«Такія людзі потым становяцца легендамі на стагоддзі». Сябры – пра Аляксандра Кулінковіча


Фота - Таццяна Менская

Сёння не стала выдатнага музыкі, саліста гурта Neuro Dubel Аляксандра Кулінковіча. Ягоныя сябры, знаёмыя ды калегі распавялі belsat.eu пра тое, якім ён быў.

Алег Хаменка, музыка

Цяжка гэта ўсё, асэнсаваць зараз гэта проста немагчыма. Саша жыў на мяжы. Пазнаёміліся мы, напэўна, яшчэ на Каранацыі-92. Neuro Dubel – гэта не панк, гэта блазан-рок, хоць усе ў свеце гэта і назавуць панк-рокам. Музыка паралельнага сусвету, яна настолькі тады была патрэбна Беларусі. Мы запісалі разам з ім дзве песні, ён запрасіў мяне як вакаліста. Мне гаварылі: «Алег, ну што ты будзеш пісацца з Neuro Dubel, твой вакал будзе гучаць у гэтых самых». Я ганаруся гэтымі работамі!

Ён быў абсалютна шчыры, абсалютна адкрыты. У нас былі заўсёды нейкія выдатныя адносіны. Так, напэўна, ненармальна, павінныя быць нейкія хібы, але ў нас ніколі не было. Я яму напачатку гаварыў «А па-беларуску слабо?». Аказалася, што не слабо. Аказалася, што гэта можна ўзяць і проста, можа, дзесьці з памылкамі, але гэта было настолькі шчыра. Ён мог і па-беларуску сваю творчасць прадставіць і ён гэта зрабіў. Гэта непараўнальна ні з чым.

Саша – жыццё на мяжы, усё жыццё на мяжы. Да, у творчага чалавека гэта ўсім падабаецца, а як для асобы проста для жыцця, то гэта ж неверагодна складана. Такія людзі потым становяцца легендамі на стагоддзі.

Юлія Чарняўская, культуролаг

З Сашай Кулінковічам мы пазнаёміліся на ток-шоу «Форум» Эдуарда Мельнікава. Мы счапіліся языкамі і не змаглі расчапіцца да вечара. Да гэтага я не магла сабе ўвогуле ўявіць, што я пайду на канцэрт Neuro Dubel. Але я пабачыла перад сабой крайне інтэлігентнага, разумнага, з добрым пачуццём гумару абсалютна свайго чалавека. Калі ён запрасіў нас на канцэрт, я не хацела ісці, бо я не люблю гучнага шуму, гучных спеваў, увогуле не люблю шматлюднай атмасферы, я ў гэтым плане інтраверт. Калі мы прыйшлі туды, туды ж прыйшла і нашая дачка Жэня, на той момант ёй было гады 22-23 і яна ўжо шмат разоў была на канцэртах Neuro Dubel. Яна ўжо карысталася Фэйсбукам, а мы не.

І яна піша: «Я з глузду з’ехала? Мама падпявае кожнаму слову, папа прытоптвае нагою. Што з маімі бацькамі і чаму яны слухаюць Neuro Dubel?».

Я ёй патлумачыла, што Саша Кулінковіч спявае для нас і пра нас. Гэта бліжэй да нашага пакалення і бліжэй да нашага разумення жыцця. То бок, гэта чалавек, які абʼядноўваў эпоху малодшых і старэйшых, бо ён спяваў пра важныя рэчы на гэтай прасторы, важныя для гэтага жыцця, якія нікуды не знікаюць і ніяк не змяняюцца. Мне вельмі будзе не хапаць Сашы. Мне ўжо яго не хапае.

Сяргей Будкін, вядоўца Belsat Music Live

Упершыню на ўласныя вочы я ўбачыў Кулінковіча на прэзентацыі праекту «Песнярок» у парку Янкі Купалы, гэта быў, здаецца 1997 год. Да гэтага я яго бачыў толькі па тэлевізары ў «Праграме А» паказвалі гурт Neuro Dubel з песняй «Волагда», як ён качаўся па сцэне. Мяне гэта надта ўразіла, бо дагэтуль я бачыў толькі такіх каменных вакалістаў, якія пры мікрафоне з гітараю, а Кулінковіч ваўчком там па сцэне круціўся і ўжо гэтая манера паводзінаў на сцэне на той час уразіла. Пазнаёміўся з ім непасрэдна ўжо падчас працы над праектам «Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу» у 2002 годзе. Я прыйшоў да яго дамоў з півам, каб распытаць яго пра ўсю гісторыю гурта і канкрэтна пра альбом «Умные вещи» – такі першы, напэўна, знакавы альбом Neuro Dubel 95-га году, які мы ўключылі на той час у спіс самых галоўных альбомаў беларускай музыкі. Ну, і з таго часу мы перыядычна сустракаліся. Ён паказаўся мне вельмі мілым і інтэлігентным. Ён адразу з парогу заявіў, што «Вось тут мяне не лічаць беларускім музыкам, а я сраку парву за Беларусь. І сцяг мой бел-чырвона-белы, што б там не казалі».

На дзіва, Neuro Dubel быў больш беларускім гуртом, чым некаторыя беларускамоўныя ў той час, калі ён яшчэ ў прынцыпе не спяваў па-беларуску. Дастаткова сказаць, што гэта быў, напэўна, першы рускамоўны гурт у гісторыі «Басовішча», адзін з першых рускамоўных гуртоў, хто атрымаў рок-карону.

Ведаю, што на яго моцна паўплывала творчасць Караткевіча. Адна з першых песень «Скрыпка дрыгвы» з’явілася на словы Караткевіча, пасля ён стаў спрабаваць пісаць, нават мне тэлефанаваў, каб удакладніць нейкія беларускія словы, як яны вымаўляюцца, ці можна так сказаць па-беларуску. Мне было вельмі прыемна дапамагчы самому Кулінковічу ў рэдагаванні песняў.

Памятаю, ён рабіў цікавую акцыю «Цукеркі дзецям», 2001 год, напэўна. Ён вырашыў сабраць канцэрт са знакавымі рок-гуртамі і ўсе грошы з квіткоў пералічыць на пакупку цукерак для дзяцей з дзіцячых дамоў. Я тады дапамагаў яму перакладаць бэйджыкі ды афішы.

У нас на той час на пачатку нулявых быў свой гурт Siver, мы набраліся нахабнасці, каб запрасіць Кулінковіча да запісу альбому, каб ён паміж песнямі чытаў вершы Аркадзя Куляшова. Для нас маладых музыкаў гэта было вялікім гонарам. Ён быў вельмі адкрыты да супрацы, вельмі адкрыты да размоваў, ён ніколі не хлусіў. Для мяне ён заўжды быў такі чысты, крыштальны, сумленны, душэўны, іранічна такі шчыры. Мог і паслаць такім добрым словам, а мог сказаць: «Давайце сябраваць на ўсё жыццё».

Кулінковіч вельмі любіў расказваць не столькі пра сябе, колькі пра гурт. З выхадам альбома ён тэлефанаваў, што запісаў самы лепшы альбом. Ён лічыў, што кожны новы альбом лепшы за астатнія, пры тым вельмі шанаваў раней зробленае, пенсні не губляў і аднаўляў зробленае яшчэ ў 90-х.

У беларускую музыку ён прынёс драйв. Фактычна Neuro Dubel – гэта першая панк-рок каманда ў гісторыі беларускай музыкі. Ён нёс такую энергію…

Можна паглядзець на ачумеўшых Мулявіна і Кашапарава, якія экспромтам спелі на «Рок каранацыі» разам з Neuro Dubel «Волагду». Той факт, што Мулявін яму ўручыў карону і сказаў, што ён таксама лічыць Neuro Dubel лепшым беларускім гуртом на той момант, гэта таксама вельмі цікава. Тут не пра ноты, не пра роўнасць, гранне, тут пра душэўнасць пра драйв пра эмоцыі. Гэта было напоўніцу, ён падпітваў сябе і дзясяткі тысячаў людзей, якія яго слухаюць.

На канцэрце, на якім я апошні раз яго бачыў, энергія не знікала. Пры тым, што яму ўжо 46, ён на сцэне пачуваўся сябе шаснаццаці ці васямнаццаці гадовым, заўжды сцэна яго падпітвала.

Юлія Ляшкевіч, аднагрупніца Аляксандра, рэкламіст

Мы вучыліся разам на першым курсе. Мы не былі сябрамі, не былі нават прыяцелямі, час ад часу сустракаліся. Саша – вельмі добры чалавек, неверагодна добры чалавек, ад Сашы заўсёды ішла нейкая энергія, быццам бы цябе штосьці абдымае цёплым воблакам. Ён быў вельмі разумным, вельмі цікавым, быў вельмі чулым. Аднойчы я яму патэлефанавала і запрасіла на паказ у валёнках. Ён кажа: я на вёсцы, але прыеду, распавядай, што там. І я памятаю, як мы надзелі на яго гэтыя валёнкі, ён выступаў з дзвюма стрыптызэркамі. Ён калі выходзіў на сцэну, то неяк вельмі хутка пераўтвараўся.

Сашына музыка – не мая музыка, акрамя «Переехало комбайном». Неяк я стаяла ў офісным цэнтры, і там стаялі тры офісныя дзяўчынкі. Такія тыповыя офісныя дзяўчынкі ў нейкіх завужаных спаднічках, офісных кашульках. І яны пачалі паміж сабою казаць, як яны пойдуць на «Neuro Dubel». Я яшчэ здзівілася, бо ў мяне гэта не вязалася. А яны ўзгадвалі мінулы канцэрт, як яны гарланілі песні і пелі адну з Сашыных песняў. Мяне гэта вельмі ўразіла. Яго вельмі любілі. Ён, канешне, для цэлага пакалення, а можа і не аднаго, знакавая фігура і яна з імі застанецца.

Гэта так несправядліва… Ён быў вельмі таленавіты, яго заўсёды вельмі любілі, у яго было шмат энергіі, яму падабалася, што ён робіць на сцэне. Яму не давалі гэта нармальна рабіць. Ён не мог нармальна жыць проста матэрыяльна. Гэта так несправядліва, гэта так выматвае, падкошвае…

Усё гэта пакаленне – «Крама», Памідораў, «Neuro Dubel» – яны ўсе заўсёды былі шмат чаго дастойныя. Нават не ў сэнсе народнай любові, а ў сэнсе нармальнага жыцця, нармальных гастроляў, нармальнага матэрыяльнага стану.

Развітанне з Аляксандрам Кулінковічам адбудзецца 5 жніўня ад 15:00 да 16:00 у крэматорыі Паўночных могілак.

ГА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары