Такога ўшчыльнення яшчэ не бачылі: забіраюць зямлю і кажуць, што так і трэба


Вёску, якая ўвайшла ў склад Горадні, ушчыльняюць: замест 49 сядзібаў на тым жа месцы паўстане 140. Механізм просты: старым уласнікам абрэжуць зямлю да 10 сотак, а «лішкі» – прададуць з аўкцыёну.

20 студзеня ў школе № 38 прайшло выязное паседжанне камісіі Гарадзенскага гарвыканкаму ў справе ўшчыльнення прыватных сядзібаў у колішняй вёсцы Вішнявец. У актавай залі сабралася каля ста чалавек: уласнікі прыватных сядзібаў ды прадстаўнікі гарвыканкаму.

Сёння былая вёска – гэта вуліца прыватнай забудовы, ад 2008 году тэрыторыя ўваходзіць у гарадскую рысу. Цяпер жа прыватнікаў збіраюцца ўшчыльняць.

«Такую ўладу – на пенсію!»

Напружанне ў зале адчувалася ад самага пачатку, таму самы першы выступ кіраўніка землеўпарадкавальнай службы сустрэлі выклікамі з задніх шэрагаў: «Такую ўладу – на пенсію!» Падчас выступаў галоўнага архітэктара і аўтара праекту напружанне не спадала, сход месцамі ператвараўся ў балаган.

Усе аперацыі адбываюцца згодна генплану, зацверджанаму ў далёкім 2003-м, як тлумачаць прадстаўнікі гарвыканкаму. Жыхары ж пра лёс сваіх надзелаў даведаліся менш за месяц таму – напрыканцы снежня 2015 году, калі праект з’явіўся ў інтэрнэце.

– Вы забіраеце ў людзей надзелы, выкупленыя ў пажыццёвае карыстанне, – задае мужчына пытанне з залу, – Адразаеце палову. Дык дайце перавагу людзям, каб хаця б набыць у дзяржавы гэтыя ўчасткі падчас аўкцыёну! Калі ўжо забіраеце бессаромна.

– Гэта не прадугледжана заканадаўствам, – адразае галоўны архітэктар Сіліч.

– Дык як нам рэагаваць на ваш «беспредел»?! Аддайце палову сваёй кватэры – тое самае будзе!

Людзям прапануюць купаць іхную ж зямлю

Сітуацыя, сапраўды, атрымліваецца абсурдная: людзям прапануюць праз аўкцыён выкупаць іхную ж зямлю, прычым на роўных правах з іншымі пакупнікамі «з вуліцы».

«У чарзе на атрыманне ўчастку, – тлумачыць галоўны архітэктар, – стаіць больш за 5 000 чалавек, – калі Вы там стаіце першымі ці другімі – то атрымаеце. Пішыце заяву ў гарвыканкам, магчыма яе задаволяць».

Жыхарам тлумачаць, што ім будзе выплачаны кадастравы кошт той часткі надзелу, які вымаецца дзяржавай. Пасля на той жа тэрыторыі будзе сфармаваны новы зямельны ўчастак ды выстаўлены на продаж.

Дэпутат: Нічога зрабіць нельга

Некалькі разоў людзі высмейваюць аўтара праекту, які, быццам, не ведае, што дзе знаходзіцца на Вішняўцы, дзе якія камунікацыі пракладзеныя. Напрыканцы сустрэчы з’яўляецца дэпутат аблсавету, да якога жыхары ўжо звярталіся – Мікалай Адамчык. Але і тут расчараванне: Адамчык тлумачыць, што нічога зрабіць ужо нельга, трэба змірыцца.

Пэўны час па сканчэнні агульнай часткі сустрэчы людзі абмяркоўваюць справы паміж сабой ды тлумяцца вакол мапы з праектам перабудовы раёну. 25 студзеня на сайце гарвыканкаму маюць быць падведзеныя папярэднія вынікі, улічваючы «заўвагі» жыхароў.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў