Такі сабе пратэст: не плаціць за камуналку

Наталля
Літоўская
Эксперт па нерухомасці

У сацсетках абмяркоўваюцца ўсе новыя формы пратэсту – напрыклад, пратэст рублём. Не купляць прадукцыю «прыкарытных» кампаніяў, старацца набываць тавары адзін у аднаго, каб дзяржаве не перападаў ПДВ і, як варыянт – не плаціць за камунальныя паслугі. Апошняя форма пратэсту – самая простая, але выклікае процьму спрэчак.

Пазіцыю «камунальнага пратэсту» выказаў тэлеграм-канал Nexta: «Дзесяцігоддзямі беларусы не маглі даведацца, як фарміруецца кошт на аказанне паслуг. Гэтую схему так да гэтага часу ніхто і не разгадаў. Самі ж работнікі ЖКГ, падобна, забыліся, з чыіх падаткаў выплачваюцца ім зарплаты, і занятыя тым, што псуюць нашу маёмасць, зразаюць нацыянальныя ўпрыгожванні ў нашых дварах, зафарбоўваюць народнае мастацтва. Ні ў каго няма гарантыяў, куды пойдуць грошы ад аплаты камунальных паслуг. Так што прыйшоў час паказаць ЖКГ, хто тут гаспадар».

Атмасфера на Грушаўцы. Менск, Беларусь. 19 верасня 2020 г. Фота: ТК / belsat.eu

Трэба заўважыць, даўгі за камуналку ў менчукоў былі заўсёды. На 1 красавіка гараджане былі вінныя 7 мільёнаў рублёў. Больш свежых звестак няма (і наўрад ці з’явяцца, ЖКГ не на руку распавядаць, што пратэст шырыцца). І што ён наагул ёсць. Але не рэагаваць Міністэрства ЖКГ не можа.

Спачатку спрабавалі пагражаць. Разлікова-касавыя цэнтры нават даслалі даўжнікам паведамлення аб запазычанасці па аплаце камунальных паслуг з папярэджаннем, што за гэта можа быць пакаранне: арышт на маёмасць, забарона на кіраванне аўтамабілем або позва ў суд.

Атмасфера на Грушаўцы. Менск, Беларусь. 19 верасня 2020 г. Фота: ТК / belsat.eu

Падобны зварот размясцілі на афіцыйным сайце адміністрацыі Цэнтральнага раёну гораду Гомля. Там пішуць пра «прымусовае адчужэнне жылога памяшкання ўласнікам пры наяўнасці запазычанасці за жыллёва-камунальныя паслугі», папярэджваюць «Калі ў Вас на руках маецца «гарачая пуцёўка» на пляжы Турцыі, Егіпта і г.д., Вы можаце сутыкнуцца з неабходнасцю пагашэння значнай сумы за камунальныя паслугі, што ў сваю чаргу можа, па меншай меры, сапсаваць уражанні ад адпачынку» (менавіта так было ў аб’яве).

Што рэальна будзе даўжнікам?

За пратэрміноўку аднаго перыяду пагражае толькі пеня.

Сайт ЖКГ тлумачыць: калі прапусціць дзве і больш «жыроўкі», атрымаць пісьмовае папярэджанне і не аплаціць доўг на працягу 5 дзён, можа пагражаць:

  • прыпыненне прадастаўлення паслуг;
  • спагнанне запазычанасці на падставе выканаўчых надпісаў натарыусаў, а пры наяўнасці спрэчкі – у судовым парадку.

Калі не плаціць за камунальныя паслугі больш за 6 месяцаў, можна чакаць суда і прымусу ўласніка жылога памяшкання да адчужэння жылога памяшкання.

Атмасфера ля сажалкі Мухля на Грушаўцы. Менск, Беларусь. 19 верасня 2020 г. Фота: ТК / belsat.eu

«Камунальныя пратэстоўцы» прыдумалі спосаб абыходу заканадаўства – плаціць не ўсю суму, а, напрыклад, толькі рубель. Накшталт як ад аплаты не адмаўляюцца, проста недаплачваюць. Пакуль ЖКГ не расказала аб спосабах процідзеяння такім паводзінам, але, відавочна, яны будуць знойдзеныя.

«Ды не плаціце вы АМАПу»

Пасля таго, як да чыноўнікаў ад ЖКГ дайшло, што пагрозы – стратэгія, якая толькі злуе грамадзянаў, пастараліся заклікаць да сумлення. Праз АНТ нагадалі: у сістэме ЖКГ працуюць больш за 140 тысяч беларусаў. Гендырэктар ЖКГ Менскай вобласці Васіль Шашок тлумачыў: «Мы ж не заязджаем на запраўку і не бярэм бензін таму, што нам хочацца. Мы не ідзем у краму і не бярэм каўбасу таму, што нам хочацца. Як такім чынам не плаціць за паслугі ЖКГ? Гэта такі ж прадукт і там працуюць такія ж людзі, як і ўсе ў краіне. Пры неаплаце паслуг ЖКГ мы маем права не даць гэтага тавару. Не даць вады ў кватэру, цяпла, электрычнасці, газу. І што ў нас будзе? Хаос? Таму я лічу, што такія заклікі – гэта заклікі да хаосу».

Заклік сышоў у пустэчу: людзі, якія «пратэстуюць жыроўкамі», дзяржтэлебачанне даўно не глядзяць.

У буднія дні пратэст перамяшчаецца ў двары. Фота: «Белсат»

Дзіўна, але знайшліся ў сістэме кемлівыя работнікі. У тэксце аб’явы ад разлікова-даведачнага цэнтру №3 Першамайскага раёну сказана: «Паступаючыя плацяжы па аплаце жыллёва-камунальных паслуг залічваюцца на разліковыя рахункі пастаўшчыкоў гэтых паслуг (УП «Менскавадакнал», УП »Менгаз», ЖКГ, РУП «Менскэнерга» і г.д.), а не іншых арганізацыяў». Накшталт не сказалі прамым тэкстам, што «вашыя грошы не ідуць на заробак амапаўцаў», але намёк ясны.

Уласна, гэта праўда. Сілавікоў сілкуюць з бюджэту, а самыя прыбытковыя артыкулы бюджэту:

  • падатак на дабаўленую вартасць (ПДВ, ён закладзены ў кожным тавары, які вы купляеце ў краме);
  • падаходны падатак з фізічных асобаў (на гэта наёмныя супрацоўнікі ніяк паўплываць не могуць, падатак пералічвае бухгалтэрыя, вы гэтых грошай не бачыце);
  • падатак на прыбытак (плацяць прадпрыемствы і прадпрымальнікі);
  • акцызы (падакцызныя тавары – алкаголь, уключаючы піва, тытунёвыя вырабы, аўтамабільнае паліва, маторныя масла).

Дарэчы, у камунальныя паслугі ПДВ не ўключаны. Так што значна больш балюча, чым нявыплата камуналкі, па бюджэце ўдарыць скарачэнне колькасці пакупак у крамах (і перавод рэсурсаў, якія вызваліліся, у валюту), у асаблівасці – алкаголю і тытунёвых вырабаў. Гэта яшчэ і для здароўя карысна.

Шматдзетныя – да пабачэння. Крэдыты на жытло будуць толькі для сілавікоў

Наталля Літоўская/ІР belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў