Тадэвуш Кандрусевіч асудзіў бальшавіцкую рэвалюцыю, заклікаў улады зрабіць Дзень Усіх Святых і Дзяды выходнымі


У прамове падчас урачыстай Імшы вечарам 1 лістапада каталіцкі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч назваў Кастрычніцкую рэвалюцыю ў Расеі, якая дагэтуль адзначаецца як свята ў Беларусі 7 лістапада, «экзістэнцыяльнай катастрофай» і заклікаў імкнуцца да таго, каб зрабіць выходнымі 1 і 2 лістапада.

1 лістапада католікі адзначаюць Дзень Усіх Святых, а 2 лістапада – Дзень памяці памерлых (Дзяды).

Адпаведнае свята Радуніца, якой святкуюць праваслаўныя вернікі, з’яўляецца афіцыйным святам, але каталіцкія дні абавязковага наведвання магілаў продкаў – звычайныя працоўныя дні.

Згодна з афіцыйнымі дадзенымі католікаў у Беларусі – каля 1,4 мільёна, яны другая па колькасці пасля праваслаўных канфесія ў Беларусі. Пры гэтым католікі адрозніваюцца вялікай рэгулярнасцю наведвання багаслужэнняў і ўдзелу ў рэлігійных практыках.

Петыцыя

У сувязі з гэтым мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначальвае Канферэнцыю каталіцкіх біскупаў Беларусі, сказаў, што змагаецца за зʼяўленне ў дзяржаўным календары новых ці хаця б аднаго новага выходнага дня, а таксама заклікаў вернікаў далучыцца да петыцыі на сайце Zvarot.by, якая зʼявілася 31 кастрычніка.

Вячэрняя Імша на Дзень Усіх Святых у Менскай катэдры. Фота catholic.by.

«Больш таго, кіраўніцтва дзяржавы для зручнасці грамадзян перад Радаўніцай пераносіць працоўныя дні, каб праваслаўным грамадзянам Беларусі было зручна выканаць свае абавязкі па прыборцы магілаў і ўшанаванню продкаў. Католікі, як і многія беларусы, што адзначаюць Дзяды 1 і 2 лістапада па старажытнай традыцыі, пазбаўлены такой магчымасці, што мае падставы гаварыць аб дыскрымінацыі дадзенай дэнамінацыі», – адзначаецца ў петыцыі.

Зварот прапануецца падпісаць беларусам незалежна ад канфесіі. На вечар 1 лістапада петыцыю падпісалі 529 чалавек. Зварот будзе накіраваны ў Савет міністраў і Адміністрацыю прэзідэнта.

Вячэрняя Імша на Дзень Усіх Святых у Менскай катэдры. Фота catholic.by.

Адначасова каталіцкі іерарх нагадаў, што праз некалькі дзён адбудзецца 100-гадовы юбілей бальшавіцкай Кастрычніцкай рэвалюцыі – 7 лістапада, якая адбылася ў Расеі, але прынесла нечуваныя пакуты беларускаму народу. 7 лістапада дагэтуль застаецца ў Беларусі выходным днём.

Акрамя малітваў за сваіх продкаў мітрапаліт заклікаў маліцца за тых, хто забыты, хто не паспеў нарадзіць дзяцей, загінуў у Курапатах, Трасцянцы, савецкіх і нацысцкіх канцлагерах.

31 кастрычніка арцыбіскуп Кандрусевіч наведаў Курапаты і маліўся ў месце, дзе камуністы расстрэльвалі беларускае мірнае насельніцтва.

Новы голас

Даволі доўга Каталіцкая Царква ў Беларусі пазбягала публічнай палемікі з дзяржавай, аднак нават у гэтым годзе іерарх не першы раз уступае ў завочную дыскусію з дзяржаўнымі функцыянерамі ці звяртаецца да лідараў грамадскай думкі.

Святочная імша ў гонар Усіх святых і памерлых на старых каталіцкіх могілках у Горадні. Горадня 1 лістапада 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Летам арцыбіскуп Менска-Магілёўскі ўжо крытыкаваў дзеянні ўрадоўцаў і згадаў пра дыскрымінацыю Касцёла.

У траўні арцыбіскуп выступіў з дакладам у Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, дзе таксама выказаў незадаволенасць дзеяннямі і нетактоўнасцю некаторых прадстаўнікоў улады, а таксама заклікаў да рэформы заканадаўства ў сферы адносін паміж дзяржавай і рэлігійнымі арганізацыямі.

Андрэй Бабініч, belsat.eu

Стужка навінаў