Таксічная дыпламатыя. Як Расея выкарыстае атручванне Скрыпаля


Так рэзка на атаку былога расейскага шпіёна ў Еўропе рэагуюць упершыню. Вялікая Брытанія не збіраецца выбачаць Расеі атручванне Сяргея Скрыпаля, а Пуцін не збіраецца ісці на кампраміс. Расейскі прэзідэнт збудаваў сабе імідж самадастатковага лідара – перамір’е з Захадам азначала б для яго «прагнуцца».

4 сакавіка 2018 гадоў у брытанскім горадзе Солсберы на лаве каля аднаго з гандлёвых цэнтраў знайшлі без прытомнасці былога ваеннага разведчыка Сяргея Скрыпаля, падданага Каралеўства, і ягоную 33-гадовую дачку Юлію, якая прыехала з Масквы наведаць бацьку. Цяпер абодва ў рэанімацыі ў стане комы.

Таксічная дыпламатыя

Вялікая Брытанія ўсталявала, што Скрыпалёў атруцілі нервова-паралітычным рэчывам класа «Навічок», якое было распрацаванае ў Расеі, і ўскладвае адказнасць на расейскае кіраўніцтва. Міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў назваў абвінавачванні «лухтой».

Пасля гэтага брытанскі ўрад выслаў 23 расейскіх дыпламатаў і адмяніў паездку кіраўніцтва краіны на Чэмпіянат свету па футболе. Расея ў адказ выслала брытанскіх дыпламатаў.

У сваёй прамове ў парламенце Тэрыса Мэй казала, што пасля 1991 года яе краіна глядзела на Расею з надзеяй.

«Мы хацелі палепшыць нашыя дачыненні, і вельмі шкада, што прэзідэнт Пуцін вырашыў дзейнічаць такім чынам. Аднак мы не будзем цярпець пагрозу брытанскім і іншым грамадзянам ад расейскага ўрада на нашай зямлі, і не будзем глядзець спакойна, як Расея парушае свае міжнародныя абавязацельствы», – заявіла брытанская прэм’ер.

Калі б не жорсткая рэакцыя Мэй, атручванне расейскага здрадніка магло б і не стаць сенсацыяй: Масква не ўпершыню распраўляецца з перабежчыкамі – у тым ліку на брытанскай тэрыторыі.

Чорная метка

Большасць экспертаў лічыць, што здарэнне са Скрыпалём – помста, і перасцярога патэнцыйным ахвотным здрадзіць радзіме.

«Трэба паказаць: хто збяжыць – таго чакае такі лёс. Гэта “чорная метка”», – кажа «Белсату» навуковец, савецкі дысідэнт і дэпутат Дзяржаўнай Думы ў 1993–2003-м гадах Сяргей Кавалёў.

Масква мае прэтэнзіі да Лондану, што той дзейнічае не па пратаколу: не звяртаецца да структураў, якія кантралююць распаўсюд хімічнай зброі ў свеце.

Справа ў тым, што Арганізацыя па забароне хімічнай зброі не даказала існаванне гэтага газу – а значыць, абмежаванні на яго распаўсюд не працуюць.

Лідэры Вялікабрытанія, ЗША, Францыя і Германія запатрабавалі ад Расеі рассакрэціць праграму распрацоўкі «Навічка».

Савецкі навуковец Віл Мірзаянаў, які называе сябе адным з распрацоўшчыкаў «Навічка», распавёў, што рэчыва вынайшлі, вывучылі і эксперыментальна выпусцілі шмат тонаў канцавога прадукту толькі ў Расеі.

«Ніхто ў свеце гэтага не ведаў. Ніхто не меў гэтага рэактыву», – заяўляе Мірзаянаў.

Хімік эміграваў у Злучаныя Штаты, і тэарэтычна, мог раскрыць амерыканцам рэцэпт «Навічка». Эксперты, аднак, не бачаць інтарэсу ЗША ў атручванні Скрыпаля і звяртаюць увагу на рэакцыю Расеі пасля здарэння.

Тарас Кастанчук, кіраўнік Аб’яднання ўдзельнікаў АТА, у размове з «Белсатам» кажа, што пасля брытанскіх заяваў Расея магла б праверыць склады, а не называць усё правакацыяй.

«Гэта выклікае здзіўленне з боку заходніх краінаў: калі гэта не вы, то чаму так рэагуеце?», – кажа Кастанчук.

Эксперты, з якімі мы размаўлялі, не змаглі назваць ніводнай прычыны, па якой аперацыю правяла б не Расея. Меркаванні разыйшліся толькі ў мэтах атакі. Апроч найбольш распаўсюджанай версіі помсты, называліся адцягванне ўвагі грамадства ад пэўных праблемаў, спробы падняць градус патрыятызму напярэдадні выбараў або прыкрыццё больш сур’ёзных аперацыяў спецслужбаў.

Анджэй Мрочэк, Эксперт па тэрарызме Анджэй Мрочэк дапускае, што атручванне Скрыпаля можа быць прэлюдыяй да шырокай выведкі або канкрэтных дзеянняў Расеі ў розных частках планеты – напрыклад, у Сірыі.

«У Расеі будзе нагода не дапускаць да размоваў іншыя краіны, прыкрываючыся замарожваннем дачыненняў з Вялікай Брытаніяй, Злучанымі Штатамі і іншымі заходнімі краінамі», – сцвярджае спецыяліст.

Новая Халодная вайна

Расея не чакала, што напад на шпіёна выкліча такую вострую рэакцыю і салідарнасць амаль усяго Еўразвязу і НАТА. Журналісты параўноўваюць казус Скрыпаля са смерцю падпалкоўніка КДБ Аляксандрам Літвіненкі, якога атруцілі ў Лондане ў 2006-м радыеактыўным палоніем.

На гэтым тыдні BBC выпусціла дакументальны фільм «Новы цар Пуцін», у якім ёсць цікавы ўспамін Міхэіла Саакашвілі аб банкеце пасля аднаго з самітаў СНД – ён (тады яшчэ як прэзідэнт Грузіі) сядзеў каля Пуціна і Лукашэнкі.

«Лукашэнка пастаянна жартаваў над Пуціным. Ён сказаў: Міша, ты едзеш у Лондан, табе трэба наесціся. У Лондане есці не раю – асабліва сушы. Да іх і блізка не падыходзь. Ведаеш, самая бяспечная ежа – на талерцы ў Уладзіміра Уладзіміравіча, тут дакладна не атруцішся. І пераставіў талерку Пуціна да мяне. Той выраніў відэлец і заявіў, што не мае ніякага дачынення да забойства Літвіненкі», – узгадвае Саакашвілі.

Розніца ў тым, што Літвіненку атруцілі задоўга да анексіі Крыму. «Расея не да канца сабе ўсведамляе, што пасля 2014 года змянілася не толькі рыторыка ў яе адрас, але і стаўленне заходніх краінаў: цяпер яны не дазваляюць ужо на такога тыпу дзеянні», – кажа «Белсату» Лукаш Ясіна з Польскага інстытут міжнародных справаў.

Паводле Лукаша Ясіны, супадзенне па часе аперацыі супраць Скрыпаля і выбараў прэзідэнта – такая ж выпадковасць, як збіццё пасажырскага «боінга» напярэдадні ўвядзення санкцыяў супраць Расеі ў 2014-м. Так атрымалася. Эксперт кажа, што атруцілі Скрыпаля імаверна без загаду Пуціну, але расейскі кіраўнік бароніць свае спецслужбы, бо з’яўляецца іх закладнікам. Больш, чымся ад іх, Пуцін залежыць ад самога сябе і сваёй антызаходняй нарацыі. Ён не можа памірыцца з Захадам, бо перастане быць Пуціным.

«Расея не адступіць: часам яна будзе правакаваць канфлікты з Захадам, часам будзе марнаваць шанцы кампрамісу – ніхто іншы, а яна сама. Не Трамп, не Мэй, не немцы, не французы, не шкоднікі-палякі, не ўкраінцы, а сама Расея», – дадае Ясіна.

Спадзяванні Тэрысы Мэй на тое, што Расея пасля развалу СССР зменіцца, не апраўдаліся. Саюзу даўно няма, але Халодная вайна працягваецца.

Дзяніс Дзюба

Стужка навінаў