Таксіст з Менску атрымаў 3 гады калоніі за падвоз нелегалаў да мяжы


Аршанскі суд прызнаў 47-гадовага таксіста з Менска вінаватым у садзейнічанні незаконнай міграцыі. Мужчына правядзе ў калоніі тры гады за тое, што падвёз двух азіятаў да расейскай мяжы.

Пра гэта паведамляе прэс-служба Дзяржпагранкамітэта.

Таксіст дамовіўся з адным з былых пасажыраў, які быў арганізатарам канала незаконнай міграцыі, падвозіць замежнікаў за грошы.

У сакавіку 2017-га кіроўца ўзяўся перавозіць двух грамадзян Пакістану з Менска ў Маскву. Але ўбачыўшы, што ў пашпартах няма расейскіх віз, пагадзіўся давезці іх у Дубровенскі раён – да мяжы.

«Пасажыры перадалі за аказаныя паслугі 1000 долараў, частку з якіх таксіст па змове адправіў банкаўскім пераводам арганізатару ва Украіну», – распавялі ў памежным камітэце.

Самі замежнікі прыбылі ў Беларусь на законных падставах, атрымаўшы запрашэнне на вучобу ад Гарадзенскага аграрнага ўніверсітэта ў 2016-м годзе. Але ў выніку разгляду справы стала вядома, што іх асноўнай мэтай была Нямеччына, куды выхадцы з Паўднёвай Азіі незаконна збіраліся накіравацца з тэрыторыі Расеі.

Таксіст віну прызнаў цалкам. Суд прысудзіў яго да 3 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

КА, belsat.eu

 

Стужка навінаў