Такога беспрацоўя не было 20 гадоў. Як спрацуе кавіданоміка падчас каронакрызісу?


У Беларусі запрацаваў праект «Кавіданоміка», які маніторыць сітуацыю з айчыннай эканомікай падчас крызісу, які быў выкліканы пандэміяй COVID-19, ды спрабуе даць адказы на выклікі.

Праект «Кавіданомікі» запусцілі Цэнтр эканамічных даследаванняў BEROC, Бізнес-школа ІПМ, Даследчы цэнтр ІПМ і кампанія ў сферы маркетынгавых даследаванняў SATIO пры падтрымцы Шведскага агенцтва супрацы ў галіне міжнароднага развіцця Sida.

Мэта «Кавіданомікі» – падаваць актуальныя звесткі пра сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі падчас пандэміі COVID-19.

Амаль палова беларусаў заявіла пра зніжэнне даходаў

На сайце праекту можна знайсці звесткі пра чаканні ды адчуванні людзей адносна сітуацыі з выкліканым пандэміяй каронавіруса крызісам. Гэтак, паводле апытання SATIO , 45 % апытаных беларусаў заяўляюць пра зніжэнне сваіх даходаў. Прыкладна столькі ж (47,1 %) – чакаюць далейшага падзення даходаў.

Інфаграфіка: covideconomy.by

Чвэрць беларусаў (24 – 25 %) плануе ў бліжэйшы час павысіць выдаткі на харчаванне, медычныя тавары ды паслугі, дастаўку прыгатаванай ежы і паліва. Большасць знізяць выдаткі на кіно і тэатр (77 % апытаных), кавярні ды рэстарацыі (76 %), тавары доўгага карыстання (мэблю, электроніку, бытавую тэхніку – 58 %).

Інфаграфіка: covideconomy.by

Што датычыць бізнесу, то зараз найбольш значныя праблемы, з якімі сутыкаецца большасць кампаніяў, – рэзкае скарачэнне попыту на ўнутраным рынку (78,3 %), захаванне памераў арэнднай платы і падаткаў (57,3 %). Усё больш прадпрыемстваў сутыкаецца з праблемай ліквіднасці і ростам дэбіторскай запазычанасці.

Інфаграфіка: covideconomy.by

Нягледзячы на ўсе намаганні па аптымізацыі і пошуку рашэнняў, ужо цяпер каля 46,2 % бізнесаў зніжаюць заробкі і прэміі, пераводзяць працаўнікоў на няпоўны дзень (42,7 %). Да звальненняў перайшлі 18,9 % кампаніяў, а 13,3 % вымушаныя прыпыняць дзейнасць.

Інфаграфіка: covideconomy.by

Онлайн можна сачыць і за штодзённымі зменамі коштаў у Беларусі. Гэтак, за тыдзень 13 – 20 красавіка цэны ў Беларусі выраслі на 0,54 %.

Інфаграфіка: covideconomy.by
Інфаграфіка: covideconomy.by

Таксама можна параўнаць статыстыку захворвання COVID-19 у Беларусі з іншымі краінамі, паглядзець на ўзровень самаізаляцыі ды грамадскай актыўнасці жыхароў.

Напрыклад, паводле наведвальнасці, найменш пацярпелай катэгорыяй у Беларусі сталі прадуктовыя крамы і аптэкі, а вось мацней за ўсё знізілася наведвальнасць месцаў адпачынку: рэстаранаў, бараў, ГЦ, тэатраў і музеяў.

Самая вялікая праблема – рост беспрацоўя

У каментары belsat.eu дырэктар Даследчага цэнтру ІПМ Аляксандр Чубрык заявіў, што каронакрызіс не абміне ніводную краіну свету. Паводле яго, з той прычыны, што ў Беларусі не ўводзіўся жорсткі каранцін, эканамічная актыўнасць у краіне зменшыцца не так істотна, як магла б. Але праз скарачэнне попыту ў гандлёвых партнёраў праблемы Беларусь атрымае ўсё адно. Таксама скараціўся і ўнутраны попыт, бо зменшылася гандлёвая актыўнасць беларусаў.

«Відавочна, што турызм, транспартная галіна і ўсё тое, што не датычыць продажу харчавання і побытавых паслугаў, ужо атрымалі вялікі шок», – заявіў суразмоўца.

Аляксандр Чубрык, даследчы цэнтр ІПМ. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Самую ж вялікую праблему эксперт бачыць у росце беспрацоўя, якога, паводле яго, не было прынамсі апошнія 20 гадоў.

«Калі раней беларусы пачыналі губляць працу, то заўсёды побач былі такія краіны, як Расея, Польшча ці іншыя, якія былі гатовыя прыняць нашых працоўных мігрантаў. Таму цяжар для мясцовага рынку працы быў меншым. Зараз гэтыя краіны закрытыя. Калі эпідэмія сыдзе яны, відавочна, будуць больш закрытыя, чым да крызісу. І ўсе гэтыя людзі будуць спрабаваць знайсці працу ў Беларусі», – мяркуе эканаміст.

Пры гэтым у Беларусі фактычна адсутнічае нармальная сістэма падтрымкі беспрацоўных. Зараз, калі магчымасці знайсці новую працу зменшыліся, на думку эканаміста, трэба ўводзіць дапамогу ў выпадку беспрацоўя хаця б на ўзроўні пражыткавага мінімуму (Br 239,87 супраць сённяшніх Br 27-54).

«Ясна, што будзе рэгістравацца значна больш людзей, але гэта будуць рэальныя людзі, рэальныя беспрацоўныя», – адзначыў Аляксандр Чубрык.

Таксама варта было б стымуляваць прыватныя кампаніі, каб яны абышліся мінімальнымі скарачэннямі працаўнікоў. Напрыклад, пэўны час дзяржава магла б даплачваць частку заробку працаўнікам прыватных кампаній.

«Напрыклад, пражыткавы мінімум ці мінімалку плаціць дзяржава, а рэшту – наймальнік», – сказаў эканаміст.

Апроч таго, ён прапануе зменшыць адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Зараз жа 34 % наймальнік мусіць заплаціць у ФСАН ад фонду заробкаў.

Hавiны
«Сітуацыя змяняецца, як на арэлях». Што чакае Беларусь у сувязі з абвалам коштаў на нафту?
2020.04.21 16:38

Падатковыя вакацыі шкодныя

Пры гэтым механізм падатковых вакацыяў дырэктар Даследчага цэнтру ІПМ лічыць патэнцыйна шкодным.

«Калі табе кажуць, што можаш не плаціць зараз, а заплаціць пасля, то адкуль пасля гэтыя грошы возьмуцца? Гэта значыць, што пасля ты мусіш заплаціць удвая», – адзначыў Аляксандр Чубрык.

Эксперт прызнае, што гэта можа стаць дадатковым цяжарам для Мінфіну, «але гэта ўжо пытанне фінансавання дэфіцыту, і пэўны бюджэт у Міністэрства фінансаў існуе на гэтыя рэчы».

Hавiны
Эканаміст: ратаванне эканомікі паводле ўзору ЗША можа даць адваротны эфект
2020.04.22 16:54

Агулам, кажа Аляксандр Чубрык, комплекс захадаў павінен быць значна больш шырокім і датычыць, у тым ліку, банкаўскай сферы. Таксама ён выступае за ўвядзенне мараторыя на праверкі на 2-3 гады, бо «гэта не будзе кароткачасовы шок».

«Цалкам лагічнай выглядае праца з даўгавымі інвестарамі, знаходжанне нейкіх кампрамісаў. Напрыклад, можна мяняць графікі плацяжоў, каб яны не пагоршылі нашыя суверэнныя рэйтынгі. Але ў гэтым кірунку, наколькі я разумею, праца вядзецца», – заявіў эканаміст.

Агулам, на яго думку, зараз важна не пайсці шляхам папулісцкіх рашэнняў, якія б маглі разбурыць эканоміку: нельга пакідаць прыватны сектар і грамадзянаў самім вырашаць свае праблемы, бо «ясна, што гэты крызіс не такі, з якога можна лёгка вылезці».

Пры гэтым Аляксандр Чубрык заклікаў да максімальнай адкрытасці ўладаў, бо «чым больш ты закрываешся, тым больш людзі будуць падазраваць найгоршыя варыянты, нават калі ты разглядаеш найлепшыя».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў