Сёння зноў падаражэла паліва. Чаму?


Асноўныя прычыны – рост сусветных коштаў на нафту і «падатковы манеўр» Расеі. 

З 1 красавіка цана аўтамабільнага паліва вырасла на адну капейку. Пра гэта сведчыць прэйскурант коштаў на АЗС. Рознічныя цэны на аўтамабільнае паліва цяпер складаюць Br 1,14 за літр 92-га бензіну, Br 1,22 за літр 95-га, Br 1,26 за літр дызельнага паліва.

Цэны на нафтапрадукты ў Беларусі рэгулюе дзяржава. Сёлета цэны аўтамабільнага паліва на ўнутраным рынку падвышаліся двойчы – 11-га і 18-га сакавіка (таксама на адну капейку). Да гэтага яны не мяняліся ў Беларусі цягам двух гадоў.

Паводле звестак канцэрна, апошнім час кан’юнктура нафтавага рынку значна пагоршылася. Цана нафты вырасла да $ 52 за барэль, а кошты 2015-га рэнтабельныя толькі пры цане каля $ 45 за барэль і курсе 1,4 беларускага рубля за $ 1 (сёння – Br 1,87).

Акрамя таго, канстатаваў «Белнафтахім», у Расеі з 2015 года ў нафтавай сферы рэалізуецца «падатковы манеўр», які набліжае цану на нафту для Беларусі да сусветнай. Са студзеня 2015 года па сакавік 2017-га цана нафты для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў вырасла на 75%.

«Паводле ўсіх эканамічных законаў, павелічэнне кошту сыравіны непазбежна прыводзіць да павелічэння кошту гатовага прадукту. У той жа час у Беларусі цэны на аўтамабільнае паліва не мяняліся больш за два гады. За гэты перыяд у выніку дэвальвацыі беларускага рубля цэны на нафтапрадукты ў доларавым эквіваленце знізіліся на 25 %», – тлумачыць павышэнне коштаў на паліва «Белнафтахім».

Канцэрн ужо некалькі месяцаў шукае альтэрнатыўных Расеі пастаўшчыкоў нафты. Летась Беларусь аднавіла пастаўкі з Азербайджану, сёлета – пачала транспартаваць з Ірану.

«Павышэнне коштаў на нафтапрадукты жыццёва неабходнае для НПЗ. Варта разумець, што рэзкага росту не адбудзецца, змяненне цэнаў будзе паэтапным і паступовым», – абяцае «Белнафтахім».

Паводле канцэрну, каб нафта была танная і якаснай, патрэбная мадэрнізацыя вытворчасці. Сёлета канцэрн плануе выдаткаваць на інвестыцыйныя праекты беларускай нафтаперапрацоўкі $ 400 млн.

ДД

Стужка навінаў