Сёння вынесуць прысуд у справе абразы мемарыялу ў Аўшвіцы. На лаве падсудных – беларусы


Прысуд абвесцяць а 15:00 па менскім часе. Пракурор запатрабаваў для беларусаў Мікіты В. і Адама Б., двух галоўных абвінавачаных, турэмнае заключэнне, а для іншых дзесяці ўдзельнікаў абмежаванне волі альбо штраф.

Інцыдэнт здарыўся ў сакавіку летась. Пяць беларусаў, шэсць палякаў і немец распрануліся на тэрыторыі музейнага комплексу «Аўшвіц», на надпісы на варотах «Праца робіць свабодным» закрылі слова «Arbeit» расцяжкай са словам «Love», запусцілі некалькі петардаў і вусна прызналіся ў любові да розных краінаў свету.

Адам Б. пятнаццаццю ўдарамі ў сэрца забіў авечку. Паводле арганізатараў, гэта быў антываенны пратэст.

За апаганьванне месца памяці ўдзельнікам акцыі пагражаюць штрафы альбо грамадскія працы. Адама Б. і Мікіту В. абвінавачваюць таксама ў забойстве жывёліны. Ім пагражае адпаведна 2 гады і 6 месяцаў і 2 гады і 2 месяцы турэмнага зняволення. Хлопцаў таксама можа чакаць 5-гадовая забарона на прафесію і дэпартацыя.

Як падкрэсліў на адным з паседжанняў намеснік раённага пракурора ў Асвенціме Марыюш Сломка, мемарыял Аўшвіц з’яўляецца сімвалам нацысцкай жорсткасці і вынішчэння мільёнаў людзей.

«У ніякім выпадку ў ім нельга распранацца альбо забіваць жывёлу. Гэта помнік, сімвал пакутніцтва, магіла тысяч людзей. У такім месцы, такія дзеянні абвінавачаны, вядома, абразілі памяць людзей, якія загінулі тут. (…) Такія падзеі не могуць паўтарацца. У грамадстве павінна сфармавацца перакананне, што мы рэагавалі хутка, правільна і жорстка», – заявіў Марыюш Сломка.

Адам Б. і Мікіта В не лічаць, што апаганілі месца памяці, але выказалі шкадаванне з нагоды забойства жывёлы.

Разгляд справы ў раённым судзе Асвенціма цягнуўся ад кастрычніка мінулага года. З апошнім словам удзельнікі акцыі выступілі 8 студзеня. Абвінавачаных 12 – ва ўзросце ад 18 да 40 гадоў.

Неўзабаве пасля інцыдэнту музей у Аўшвіц выступіў з заявай, у якой падкрэслівалася, што выкарыстанне знакаў былога канцэнтрацыйнага нямецкага лагеру ў любой праяве з’яўляецца ганебным і апаганьвае памяць ахвяраў лагеру.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў