Гедройц – 2019. Лепшая кніга – «Libido» Iллі Сiна


25 верасня ў прасторы ZAL#2 менскага Палацу мастацтваў адбылося ўручэнне літаратурнай Прэміі імя Ежы Гедройца.

Найлепшай кнігай 2019-га стала «Libido» Iллі Сiна. Пісьменнік атрымаў грашовую ўзнагароду – Br 14 000.

Ілля Сін нарадзіўся ў 1978 годзе ў Менску. Сапраўднае прозвішча Свірын. Удзельнік руху «Бум-бам-літ». Аўтар кніг «Ільля Сін памёр», «0», «Сапсаваныя лялькі».

Ілля Сін. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца.
Фота: Ірына Арахоўская

Прыз за ІІ месца ад Саюзу беларускіх пісьменнікаў – творчы адпачынак у Балтыйскім цэнтры пісьменнікаў і перакладчыкаў на востраве Готланд (Швецыя) атрымаў Міхал Андрасюк за кнігу «Поўня».

Мiхаiл Андрасюк.
Фота: Ірына Арахоўская

ІІІ месца – Алена Брава за кнігу «Садомская яблыня». Беларуская служба Радыё Свабода выпусціць аўдыёверсію ейнай кнігі.

Алена Брава.
Фота: Ірына Арахоўская

Падчас цырымоніі ўпершыню ўручылі ўзнагароду (тэлефон iPhone XR) у намінацыі «Выбар Алексіевіч». Яго ўладальнікам стаў Сяргей Календа.

Сяргей Календа.
Фота: Ірына Арахоўская

У кароткім спісе прэтэндэнтаў былі:

  • Міхал Андрасюк. Поўня
  • Алена Брава. Садомская яблыня
  • Сяргей Календа. Часам панкі паміраюць
  • Ілля Сін. Libido
  • Юлія Шарова. Вяртанне Ліліт
  • Сяргей Шупа. Падарожжа ў БНР
Падзяка Польскаму інстытуту за шматгадовую плённую супрацу i падтрымку.
Фота: Ірына Арахоўская
Уручэнне літаратурнай Прэміі імя Ежы Гедройца – 2019.
Фота: Ірына Арахоўская

Адна з арганізатарак конкурсу, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра Таццяна Нядбай у каментары belsat.eu адзначыла важнасць таго, што ў кароткі спіс патрапілі сярод іншых тыя аўтары, якія раней у ім не былі.

«І гэта вельмі здорава, што ёсць новыя імёны ў кароткім спісе. Кароткі спіс – гэта ўжо фактычна лепшае, што было выдадзенае ў беларускай літаратуры летась у прозе», – заявіла суразмоўца.

Журы прэмii Гедройца.
Фота: Ірына Арахоўская

Паводле яе, арганізатары сёлета правядуць дыскусію пра самога Ежы Гедройца і ягоную дактрыну прымірэння краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Пра яе актуальнасць у сённяшнім свеце.

«Праблема ў тым, што людзі ведаюць, што ёсць прэмія Гедройца, але большасць з іх мала ведаюць пра самога Гедройца. Мы вырашылі актуалізаваць гэтае імя ў нашай прасторы і паразмаўляць пра тое, чым гэта можа быць цікава і актуальна сёння», – расказала Таццяна Нядбай.

У дыскусіі пра ролю рэдактара легендарнага часопіса «Культура» і ягоны ўплыў на сучасную культуру і палітычную думку возьмуць удзел першы намеснік амбасадара Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі, журналістка Марыя Пшэломец, празаік, паэт, філосаф, куратар «Беларускага Калегіюму», лаўрэат Прэміі Ежы Гедройца Ігар Бабкоў, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра Таццяна Нядбай, галоўны рэдактар часопіса «Дзеяслоў», старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч. Мадэратар дыскусіі — Андрэй Хадановіч.

Узнагарода мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай прэміі Беларусі. Папярэднія пераможцы: Павал Касцюкевіч, «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012), Уладзімір Някляеў, «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» (2013), Ігар Бабкоў, «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014), Віктар Казько, «Час збіраць косці» (2015), Макс Шчур, «Завяршыць гештальт» (2016), Зміцер Бартосік, «Быў у пана верабейка гаварушчы» (2017), Уладзімір Арлоў, «Танцы над горадам» (2018).

Пачатак цырымоніі – а 19:00. Дыскусія з удзелам польскіх і беларускіх інтэлектуалаў «Культура як геапалітыка: вектары спадчыны Ежы Гедройца» пачнецца а 16:00. Уваход вольны.

  • Прэмія імя Ежы Гедройца заснаваная Беларускім ПЭН-Цэнтрам, Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Польскім Інстытутам у Менску і ўручаецца за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакументальнай прозы.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў