Сышоў у адстаўку прэзідэнт ЕГУ Міхайлаў


Анатоль Міхайлаў.
Фота: be.ehu.lt

5 студзеня прафесар Анатоль Міхайлаў пакінуў пасаду прэзідэнта Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту (ЕГУ). Пра гэта паведамляе сайт ВНУ.

«Задаволіўшы заяву аб адстаўцы, Агульны сход суўладальнікаў вырашыў скасаваць пасаду прэзідэнта ЕГУ», – гаворыцца ў паведамленні.

Анатоль Міхайлаў стаў ініцыятарам стварэння ЕГУ ў Менску і з 1992 да 2014 года быў рэктарам універсітэту. З 1 кастрычніка 2014 года ён займаў пасаду прэзідэнта ЕГУ.

Цяпер ужо былы прэзідэнт працягне выкладчыцкую і даследчую дзейнасць у ЕГУ у якасці прафесара філасофіі. Сярод сфераў ягоных навуковых інтарэсаў – фенаменалогія, герменеўтыка і філасофія адукацыі.

Анатоль Міхайлаў нарадзіўся ў 1939 годзе ў Расеі. У 1961 годзе скончыў БДУ, а ў 1966-м атрымаў ступень доктара філасофіі ў Енскім універсітэце імя Фрыдрыха Шылера (Нямеччына). Ён чалец Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Еўрапейскай акадэміі навук і мастацтваў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў