Таццяна Караткевіч: Калі мне давераць, то я гатовая стаць адзіным кандыдатам


Актывістка руху «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч – адна з прэтэндэнтак на абранне адзіным кандыдатам для прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2015 года.

Таццяна Караткевіч паведаміла радыё «Свабода» пра свой магчымы ўдзел у выбарах у якасці кандыдата на прэзідэнта.

«Сёння ідуць перамовы пра тое, каб быў адзіны кандыдат ад «Народнага рэферэндуму». І цяпер у гэты спіс уваходжу не толькі я, але і Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Някляеў, Алена Анісім, Рыгор Кастусёў. Гэта спіс прэтэндэнтаў, кожны з якіх можа стаць адзіным кандыдатам ад «Народнага рэфэрэндуму». І самае галоўнае, да чаго мы імкнёмся, – каб здолелі дамовіцца і захаваць наша адзінства, якое дапамагала нам супрацоўнічаць усе гэтыя два гады, і сабраць больш за сто тысяч подпісаў за «Народны рэферэндум». Тэхнічна гэта адбываецца так, што лідары «Народнага рэферэндуму» праз перамовы прымаюць такое рашэнне аб адзіным кандыдаце. А чальцамі «Народнага рэферэндуму» ёсць рух «За свабоду», Партыя БНФ, «Гавары праўду» і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). Калі мне давераць, то я гатовая стаць адзіным кандыдатам», – адзначыла спадарыня Караткевіч.

Калі ж адбудзецца вылучэнне адзінага кандыдата ад «Народнага рэферэндуму» пакуль невядома. Паводле актывісткі, палітычныя лідары працуюць у гэтым рэчышчы вельмі шчыльна. Паводле актывісткі, кандыдат «Народнага рэферэндуму» будзе мець больш шанцаў на перамогу, чым кандыдаты ад апазіцыі на мінулых прэзідэнцкіх выбарах.

Таццяне Караткевіч 38 гадоў. Акрамя «Гавары праўду», яна з’яўляецца сябрам БСДП (Грамада). Выпускніца факультэту псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту ім. М.Танка. Магістр псіхалогіі. Працавала выкладчыкам псіхалогіі ў ВНУ. Загадвала аддзяленнем сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Тэрытарыяльнага цэнтру сацыяльнага абслугоўвання Ленінскага раёну Менску.

МЯ, паводле svaboda.org

Стужка навінаў