Таемныя ўдзельнікі і ніякіх зніжак. Анамаліі закупак пажарнай тэхнікі


МНС у рамках дзяржзакупак рэгулярна набывае пажарную тэхніку. Аднак аўкцыёны нярэдка носяць чыста фармальны характар. Каманда opentenders.by распавядае, што адбываецца ў закупках пажарнай тэхнікі.

Афіляваныя кампаніі?

Вытворчасцю пажарнай тэхнікі ў Беларусі займаецца або можа займацца з дзясятак розных прадпрыемстваў. Але безумоўны лідар рынку – барысаўскі «Пожснаб». Гэтая кампанія вырабляе і аўтацыстэрны, і аўтапад’ёмнікі, і актыўна ўдзельнічае ў тэндарах для МНС. Пры гэтым «любімы» канкурэнт «Пожснаба» – гэта «Барысаўскі завод выратавальнай тэхнікі». Аўкцыёнаў, дзе абодва вытворцы змагаліся за права паставіць тэхніку для ратавальнікаў, было шмат. Вось некаторыя прыклады:

  • Аўкцыён №AU20190313166126 (пераможца – «Пожснаб», пастаўка тэхнікі на 1 021 113,92 руб.)
  • Аўкцыён №AU20191025179872 (пераможца – «Барысаўскі завод выратавальнай тэхнікі», пастаўка тэхнікі на 593 837,14 руб.)
  • Аўкцыён №AU20190809175605 (пераможца – «Пожснаб», пастаўка тэхнікі на 2 694 599,99 руб.)
  • Аўкцыён №AU20191106180655 (пераможца – «Пожснаб», пастаўка тэхнікі на 499 100,00 руб.)
  • Аўкцыён №AU20181113157861 (пераможца – «Барысаўскі завод выратавальнай тэхнікі», пастаўка тэхнікі на 542 880,00 руб.)
  • Аўкцыён №AU2019040916828 (пераможца – «Пожснаб», пастаўка тэхнікі 3 386 400,00 руб.
Фотаздымак носіць ілюстрацыйны характар.
Фота: pixabay.com

Як бачым, найчасцей перамагае «Пожснаб». Зрэшты, і з іншымі канкурэнтамі ён спраўляецца лёгка. Ад 2014 года кампанія прыняла ўдзел у 33 тэндарах для розных падраздзяленняў МНС, і прайграла толькі 3 з іх. Гэта з улікам двух вышэйзгаданых пройгрышаў «Барысаўскаму заводу выратавальнай тэхнікі», якія, магчыма, наагул нельга разглядаць як пройгрышы. Падобна на тое, што «Пожснаб» і «Барысаўскі завод выратавальнай тэхнікі» паміж сабой неяк звязаныя. Нумары тэлефонаў у некаторых крыніцах у іх супадаюць. Напрыклад, нумар з афіцыйнага сайта «Пожснаб» сапраўды такі ж, як і нумар «Барысаўскага заводу выратавальнай тэхнікі» вось у гэтым даведніку. Акрамя таго, размешчаныя яны зусім побач. А пошукавік Google пры запыце «Барысаўскі завод выратавальнай тэхнікі» прапануе перайсці на афіцыйны сайт «Пожснаба». Дарэчы, у самога «Барысаўскага заводу выратавальнай тэхнікі» сайта, мабыць, проста няма.

Можна меркаваць, што адна з кампаніяў уяўляе сабой завод, а іншая з’яўляецца гандлёвым домам гэтага заводу. Калі гэта сапраўды так, то атрымліваецца, што ў тэндарах удзельнічаюць вытворчасць і гандлёвы дом адной і той жа арганізацыі.

Сакрэтныя ўдзельнікі гандляванняў

Канкуруе «Пожснаб» не толькі з «Барысаўскім заводам выратавальнай тэхнікі», але і з іншымі кампаніямі. Але якімі менавіта – можна даведацца далёка не заўсёды. Бывае, што ў тэндарах МНС проста не паказваюць другога ўдзельніка. У праколе аб допуску да гандляванняў бачныя толькі коды вэндараў, а ў пратаколе аб выбары пераможцы паказаны толькі пераможца, «Пожснаб». Адзін з прыкладаў такіх тэндараў – аўкцыён №AU20170302098214, па выніках якога «Пожснаб» выйграў права паставіць выратавальнікам цыстэрны на 2 947 050,00 руб. Аднак у каго менавіта ён выйграў – не паведамляецца.

За танна не працуем

Аўкцыёны ў межах дзяржзакупак праводзяцца для таго, каб заказчык мог набыць неабходны тавар ці паслугу як мага танней. Іншымі словамі – з мэтай эканоміі бюджэтных сродкаў. Як правіла, заказчык называе стартавую цану, а ўдзельнікі гандляванняў паступова яе паніжаюць, каб менавіта іх прапанова выглядала самай выгаднай. Паніжаючы стартавую цану, удзельнік гандляванняў можа выйграць тэндар і атрымаць права прадаць тавараў на вялікую суму. У выніку гэта выгадна ўсім. Але «Пожснаб» не такі.

Вось, напрыклад, аўкцыён №AU20190226164907. Пастаўка пажарных аўтамабіляў звыш чым на 6 млн рублёў. «Пожснаб» добраахвотна адмовіўся ад барацьбы, калі пачатковая цана ўпала на 0,7%. І такі ўзровень суперніцтва ў закупках для МНС – зусім не рэдкасць. Удзельнікі час ад часу добраахвотна адмаўляюцца ад далейшых гандляваннях у выпадках, калі стартавы кошт мяняецца менш чым на 1%. Ці сапраўды здзелка становіцца для іх нявыгаднай з-за такой «істотнай» зніжкі? Або ёсць іншая прычына?

Фотаздымак носіць ілюстрацыйны характар.
Фота: pixabay.com

У камплекце даражэй?

 

Летась у жніўні ў МАРТ паступіла скарга ад «ВТА Бяспека і экалогія» на дзяржзакупку аўтамабіляў і цыстэрнаў, удзел у якой прынялі ўжо знаёмыя нам «Пожснаб» і «Барысаўскі завод выратавальнай тэхнікі». Сутнасць скаргі была ў тым, што МНС у рамках аднаго тэндару закупіў не толькі аўтамабілі і цыстэрны, але і гідраўлічны аварыйна-выратавальны інструмент (ГАВІ), які прыкладаўся да асноўных лотаў.

У «ВТА Бяспека і экалогія» паўсталі пытанні да законнасці такога падыходу, паколькі пажарныя аўтамабілі і ГАВІ не з’яўляюцца аднароднымі інструментамі і абʼяднанне іх у адзін лот зʼяўляецца парушэннем Закона аб дзяржаўных закупках (абз.3 п.3 арт.21). Аднак падаткаплацельшчыкам больш цікавым будзе наступны момант: калі б аўтамабілі і ГАВІ закупляліся асобна, бюджэт змог бы зэканоміць немалую суму.

Практыка паказвае, што ў закупках аўтамабіляў і цыстэрнаў пачатковы кошт рэдка зніжаецца больш чым на 1% – канкурэнцыя ў гэтым сегменце спрэс адсутнічае. А вось пастаўшчыкоў ГАВІ куды больш, і гандлююцца яны па-сапраўднаму.

Сам «ВТА Бяспека і экалогія» прыводзіць у сваёй скарзе такія прыклады закупак ГАВІ:

Сума зніжкі – 65-70%. Эканомія магла б выйсці вельмі важкая, калі б МНС аддзяляў катлеты ад мух, а цыстэрны ад гасі. Праўда, прыйшлося б дапусціць да аўкцыёну няпрошаных гасцей кшталту таго ж «ВТА Бяспека і экалогія».

МАРТ скаргу адхіліў, «Пожснаб» працягвае выйграваць тэндары, ну а канкурэнцыя ў закупках пажарнай тэхнікі пакідае жадаць лепшага.

Чытайце па тэме:

Стужка навінаў