Ілан Маск запусціў рэвалюцыйную ракету разам з уласнай Tesla


Пры паспяховым запуску Falcon Heavy кампанія SpaceX зможа наладзіць транспарт грузаў і людзей на чырвоную планету.

6 лютага паміж 21:30 і 00:30 паводле менскага часу з касмадрому касмічнага цэнтру імя Кенэдзі ў Фларыдзе ўзляціць ракета Falcon Heavy з грузам у выглядзе капсулы, у якой знаходзіцца Tesla Roadster чырвонага колеру – асабісты аўтамабіль Ілана Маска, заснавальніка SpaceX і Tesla. (Пры тэхнічных праблемах падчас запуску SpaceX паўторыць спробу роўна праз суткі.)

За рулём аўта будзе сядзець манекен, апрануты ў скафандр SpaceX.

Неўзабаве пасля старту два разгонных блока з трох аддзеляцца ад ракеты і вернуцца на касмадром.

Трэці разгонны блок выведзе аўтамабіль на шлях да геліяцэнтрычнай арбіты вакол Сонца, якая выкарыстоўваецца для падарожжаў у напрамку Марса. Гэты разгонны блок таксама вернецца на Зямлю – ён прызямліцца на марскую платформу.

Кабрыялет Маска будзе падарожнічаць у космасе сам па сабе. У стэрэасістэме аўта будзе гучаць песня Дэвіда Боўі Space Oddity.

Як гэта будзе выглядаць, можна паглядзець у анімацыі, якую падрыхтавала SpaceX.

Чаму менавіта сёння

Акно для запуску на гэтую траекторыю адкрываецца раз на два гады. Менавіта такая арбіта дазваляе найбольш эфектыўна расходаваць паліва для палётаў да Марса.

Летась кампанія Ілона Маска зрабіла больш паспяховых запускаў, чымся любая іншая прыватная або дзяржаўная кампанія ў свеце.

У выпадку паспяховага запуску SpaceX стане галоўнай касмічнай кампаніяй у свеце. Праз 4 гады SpaceX паспрабуе даставіць на Марс першы груз. У 2024-м Ілан Маск плануе адправіць на Марс людзей.

ДД

Стужка навінаў