Тайвань папярэдзіў пра каронавірус за два тыдні да Кітаю. Чаму праігнаравалі?


Тайвань папярэдзіў пра каронавірус за два тыдні да Кітаю. Чаму праігнаравалі?

Каронавірус распаўсюдзіўся з віны кітайскіх уладаў. Тайвань яшчэ 31 студзеня 2019 г. паінфармаваў Сусветную арганізацыю аховы здароўя пра тое, што новы каронавірус перадаецца ад чалавека да чалавека. Папярэджанне аднак праігнаравалі. Свет страціў час а тысячы людзей заплацілі за гэта жыццямі. Чаму гэта адбылося, высвятляў Усевалад Шлыкаў

Opublikowany przez «Прасвет» на «Белсаце». Рэальная карціна свету Środa, 8 kwietnia 2020

 

Каронавірус распаўсюдзіўся з віны кітайскіх уладаў. Тайвань яшчэ 31 снежня 2019 г. паінфармаваў Сусветную арганізацыю аховы здароўя пра тое, што новы каронавірус перадаецца ад чалавека да чалавека. Папярэджанне аднак праігнаравалі праз канфлікт паміж Тайванем і Кітайскай Народнай Рэспублікай. Афіцыйны Пекін паведаміў пра магчымасць інфікавання адной асобы ад другой толькі праз паўмесяцы. Свет страціў час, а тысячы людзей заплацілі за гэта жыццямі. Чаму гэта адбылося?

Пакуль жыццё ў свеце замірае і вуліцы пусцеюць – на каранціне цяпер амаль кожны чацвёрты жыхар нашае планеты, – палітычныя гульні не спыняюцца. Свет пачынае паволі задавацца пытаннем, хто ж вінаваты ў распаўсюдзе інфекцыі. Перадусім гучаць крытычныя галасы ў бок Кітаю. Шэраг высокіх чыноўнікаў з Паднябеснай спрабавалі ўскласці адказнасць на ЗША: маўляў, вірус разнеслі амерыканскія жаўнеры. Гэта выклікала стрыманае раздражненне Доналда Трампа.

Доналд Трамп, прэзідэнт ЗША:

«Я трошкі расчараваны Кітаем, скажу вам шчыра, як бы я ні любіў прэзідэнта Сі ды ні паважаў ягоную краіну і іхную працу, здзейсненую за кароткі час. Мы неаднаразова прапаноўвалі ім дапамогу, але яны нават не адказалі нам. Калі б яны папярэдзілі нас загадзя пра тое, што адбываецца… У прынцыпе, мы і так хутка закрылі спалучэнні з Кітаем. Я проста прыслухаўся да сваіх інстынктаў, і вось чаму загадзя закрыў Кітай».

Акрамя контранаступу ў піяры Пекін дапамагае дзясяткам краінам свету. І кансультацыямі з парадамі, як абмежаваць распаўсюд новага каронавіруса, і медычнай дапамогай. Краіны-атрымальніцы – у захапленні.

Махмуд Курэшы, міністр замежных справаў Пакістану:

«Кітай зрабіў выдатную працу. Ніхто ў свеце не мог уявіць, што кітайскі народ і ягонае кіраўніцтва гэтак хутка і эфектыўна збяруцца і прадэманструюць свету сваю здольнасць супрацьстаяць крызісу. Сістэма аховы здароўя, кампетэнцыя ўладаў і адміністрацыйнай сістэмы – фенаменальныя».

Тэадора Лёксін, міністр замежных справаў Філіпінаў:

«Гэта неверагоднае падтрыманне з боку Кітаю. Так павінныя дзейнічаць усе краіны свету. Замест таго, каб вінаваціць адзін аднаго, – дапамагаць наўзаем. Дзеянні Кітаю на самым пачатку эпідэміі – самыя слушныя. Мы цяпер паўтараем іх крок у крок, бо гэта адзіны магчымы шлях».

ВІДЭА
Лукашэнка будзе трымацца да апошняга беларуса. Суседзі нас адправяць на каранцін?
2020.04.04 12:11

І ўсё было б выдатна, калі б ні паралельныя спробы кітайскіх СМІ і шэрагу мясцовых дыпламатаў ускласці адказнасць за пандэмію – на капіталістычныя краіны.

Каментуе Якуб Якубоўскі, галоўны аналітык Цэнтру ўсходніх даследаванняў, Варшава:

«Што замінае такому кітайскаму пазітыўнаму наратыву, дык гэта кітайскія ж дзеянні, што вядуцца супраць ЗША і Еўропы. Гаворка пра спробу перакінуць адказнасць на іншых за пачатак эпідэміі ды за тое, адкуль гэты вірус паходзіць. Кітайскія дзяржаўныя медыі цяпер вінавацяць у гэтым Італію».

Пасля першага ж раздражнёнага сігналу з Вашынгтону амбасадар Кітаю ў ЗША спрабаваў залагодзіць тон дыскусіі, а абвінавачанні з боку медыяў Паднябеснай прыпыніліся. Паводле адмыслоўцаў, Пекін рыхтуецца сутыкнуцца з новымі дыпламатычнымі праблемамі ўжо пасля крызісу.

Гаворыць Марцін Пшыходняк, Польскі інстытут міжнародных справаў, Варшава:

«Кітай разумее, што калі свет ужо вырашыць эпідэміялагічную праблему, то пачнуцца размовы пра тое, адкуль усё пачалося. І гэта прывядзе да таго, што пачалося гэта ўсё ў Кітаі ды распаўсюдзілася з віны кітайскіх уладаў. І яны спрабуюць сысці ад такой размовы. Ну бо цяжка будзе краіне, якая атрымала ад Кітаю медычную дапамогу, крытыкаваць Пекін».

А выглядае на тое, што крытыкаваць ёсць за што. Першае папярэджанне пра новы каронавірус прагучала ад доктара рэспіраторнага аддзялення шпіталю гораду Ўу-Хань яшчэ 27 снежня. Тады было вядома пра 180 інфікаваных. У апошні дзень мінулага года кітайскія ўлады папярэджваюць мясцовы аддзел сістэмы аховы здароўя пра шэраг запаленняў лёгкіх з, цытата, «невядомае прычыны». Прыкладна ў гэты ж час кітайскі фаерўол пачынае цэнзураваць усе словазлучэнні, звязаныя з невядомаю хваробай у правінцыі Ху-Бэй. Урэшце першага студзеня восем дактароў, якія папярэджвалі пра з’яўленне і небяспеку новага каронавіруса, – затрыманыя і змушаныя падпісаць дакумент, у якім абавязваюцца, цытата, «не распаўсюджваць хлусню ў сеціве».

Працягвае польскі даследнік Кітаю Якуб Якубоўскі:

«На самым пачатку студзеня Сі Цзінь Пін на адмысловай нарадзе палітбюро ўздымаў тэму каронавіруса. То бок гэтая справа тады была на самым версе. Мы, вядома, не можам сказаць, наколькі кітайскія ўлады былі паінфармаваныя пра эпідэміялагічную сітуацыю ва Ўу-Хані, але факт такога паседжання на самым пачатку крызісу казаў пра тое, што Пекін разумеў маштаб праблемы».

Сярод дактароў, што падпісалі дакумент аб нераспаўсюдзе хлусні, быў Лі Ўэнь Лян – акуліст шпіталю ва Ўу-Хані. Сёмага лютага ён памёр ад каронавіруса. Сёння яго называюць нацыянальным героем.

Чжун Нань Шань, галоўны эпідэміёлаг КНР:

«Я думаю, што большасць людзей лічыць яго героем Кітаю. Я ганаруся ім. Ён казаў людзям праўду».

Цяпер афіцыйная версія ўладаў КНР – былі перагібы на месцах. Маўляў, гэта мясцовыя чыноўнікі не дагледзелі, позна паведамілі або непатрэбна хавалі інфармацыю. Колькі ў гэтым праўды, сказаць цяжка, але наўрад ці ў Пекіну атрымаецца зваліць усё на дрэнных чыноўнікаў.

Каментуе Яўген Красулін, адмысловец па нееўрапейскіх цывілізацыях:

«Мясцовыя ўлады – яны ж не чакаюць нічога добрага ад цэнтральных уладаў, таму запускаецца і самацэнзура і гэты прынцып: як бы чаго ні адбылося. То тут безумоўна трэба шукаць адказнасці цэнтральных уладаў».

З іншага боку, віна Пекіну, нават пры самым горшым варыянце неахайнасці ўладаў, мае свае межы. Свет не ведаў і нават цяпер не ведае да канца, з чым сутыкнуўся, кажа адмысловец.

Каментуе Святаслаў Протас, экс-старшыня Дзяржсанэпідэмслужбы Украіны, Кіеў:

«Кітай не быў падрыхтаваны да такога развіцця падзеяў, і ў першыя дні яны вывучалі гэты ўзбуджальнік і намагаліся зразумець, адкуль гэта прыйшло. Ёсць інфармацыя пра тое, што вірус вельмі нестабільны, на працягу месяца адбываецца каля двух мутацыяў, і гэта правакуе яго агрэсіўныя паводзіны і распаўсюд сярод насельніцтва».

ВІДЭА
Лукашэнка настроены ісці да канца ў барацьбе з каронавірусам
2020.04.06 11:46

Тым часам у суседняй Кітайскай Рэспубліцы, або Тайвані, на сёння ўсяго каля дзвюх соцень выпадкаў каронавіруса, і асяродкі распаўсюду лакалізаваныя. Нагадаем, што абедзве Кітайскія Рэспублікі дагэтуль лічаць адно адну неадʼемнаю часткай сваёй дзяржавы. На Тайвань у 1950-м эвакуявалася партыя «Го-Мінь-Дан», што зазнала паразу ад камуністаў на мацерыковым Кітаі.

«Там, у тым ліку праз інтэрнэт, былі наладжаныя і сувязь і супраца паміж адміністрацыяй і насельніцтвам. Гэта дало вельмі добрыя вынікі. Там і смяротнасць, і распаўсюд атрымаліся куды ніжэйшымі за іншыя рэгіёны, паражоныя гэтым вірусам», – працягвае Яўген Красулін.

Тайвань нават выслаў папярэджанне пра новы каронавірус у Сусветную арганізацыю здароўя 31 снежня, у той жа дзень, калі Кітай казаў пра рост запалення лёгкіх з нібыта невядомай прычыны. Аднак Пекін актыўна блакуе дзеянні Тайбэю на міжнароднай арэне. Так, Тайвань нават не можа ўдзельнічаць у паседжаннях асамблеі арганізацыі. То бок старая крыўда ад вайны сярэдзіны мінулага стагоддзя, магчыма, каштавала сёння тысячы чалавечых жыццяў.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 27.03.2020

Іншыя тэмы выдання:

Фото на прэв’ю: ALY SONG / Reuters / Forum

 

 

 

Стужка навінаў