Сысці, каб вярнуцца. Навошта Пашыньян хоча распусціць парламент


Нікол Пашыньян збіраецца ў адстаўку. Кіраўнік армянскага ўраду хоча распусціць парламент, каб стварыць новы. Стары, паводле сацыёлагаў, абсалютна не адлюстроўвае інтарэсаў выбарцаў. Дзяніс Дзюба разбіраўся, ці ўдасца гамбіт прэм’ера.

На мінулым тыдні 67 дэпутатаў армянскага парламенту са «старых» партыяў сабраліся спехам на пазачарговы сход, і гэтак жа хутка прагаласавалі за папраўкі ў закон «Аб рэгламенце Нацыянальнага сходу». Паводле зменаў, у выпадку сарванага галасавання сесія лічыцца не сарванай, а «няскончанай».

Эксперты адзначаюць, што зроблена гэта было, каб перашкодзіць Ніколу Пашыньяну ў ягонай мары распусціць парламент і правесці датэрміновыя выбары.

«Фактычна гэтыя дэпутаты пазбавілі магчымасці законна распусціць парламент», – заяўляе палітолаг з Ерэвану Гаванэс Ігіт’ян, былы дэпутат Нацыянальнага сходу.

У адказ Нікол Пашыньян заклікаў людзей пад будынак парламенту, а на наступны дзень прэзідэнт Армэн Саркісьян звольніў шэсць міністраў з тых партыяў, якія прагаласавалі за папраўкі.

«Стары» парламент у «новай» Арменіі

Увесну пасля маштабных вулічных пратэстаў новым лідарам Арменіі стаў Нікол Пашыньян, нетыповы на сёння палітык на ўсёй постсавецкай тэрыторыі, хранічны рэвалюцыянер без сувязяў са старымі элітамі.

У траўні 42-гадовы Пашыньян прызначыў новы ўрад – яшчэ маладзейшы за яго. Ізаляваная і бедная Арменія на нейкі момант стала падобнай да Грузіі часоў Саакашвілі – бадзёрай і моднай.

Новы лідар паабяцаў пакончыць з карупцыяй і знішчыць алігархічную сістэму, але добрыя навіны, падавалася, увесну пачаліся – і скончыліся. Пасля сімвалічных 100 дзён ува ўладзе новаму кіраўніку не было чым пахваліцца, бо «стары» парламент у «новай» Арменіі сабатаваў усе ідэі Пашыньяна.

«Ягоны ўрад не можа ні правесці рэформаў, не можа прыцягнуць інвестыцыяў, не можа вырашаць самых актуальных пытанняў краіны і народу, бо як такой легітымнай улады ў Арменіі пакуль не існуе», – кажа Сцёпа Сафарʼян з Армянскага інстытуту бяспекі і міжнародных дачыненняў.

У верасні рэйтынг Пашыньяна дасягнуў максімуму – 82 %, але партыя мінулага кіраўніка Арменіі Сэржа Саргсьяна дагэтуль мае нашмат большы ўплыў на палітыку краіны.

«Заканадаўчы орган не адлюстроўвае палітычных настрояў і перавагаў грамадзянаў краіны», – заяўляе старшыня фракцыі «Елк» Нацыянальнага сходу Арменіі Лена Назар’ян.

Доказам сталі нядаўнія выбарах уладаў Ерэвану, на якіх рэвалюцыянеры атрымалі 80 % галасоў, а ў парламенце яны па-ранейшаму прадстаўленыя пяццю дэпутатамі.

Зіма бярэ ўдзел у выбарах

Датэрміновымі выбарамі Пашыньян мяркуе выправіць сітуацыю – і менавіта гэты план хочуць заблакаваць «старыя» сілы, якія разумеюць, што могуць нават не трапіць у новы парламент.

Афіцыйна, аднак, яны не супраць выбараў як такіх, але супраць выбараў цяпер. РПА хацела б дачакацца прынамсі вясны: па-першае, Пашыньян за гэты час можа дапусціць нейкую памылку, па-другое, будзе цяплей – і выбарцы зробяцца больш спагадлівыя.

«Рэспубліканская партыя, у якой няма і 1 %, спрабуе зацягнуць выбары, спадзеючыся на тое, што выбарцы забудуцца на цяжкасці зімы, – у Арменіі яна звычайна суровая, даражэюць камунальныя паслугі і харчы – і больш схільныя дараваць ім свае праблемы», – дадае Гаванэс Ігіт’ян.

Прэм’ер цяпер – як спартовец, што бяжыць са сваймі апанентамі кароткую дыстанцыю. Пакуль невядома, хто выгуляе гэты забег, але ў яго ёсць галоўнае – падтрыманне вуліцы, найважнейшы на сёння гарант пераменаў.

Калі ўнутры краіны – большасць за Пашыньяна, то звонку ён на такое падтрыманне разлічваць не можа. За апошнія паўгода ніводны канфлікт з суседзямі не ссунуўся з мёртвай кропкі, але і не пагоршыўся. Азербайджан, галоўны вораг Арменіі, назірае за сітуацыяй спакойна: пакуль у суседзяў сварка, ім не да замежнай палітыкі. Некаторыя ў Ерэване нават паверылі, што дэмакратызацыя краіны пацягне і дэмакратызацыю ў Баку.

«Азербайджанская грамадскасць таксама вылучае патрабаванні да сваёй улады быць больш дэмакратычнымі ды спыніць практыку прывілеяванасці. Да прыкладу, сын прэмʼер-міністра Нікола Пашыньяна добраахвотна выправіўся служыць у Нагорны Карабах, а праз некаторы час прэзідэнт Азербайджану абвясціў, што і ягоны сын заклікаецца ў войска», – адзначае Лена Назар’ян.

Пакуль эксперты адназначна сцвярджаюць, што цяперашні крызіс не можа адбіцца на карабахскім канфлікце або на стасунках з Азербайджанам. Затое можа выклікаць напружанасць з Расеяй, якая традыцыйна нервова рэагуе на вулічныя пратэсты і незалежніцкія памкненні. А замежнапалітычную канцэпцыю Арменіі Пашыньян фармулюе адным словам: незалежнасць.

«Не выпадкова, што падчас усіх сваіх [міжнародных] сустрэчаў, у тым ліку з прэзідэнтам Расеі, ён падкрэслівае неаднаразова важнасць павагі да незалежнасці краіны, аб наладжванні дачыненняў на аснове суверэнітэту краіны, і гэтак далей, і гэтак далей», – дадае Сцёпа Сафар’ян.

Уладзімір Пуцін з першых дзён рэвалюцыі падкрэслівае легітымнасць армянскага парламенту. Расейскаму лідару наўрад ці спадабаецца роспуск Нацыянальнага сходу, у якой на сёння большасць у РПА, самага шчыльнага хаўрусніка Крамля ў армянскім палітычным полі.

Аднак пры цяперашніх настроях армянскай вуліцы зрабіць нешта з гэтым яму будзе цяжка. Імаверна, Крамлю давядзецца змірыцца, што неўзабаве кіраваць гэтай краінай, скутай па руках і нагах дамовамі з Расеяй, будзе адзін з самых вольналюбівых лідараў на ўсёй постсавецкай прасторы.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Глядзіце таксама:

Hавiны
Расея парушае – NATO адказвае
2018.10.08 12:53
Hавiны
Выбары 2019. Еўропа за тое, каб захаваць статус-кво ў Беларусі
2018.10.07 11:00
Стужка навінаў