«Такая воля Бога». Чаму Лукашэнка паехаў на Раство ў жаночы манастыр?


Аляксандр Лукашэнка на Раство завітаў у царкву ў гонар іконы Божай Маці «Дзяржаўная» на тэрыторыі Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра ў Менску. Журналісты «Белсату» паспрабавалі высветліць, чаму менавіта туды накіраваўся кіраўнік дзяржавы.

Фота: president.gov.by

7 студзеня, на Раство Хрыстова, Аляксандр Лукашэнка завітаў у царкву іконы Божай Маці «Дзяржаўная», што месціцца на тэрыторыі Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра ў Менску. Але чаму менавіта туды паехаў Лукашэнка? Чаму не ў Кафедральны сабор? Мы зайшлі на сайт Свята-Елісавецінскага манастыра. На самім сайце ніякая інфармацыі пра візіт Лукашэнкі няма – прынамсі, на 17.00. Што нас здзівіла, гэта што сайт знаходзіцца ў дамене «RU», а сярод безлічы моўных версіяў на сайце няма беларускай.

Фота: president.gov.by

– Чаму Лукашэнка завітаў менавіта да вас?

– Вы ведаеце, мы самі нічога не ведаем, губляемся ў здагадках. Прынамсі я, просты супрацоўнік манастыра, – кажа Ірына, супрацоўніца аддзелу знешніх сувязяў Свята-Елісавецінскага манастыра. – Я магу вам сказаць як чалавек уцаркаўлёны, што гэта такая воля Бога, што гэтым разам ён у нас [быў. – Belsat.eu]. А чаму, якія ў яго былі іншыя матывы, я ж вам не адкажу. Я не прыбліжаная асоба.

Скрын сайту obitel-minsk.ru

– Ваш манастыр знаходзіцца ў Беларусі. Але чаму ваш сайт знаходзіцца ў дамене «RU»?

– Я таксама задавала сабе пытанне, чаму. Але, на жаль, не магу адказаць на вашае пытанне.

– І яшчэ адзін момант, які нас засмучае. На сайце ёсць розныя моўныя версіі: расейская, ангельская, французская, нямецкая, італійская і нават сербская. А беларускай мовы няма. Чаму?

– Не ведаю чаму. Напэўна, я не той чалавек, які можа вам гэта падказаць.

Вітаўт Сіўчык Belsat.eu

Стужка навінаў