Тактычная група «Беларусь» адказала на ініцытыву абвесціць амністыю для беларусаў, якія ваявалі на Данбасе


Тактычная група «Беларусь» заяўляе, што амністыя беларусам, якія ўдзельнічаюць у вайне на Данбасе, не патрэбная. Замест гэтага беларускія дабраахвотнікі патрабуюць спынення ў Беларусі крымінальнага пераследу тых, хто ваюе на баку Украіны.

Учора лідар кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў звярнуўся ў камісію па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў і да Генеральнага пракурора Беларусі з прапановай прыняць закон аб амністыі для беларусаў, якія ваююць на Данбасе як на баку Украіны, так і на баку сепаратыстаў.

Дзмітрыеў прапануе «даць трохмесячны тэрмін кожнаму грамадзяніну Беларусі, каб апынуцца дома». Гэта значыць, што ўсе, хто вернецца з Данбаса цягам трох месяцаў пасля ўступлення ў сілу новага закона, не падпадуць пад крымінальную адказнасць за наёмніцтва.

«Мы, байцы Тактычнай групы «Беларусь» стаім на баку ўкраінскага народу і нам не патрэбныя казкі пра амністыю, як і сама амністыя. Беларусы, якія ваююць на баку Украіны не маюць магчымасці паехаць на Радзіму. Тыя ж, хто ваююць на баку калабарантаў з ДНР-ЛНР без праблем наведваюць Беларусь і няма з боку ўладаў нейкага пераследу гэтых злачынцаў», – падкрэслівае ў сваёй заяве ТК «Беларусь».

Беларускія дабраахвотнікі адзначаюць, што яны маюць пяць патрабаванняў да ўладаў Беларусі, якія трэба рэалізаваць замест «амністыі для ўсіх»:

  • спыніць крымінальны пераслед беларускіх дабраахвотнiкаў, якія змагаюцца на баку Украіны;
  • даць прававую ацэнку грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія ваююць за «ЛДНР» «i спыніць дзейнасць у Беларусі арганізацыяў, якія займаюцца вярбоўкай і падрыхтоўкай наймітаў для ЛНР-ДНР»;
  • скасаваць «чорныя спісы» на мяжы, з-за якіх народныя дэпутаты, грамадскія дзеячы, журналісты, прадстаўнікі творчых эліт Украіны не могуць наведаць Беларусь;
  • даць дазвол на трансляцыю ў тэлевізійных сетках Беларусі ўкраінскіх тэлеканалаў i трансляцыю ўкраінскіх фільмаў пра Майдан i вайну на Данбасе;
  • спыніць правакацыі, ціск i пераслед родных беларусаў Міхася Жызнеўскага i Алеся Чаркашына.

ТК «Беларусь», што абʼядноўвая беларускіх дабраахвотнікаў, была створана ў ліпені 2015 году ў межах Добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу «Правага сэктару». На пачатку 2016 года ў групу ўваходзіла больш за 30 байцоў. Пазней ТК «Беларусь» была ператворана ў самастойнае баявое падраздзяленне.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў