«Так вырашыў наймальнік»: звольненыя азотаўцы працягваюць судзіцца за аднаўленне на працы


У Горадні 13 звольненых працоўных прадпрыемства «Горадня Азот» судзяцца за аднаўленне на працы. Яны патрабуюць прызнаць іх звальненні незаконным і кампенсаваць маральную шкоду – у памеры ад 3000 да 10 000 рублёў.

Нагадаем, 26 кастрычніка 2020 азотаўцы пачалі далучацца да стачкі. Ранкам гэтага дня каля 150 працоўных сабраліся на прахадной, калі прыехалі сілавікі: больш 50 чалавек затрымалі, астатніх сілай з-пад дручкоў загналі на працу.

Судовае паседжанне, 22 студзеня 2021 г. Горадня.
Фота: Белсат

Затрыманых азотаўцаў збівалі ў аўтазаку, пры гэтым сілавікі крычалі «Што, сукі, працаваць не хочаце?» Многіх адпусцілі ў гэты ж дзень з пратаколамі апытання і затрымання.

Пасля гэтага на заводзе пачаліся звальненні: адміністрацыя звольніла некалькі дзясяткаў чалавек. Афіцыйная фармулёўка – за прагулы, парушэнне ўнутранага распарадку, адсутнасць на працоўным месцы больш за тры гадзіны і прычыненне матэрыяльнай шкоды прадпрыемству. Пры гэтым – без згоды незалежнага прафсаюзу, з ціскам на працоўных і шматлікімі парушэннямі (напрыклад, суткі арышту прыроўнівалася да прагулаў).

Пры падтрымцы незалежнага прафзвязу азотаўцы падалі пазоў у суд з патрабаваннем аднавіць іх у працы. На першых паседжаннях працоўныя распавядалі гісторыі сваіх звальненняў.

«Кармавыя база, ідзіце на працу!»

Артуру Богушу 48 гадоў, з іх 26 год ён працаваў на прадпрыемстве. Апаратчык вытворчасці капралактана.

Ён адзначыў, што ўсе, хто падаў пазоў зараз, былі сведкамі таго, што адбывалася на прахадной 26 кастрычніка.

«За ўвесь час існавання заводу працоўных ніколі не заганялі на працу сілай. Сілавікі з дручкамі крычалі нам «Кармавыя база, ідзіце на працу!» Нашыя мінулыя дырэктары перавярнуліся б у трунах ад такога», – кажа працоўны.

Сам ён быў у адпачынку з 19 кастрычніка да 13 лістапада. Звольнілі ж яго за матэрыяльную шкоду, якую ён нібыта прынёс прадпрыемству 26 кастрычніка.

Судовае паседжанне, 22 студзеня 2021 г. Горадня.
Фота: Белсат

«Калі я кепскі спецыяліст, звальняйце мяне па законе. За 26 год працы да мне не было ніякіх пытанняў. Пасля пабачанага бязмежжа сілавікоў на прахадной я напісаў заяву ў стачку. Не магу маўчаць, калі працоўных бʼюць і цягнуць у аўтазак. Хацеў адправіць дырэктару, але не паспеў дайсці да паштовага аддзялення, як убачыў інфармацыю ў сацсетках, што я звольнены. Я выступаю не супраць звальнення, а супраць парушэння закону. Патрабую кампенсаваць мне маральную шкоду. Я адчуваў стрэс ад таго, што адбывалася на прахадной, ад незаконнага звальнення. Мае родныя таксама ад гэтага пакутавалі», – адзначыў Богуш.

Юры Борыс, 32 гады, стаж працы на «Азоце» – 7 гадоў. Зваршчыкі вытворчасці капралактана.

Ранкам 26 кастрычніка ён ішоў на працу, яго затрымалі сілавікі і зацягнулі ў аўтазак. Пасля з крыкамі «Ідзі працуй, скаціна!» загналі яго на тэрыторыю прадпрыемства.

«Пасля гэтага бязмежжа 27 кастрычніка я напісаў заяву ў стачку. Баяўся, што на наступны дзень нас зноўку будзе дубасіць АМАП. Лічу, што кіраўніцтва прадпрыемства не забяспечыла нашу бяспеку», – распавядае працоўны.

Пасля гэтага яго звольнілі.

Судовае паседжанне, 22 студзеня 2021 г. Горадня.
Фота: Белсат

«Так вырашыў наймальнік»

22 студзеня адбылося трэцяе пасяджэнне суда. Дапытвалі па ўсіх выпадках прадстаўніка адказчыка.

Юрыст Беларускага незалежнага прафзвязу Аляксандр Парадкаў, які прадстаўляе інтарэсы азотаўцаў, адзначыў, што наймальнік парушыў калектыўную дамову і тарыфнае пагадненне, не выканаў працэдуры звальнення, не ўзяў тлумачэнняў у працоўных, не атрымаў згоду прафзвязу на звальненне.

Патрабаванне ўзгаднення звальнення з прафзвязам было прапісана ў калектыўнай дамове, аднак з сакавіка гэты пункт выключаны. Гэтае патрабаванне засталося ў «Тарыфным пагадненні» канцэрна «Белнафтахім», у склад якога ўваходзіць «Горадня Азот».

Юрыст Валерый Літвін прадстаўляе інтарэсы наймальніка. Ён адзначыў, што цяпер па калектыўнай дамове, якая дзейнічае на прадпрыемстве, узгадняць звальненні з прафзвязам не трэба.

Па яго словах, усе працоўныя парушылі правілы ўнутранага распарадку і былі звольненыя на законных падставах.

Судовае паседжанне, 22 студзеня 2021 г. Горадня.
Фота: Белсат

Падчас паседжання яму задавалі пытанні па кожным канкрэтным выпадку. Юрыст чытаў з паперкі і ніякай канкрэтыкі не даў. Асноўны адказ – так вырашыў наймальнік, законнасць такога рашэння вызначыць суд.

– Мяне звольнілі за парушэнне працоўнага распарадку. Скажыце, як можна яго парушыць, калі знаходзішся ў адпачынку? – задаў пытанне Богуш.

– Давайце не будзем. Так вырашыў наймальнік, гэта яго пазіцыя. Ён мае на гэта права, так жа, як і вы маеце права на сваю пазіцыю, – адказаў прадстаўнік адказчыка.

– На падставе чаго, якіх дакументаў быў сфармуляваны першы загад аб маім звальненні? – задаў пытанне працоўны Вадзім Венскі.

– Чалавечы фактар. Гэта памылка ва ўпраўленні кадраў. Чаму гэта памылка была дапушчана – я вам не адкажу, – сказаў юрыст.

– А чаму з мяне не былі ўзятыя ніякія тлумачэння?

– Я не ведаю, – адказаў юрыст.

Судовае паседжанне, 22 студзеня 2021 г. Горадня.
Фота: Белсат

Азотаўцы нават папрасілі 10-хвілінны перапынак, каб параіцца наконт адводу прадстаўніка адказчыка – «бо ён не кампетэнтны ў большасці пытанняў і не аперуе фактамі». Аднак пасля таго, як яны параіліся з юрыстам незалежнага прафзвязу, вырашылі пакінуць усё, як ёсць

Адзначым, суддзя Сяргей Слашчоў, які вядзе працэс, даволі абʼектыўна ставіцца да бакоў. Раней ён не быў заўважаны ў палітычных справах.

Наступнае паседжанне прызначана на 26 студзеня. «Белсат» будзе сачыць за ходам справы.

Саша Праўдзіна belsat.eu

Стужка навінаў