханоўская – чалавек, які не мае ніякіх палітычных амбіцыяў і вопыту палітычнай барацьбы. Не бяда! Хопіць прафесіяналаў, якія дапамогуць. Дагэтуль да яе не прычапілі ніякіх «прарасейскіх» цэтлікаў. Менавіта яна можа стаць такім кампрамісным кандыдатам для палітычнага апазіцыйнага бамонду. У вачах простых людзей спадарыня Святлана таксама выглядае найбольш прывабна. І не толькі таму, што яна сама з простага народу. Яе далейшая барацьба мае вельмі блізкае і зразумелае для кожнага беларуса адценне – яна змагаецца за свайго мужа!

З гэтымі «выбарамі» амаль усё зразумела. Справа толькі ў колькасці адсоткаў, якія плануюць агучыць «за» АГЛ: вялікія ці нахабна вялікія? Захад абмяжуецца «нотамі занепакоенасці». Пуцінскі рэжым (два боты пара з нашым), хоць і ціха ненавідзіць Лукашэнка, ніколі не пойдзе на падтрымку дэмакратычных зменаў у Беларусі. Тактычна мы сёння прайгралі, але ці мы даем рады для далейшай барацьбы, дзеля стратэгічнай перамогі?

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў