Сёння з тайскай пячоры плануюць выратаваць яшчэ 5 чалавек


Аперацыя па выратаванню дзяцей і іх трэнера па футболе з затопленай пячоры ў Тайландзе перайшла ў апошнюю трэцюю стадыю. Абцяжарвае працэс дрэннае надвор’е. На дадзены момант выратаваныя 8 дзяцей. Яшчэ чацвёра і адзін дарослы застаюцца ўнутры.

Стан здароўя выратаваных хлопцаў не выклікае асцярогі ў медыкаў. У іх добры апетыт, ім даюць лёгказасвойную ежу. Некаторыя ўжо нават прасілі тосты з шакаладнай пастай, перадае Reuters са спасылкай на міністра аховы здароўя Тайланда.

У двух хлопцаў падазравалі інфекцыю лёгкіх, але рэшта ўжо ўстае з ложкаў. Дзеці застануцца ў каранціне яшчэ тыдзень.

Напрыканцы чэрвеня група падлеткаў 11-16 гадоў і іх 25-гадовы трэнер па футболе зніклі ў пячорным комплексе Кхао Луанг, куды яны адправіліся на экскурсію. Праз праліўныя дажджы пячора пачала запаўняцца вадою, і група сышла ўглыб на чатыры кіламетры, апынуўшыся адрэзанай ад уваходу.

Пошукі зніклай футбольнай каманды працягваліся 10 дзён. У панядзелак 2 ліпеня падлеткаў выявілі брытанскія дайверы. 8 ліпеня пачалася выратавальная аперацыя. За два дні ратавальнікі змаглі падняць на паверхню 8 дзяцей.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў